У гэты момант нейкі лёгкі быццам звон угары звярнуў маю ўвагу. Я падняў галаву і ўбачыў, што са сцяны выступае масіўны каменны блок, у кшталце стала, з глыбокімі ўнізе выемкамі. На стале быў расстаўлены цэлы рад жоўтага металу стылёвых міс, а на іх разложаны свежыя фрукты і закускі, пасярод жа красавалася бутэлька са «Старкай». Падышоўшы да стала, я ўбачыў картку, пісаную рукою Івана Іванавіча, гэткага зместу: «Паважаны Дружа. Усё, што знойдзеце на гэтым стале, толькі што прыгатавана пры помачы высхаду крывін. Спрабуйце, ці годна да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч».
Я сеў пры стале і ў часе яды пераканаўся, што пададзеная закуска вызначалася вялікім кулінарным мастацтвам. Пячэння была гарачая і сочная, з прыемным водарам дымляніны; фрукты мелі дзіўную свежасць; «Старка» цягнулася з бутэлькі, як аліва, і разыходзілася па арганізме хвалямі прыемнага цяпла.
Перакусіўшы, я скіраваўся ў славянскі аддзел бібліятэкі. Багацце, якое я тут убачыў у звітках і фаліянтах, прост не паддаецца апісанню. Тут я бачыў не толькі фаліянт полацкай летапісі, пісанай рукой княжны Еўфрасініі, але і летапісы шмат ранейшых перыядаў існавання нашага народа. Убачыў сабранне навукі Зямельчыца, якое складалася з чатырох кніг, разбітых кожная на семдзесят два раздзелы. На змест кнігі злажыліся: маральнае права, цывільнае і дзяржаўнае права, гісторыя народа і анталогія лепшых тагачасных літаратурных твораў. Цэлы аддзел бібліятэкі складаўся з кніг, пісаных глаголіцай, якая, як я тут пераканаўся, была шмат старэйшай бадай на добрую паўтысячу лет славянскай граматай, знакі якой развіліся з славянскіх герогліфаў. Старанна апрацаваныя табліцы развіцця пісьменных славянскіх знакаў паказвалі не толькі перамены ў формах знакаў, але давалі адначасна і храналагічныя даныя, з якіх відаць было, што пачаткі пісьменнасці славянскай трэба аднесці на канец чацвёртага тысячалецця перад нашай эрай. Цікава было слядзіць па гэных табліцах, як з людской фігуры (рысаванай у герогліфах поўнасцю) вытварыўся знак «аз» — «я», нашае цяперашняе вялікае «А», у каторым з людской постаці засталіся ўнізе толькі дзве палкі, а ў папярэчцы памяць аб рысаваным калісь паясе. Як цвёрда трымаўся цэлыя тысячалецці знак змяі і дахаваўся да нашых часоў у славянскай літары «зело», а такжа знак жука ў літары — «ж», які сягоння яшчэ напамінае сабой кузурку.
У аддзеле архітэктуры бачыў я дзіўнай прыгожасці стылёвыя будоўлі так званага гецкага стылю. У аддзеле пісьменнасці хрысціянскіх часоў з асаблівай пашанай перахоўваліся тут рукапісы першых хрысціянскіх апосталаў Кірылы і Мяфодзія, аб якіх трэба, аднак, на аснове пачэрпнутых мною ў бібліятэцы даных сказаць, што хоць яны сапраўды пераклалі Святое пісьмо на славянскую мову, але ў пісьменнасці славянскай, так званымі кірылаўскімі літарамі, на добрыя чатыры сталецці іх папярэдзілі розныя хрысціянскія сектанты, а перадусім маніхейцы, паўлікіянцы і мэсальянцы. Усе гэтыя сектанты пісалі грэцкімі літарамі па-славянску, дапасоўваючы іх да славянскай мовы. І пераклад кананічных кніг на славянскую мову папярэдзілі розныя сказанні, як, прыкладам:: «Сказанне аб Адаме», «Кнігі Эноха справядлівага», «Сказанне аб Ламэху і Мэльхіседэху», «Запаветы дванаццаці патрыярхаў», «Пасланне Абраама да Хрыста», «Евангелле Хамы», «Евангелле Нікадымава» і шмат іншых.
Урэшце, змучаны пераглядам кніг, я надумаў абысці бібліятэку, і з гэтай мэтай выйшаў у другую салю, а з другой у трэцюю і гэтак далей. Прайшоўшы дзесяткі два саль, напоўненых кнігамі, я апынуўся перад глыбокай нішай, у якой была памешчана фігура чалавечая з бліскучымі вачыма. У меру збліжэння да яе, вочы фігуры штораз ярчэй свяцілі, прычым чулася ў іх нейкая прыцягальная сіла. Калі я быў на адлегласці метраў дзесяць ад фігуры, я ўжо не меў сілы стрымаць сябе, нешта незразумелае, непаборнае цягнула наперад, і высілкам усёй волі я не мог спыніць сябе, каб не ісці далей. Фігура была з жоўтага металу, утрая большая ад натуральнага чалавечага ўзросту. Ад сіняватага бляску святла вачэй фігуры, які быў скіраваны прост ў мае вочы, я чуў, як цела маё млела. У гэты момант фігура правай рукой ударыла тры разы ў шчыт, які быў у яе на левай руцэ. Аглушаючы патройны гук дарэшты спаралізаваў мяне, і я страціў прытомнасць.