Выбрать главу

Калі я адкрыў вочы, то ўбачыў, што ляжу ў гатэлі на сваёй пасцелі ў адзежы. Праз вакно ярка свяціла сонца і двума агністымі стаўпамі клалася на памост перад маім ложкам.

У гэты момант нехта пастукаў у дзверы.

— Але! Прашу! — сказаў я.

Адчыніліся дзверы, і я ўбачыў на парозе Падземнага чалавека. Ён падышоў да мяне і, паздароўваўшыся, сеў пры ложку. Глянуўшы на яго, я ўбачыў шырокую блізну на левай шчацэ, ад вуха да падбародка. Мне зразу ўспомнілася падзямелле, і я ўскочыў з ложка. Стары глядзеў нейкім цвёрдым сталёвым поглядам мне ў вочы. Гэты яго погляд наводзіў на мяне нейкі забабонны страх, і я зноў сеў на ложку.

Стары моўчкі пачаў капацца ў падысподным кішэні сваёй спанцэркі і па нейкім часе выняў адтуль даволі пакомканы канверт, падаючы які мне, сказаў:

— Гэта вось вам цэдулка ад Івана Іванавіча.

Я паспешна схапіў канверт і, раздзёршы яго, дабыў запіску, у якой было напісана:

«Паважаны Дружа, заўтра мае імяніны, а сягоння вечарам свята Купалле. Загляньце вечарком, пагаворым ізноў аб мілай старасвеччыне. Стол я прыгатаваў паводле сваіх рэцэптаў. Спрабуеце, ці годная мая кулінарыя да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч.

Полацак, 23 чэрвеня».

Я хутка глянуў на сцяну, две вісеў адрыўны каляндар, там віднелася дата 20 чэрвеня.

Гэта быў дзень, калі я прыехаў у Полацак і вечарам гасціў у Івана Іванавіча.

— Якая сягоння дата? — спытаў я ў Падземнага чалавека.

— А якая ж, то ж ведама — 23 чэрвеня, — адказаў ён, пасміхаючыся.

— А калі я ў вас быў?

— То ж вы заўчора былі ў нас, у аўторак, а сягоння мы маем, дзякаваць Богу, чацвер, заўтра будзе пятніца, святога Яна.

Голас Падземнага чалавека здаўся мне нейкім скрыпучым, уплываючым на нервы, як пілаванне па зялезу.

Мяне агарнуў ізноў забабонны страх, і я пастараўся чым хутчэй пазбыцца гасця. На адходным, замест звыклых слоў пры развітанні, ён сказаў:

— Мы яшчэ ўбачымся.

Застаўшыся адзін, я прыпамінаў абраз па абразе ўсё мной бачанае ад часу павароту дамоў з гасціны ад Івана Іванавіча.

Не, я не сніў. Думаў, перадумваў і ўзноў прыходзіў да пераканання, што ўсё гэта было наяве, усё гэта было рэальнасцю. «Можа, я пераблытаў даты», — глянуў я і, каб пераканацца, выняў з кішэні запісную кніжку. Так, праўда: выехаў я з Вільні вечарам 19 чэрвеня, раніцай дваццатага быў у Полацку. Я пазваніў.

Калі прыйшоў нумарны, я спытаўся ў яго, якая сягоння дата?

Перш чым адказаць на пытанне, ён хутка загаварыў:

— Добра, што вы, панічу, вярнуліся, а то ўчора прынеслі вам тэлеграму, а як вас не было, то я не ведаў, што рабіць з ёю. Дата ж, панічыку, сягоння дваццаць трэцяе. Але дзе гэта вы, паніч, бавілі так доўга? Як мне сказалі, што вы выехалі ў госці, то я, прызнацца, і не прыбіраў, — і ён заклапаціўся каля ўмывальніка.

— Хто табе сказаў, што я выехаў у госці? — спытаўся я парывіста.

— Ды ж во гэты самы, што быў цяпер у вас, панічыку, Падземнік, як яго ў нас называюць.

А пасля ён спахапіўся і борзда пабег па тэлеграму.

Тэлеграма была з дому:

«Прыязджай назад першым поездам, важныя справы», — пісалася ў тэлеграме. Я крэпка занепакоіўся, бо, выязджаючы, ніякіх «важных справаў» не правідзелася. Што там? Хвароба? Няшчасце? Чаму не сказана, якія там справы?

І, гэтак раздумваючы, я пачаў складаць свае рэчы. Пасля сеў і адпісаў Івану Іванавічу на яго запросіны, што з прычыны клічучай дамоў тэлеграмы не буду ў яго на імянінах, і, пажадаўшы яму ўсяго лепшага, закончыў лісток.

Таго ж дня, позным вечарам, быў я ўжо дома. Аказалася, ніякіх важных спраў дома не было і ніхто з дамовых мне тэлеграмы не высылаў. Хоць на белягу выразна было памечана: «Выслана з Вільні, прынята ў Полацку».

У ранічнай газеце 24 чэрвеня я прачытаў тэлеграму з Полацка гэткага зместу: «Учора, 23 чэрвеня, вечарам, памёр мясцовы полацкі археалог і гісторык Іван Іванавіч».

[1923]