— Гэта пяюць нашыя старцы, — сказаў ён спакойна.
— Як! Дык хіба ж гэты падзямеллі заселены людзьмі? — здзівіўся я.
— Так. Жыццё ў гэтых падзямеллях ідзе старое, даўняе. Вам жа хіба прыходзілася чуваць ад народа дый чытаць у так званай этнаграфічнай літаратуры аб праваліўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хіба ж вы не чулі аб невідомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другі такі горад, што каля Гомеля, апісаў расейскі пісьменнік пад найменнем Кіцежа. На землях, якія ў апошнія часы ў дакрывіцкую эпоху засялялі готы, гэткія гарады існуюць…
Я здзіўлена ўзіраўся на Івана Іванавіча і сам не ведаў, што аб усім гэтым судзіць, гэтак было ўсё, чутае і бачанае, незвычайным для майго разумення, што я павёў рукой сабе па абліччы, каб пераканацца, ці ўсё гэта не галюцынацыя, не сон… Але чоў мой мяне не ашукваў…
Іван Іванавіч пры гэтым устаў і, адчыніўшы дзверы ў сцяне, павёў мяне доўгім і шырокім праходам, аж урэшце мы апынуліся ў вялікай і светлай салі. Не было там ні свечак, ні лямпаў, святло як быццам само сабой стаяла ў салі. Сцены былі запоўнены ўсякімі кнігамі і звіткамі рукапісаў. Падышоўшы да адной з паліц, Іван Іванавіч зняў пергамінны рукапіс, кажучы:
— Во гэта сведчанне падарожнага, які бываў у нашым краю за некалькі сот лет да арабскага пісьменніка Масудзі, які яго сведчанне асобным раздзелам (Маруджа, 62) са старых кніг упісаў у свае кнігі. Тут мова аб гарадах і святынях славянскіх. Руін гэтых гарадоў і святынь цяперашняя археалогія не знаходзіць на зямельнай паверхні, бо яны дзіўнай умеласцю старабытных нашых інжынераў апушчаны ў глыб зямлі, як вось і гэта наша святыня, у часці будынкаў якой мы цяпер з вамі знаходзімся. У гэтай кнізе вось што аб ёй напісана:
«З гэтых святынь адна пабудавана на гары, гэта дзіва свету, а як кажуць знаўцы, прыклад архітэктуры і распарадкавання разнаякага камення, ужытага да гэтай будоўлі. Сабраны там дарагія каменні невыказанай цэннасці, а такжа знакі, паказуючыя будучыню».
— Усё, што тут напісана, — шчырая праўда! — казаў Іван Іванавіч, складаючы кнігу. — Цяпер жа я пайду на момант да нашых старцаў, а Вы агледзьце радчайшую ў свеце бібліятэку.
— Прашу вас, скажыце, хто гэта такія старцы і як яны жывуць тут?
— Гляньце на гэту салю, — сказаў Іван Іванавіч, — вы тут не ўбачыце нідзе ніякіх прылад да асвятлення, а ў салі светла і цёпла. Гэта таму, што сцены гэтай салі пакрыты элементам, падобным да радыю, з якога пабудована сонца. Пад гэтым святлом і расціны і людзі могуць жыць без ушчэрбку для свайго здароўя. Гэты элемент тут ужыты як маса да тынкавання сцен, акром святла і цяпла мае яшчэ і другія дзействы: хто знаходзіцца заўсёды пад уплывам яго святла, не падлягае старасці, якая паходзіць ад звапнення кроваточных начынняў у людскім арганізме. Пад уплывам гэтага святла вапна не можа ў арганізме зацвердзяваць, а дзеля гэтага чалавек застаецца назаўсёды ў адным веку, а як вынік гэтага — не падлягае смерці. Мы з вамі цяпер знаходзімся на глыбіні каля тысячы метраў ад паверхні зямлі, і аднак жа вы аддыхаеце лёгкім паветрам, гэта таму, што элемент гэты, які завецца гетынам, мае ўласнасць паглынаючую лішкі кіслых газаў. Вось жа старыя вучоныя, сышоўшы з поля дзікага змагання на зямлі, жывуць тут, працуючы над навукай і ўмеласцямі ў сваіх абшырных і добра абстаўленых бібліятэках і лабараторыях. Працуюць, чакаючы часу, калі ім прыйдзецца ізноў выйсці да свайго народа. Адным з важнейшых адкрыццяў, якія імі тут зроблены, ёсць крывін, пры помачы якога кожную рэч можна разлажыць на першапачатковыя высхады і з першапачатковых высхадаў злажыць любую рэч. Прыкладам: з высхадаў паветра і вады можна вытварыць камень, золата, хлеб, тлушч і, наадварот, кожную рэч можна перамяніць у другую. Прыкладам, той жа бруковы камень можна змяніць у хлеб ці золата, у паветра ці любога смаку сталовае масла. Бо першапачаткавы высхад ва ўсім ёсць адзін і той жа, залежыць толькі ад таго, які надаецца кірунак руху яго праатамам. Гэтае вялікай вагі адкрыццё, зробленае нашымі старцамі, развяжа на зямлі сацыяльнае пытанне… Пытанне пракорму людзей.
У гэты момант недзе здалёк пачуўся званок, і Іван Іванавіч, падаўшы мне на развітанне руку, выйшаў у праход, які пачынаўся з левай стараны салі, сказаўшы:
— Вам, аматару кніг, думаю, маркотна тут не будзе.
Я, не трацячы часу, стаў разглядаць кнігі. Аддзел бібліятэкі, у якім я знаходзіўся, складаўся з помнікаў старасвецкіх арабскіх, грэцкіх, індускіх і эгіпецкіх пісьменнікаў. Аграмадныя фаліянты, пісаныя на пергаміне і шоўкавых тканінах, залягалі ўсе сцены: унізе, каля сцен, у дубовых, абіваных сярэбранай бляхай скрынях разложаны былі звіткі, пісаныя на розных мовах. З плану бібліятэкі, які быў выабражаны на мармурнай дошцы сярод салі, відаць было, што аддзел славянскіх кніг знаходзіўся ў трэцяй салі, ідучы налева. Я паспяшыў туды.