Выбрать главу

Начаваць Фелікс пайшоў у флігель, вызваліўшы для мяне і Лі-Лі мансарду. Лі-Лі звыкла па пакручастай лесвіцы паднялася, не трымаючыся за поручань...

— Ведаеш, як я нявіннасць страціла? — знячэўку надумала расказаць, толькі мы ў ложак леглі, Лі-Лі. Ніяк не адказваючы на мае ласкі, яна і не працівілася, проста адсутнічала ў ласках. — У дзесятым класе дырэктар школы да сябе завёў. Маленькі такі, жыватасценькі. Я падумала: пара, школа канчаецца. Аднакласніцы ўсе даўно ператрахаліся, але ж не з дырэктарам... Таму пайшла, калі павёў. Папрасіла цыгарэту і, пакуль ён стараўся на мне, ляжала і паліла. Калі ўсё скончылася, адной цыгарэты хапіла, затушыла бычок аб дырэктара. У яго лысіна круглела на макаўцы — як попельніца. Ой і ўзвыў... Я дала сабе слова не паліць больш ніколі. І, бачыш, не палю...

Я гатовы быў аб яе бычок затушыць. Але не паліў.

— Ты згубіла мяне, Лі-Лі?.. Страціла?

— Калі ты расказваў, як страціў нявіннасць, ты мяне губляў?

— Ты сама расказаць прасіла!

— І сама расказаць захацела. Што з табой?

— Дзе ты была ўсе гэтыя дні?

— Ты пытаешся: з кім?..

— З кім?

Лі-Лі рэзка прыўстала.

— З дэпутатам! З дзяржсакратаром! З прэзідэнтам!

— Бычкі аб лысіну тушыла?

— Яны не ўсе лысыя!

— Лі-Лі!..

Я ўдарыў яе. З размаху па шчацэ.

Яна нібы чакала гэтага. Не здзівілася, не спалохалася, не ўскрыўдавала. Пацёрла шчаку і адвярнулася:

— Давай спаць.

Ад яе ашалець можна было.

— Як спаць?..

— Як усе. Ты хіба, як усе, спаць не ўмееш?

І ўсё разумей, як хочаш... Я павярнуў яе, яна сціскала твар абедзьвюма далонямі. Не плакала, але туманок у вачах плыў каштанава-вільготны.

— Ты ўжо не са мной, Лі-Лі?

— Я з табой. Дапамагаю...

— Каму?

Яна маўчала.

— Каму? Феліксу?

— І яму...

— І каму яшчэ?

— Сабе. Шоу раблю, хіба не ведаеш?

— Ведаю. І не разумею, чаму без мяне?..

Лі-Лі крутнулася на калені і замахала нада мной рукамі:

— Бо гэта маё шоу! Маё, а не тваё! І ўсё сваё я раблю і буду рабіць сама!

Я злавіў яе за рукі, прыцягнуў, прыціснуў плаўна-імклівае цела...

— Сама, сама... Знайдзі мяне, Лі-Лі...

Лі-Лі ўздыхнула і пачала мяне ціха-ціха, як не хочачы, шукаць... Грудзямі, жыватом, лабком... Не дашукаўшы, абмякла раптам і ціха-ціха на мне заснула. Так даверліва, што я ляжаў, баючыся зварухнуцца.

Рана-рана яна пабудзіла мяне і дала два запрашальныя білеты на шоу...

— Другі для каго?

— Для каго хочаш. Ці для Крабіча... Спі, я пабегла.

Яна пабегла... а перад тым, калі білеты мне давала, сумку з рук выпусціла, білеты — у канвертах — у сумцы былі і разам з усім, што ў сумцы было, выпалі, разляцеліся, і адзін канверт — не такі, як астатнія, меншы — за халат, які Амедава жонка для басейна прынесла, заляцеў, і Лі-Лі, зграбаючы ўсё ў сумку, за халатам яго не заўважыла, я і сам бы не заўважыў, каб не падумаў: не выйшла палятаць — чаму б не паплаваць?.. і падумаў, канверт той заўважыўшы, што ў тым канверце таксама білеты для некага, а ў ім — для мяне — я на фотаздымку ў абдымку з Феліксам.

На тым самым фотаздымку... у тых самых абдымках... з тым самым Феліксам...

Лі-Лі ўсіх запрасіла: Ніну, Марту з немцам, Камілу, Роберта, Зою з Максімам Аркадзьевічам, Росціка, Крабіча, Амеда з сям’ёй, Зіначку і Аліка, бамжоў... Усю нашу слаўную кампанію, апроч Дартаньяна з Максімам.

— Хэй, Марта! Як ты?

— Нармальна. А ты?

— Нармальна. Ты як, Роберт?

— Нармальна. Лі-Лі супер, праўда?

— Праўда. Як ты, Каміла?

— У мамы спытай.

— Пра што ў мяне пытацца? Я не так апранулася?..

— Ты найлепшая, — пацалаваўся з Нінай Росцік. — Правільна, што з ім развялася.

Росцік, які сам сябе на работу з бальніцы выпісаў, яго ў санаторый выпраўлялі далечвацца, з’явіўся пакрыўджаным і на мяне, і на Лі-Лі. На Лі-Лі — бо сваё шоу яна немаведама з кім, а не з намі зрабіла, на мяне — бо я для канцэрта пад выбары Красевіча пальцам не зварухнуў. З Красевічам і крыўдай Росцік і падышоў.

Я сказаў ім, што пра ўсё з Лі-Лі дамовіўся. Мы бярэм яе праграму, толькі партрэты мяняем, і пагналі — што яшчэ выдумляць?..

— О..! — узняў палец Красевіч, гледзячы на партрэт над сцэнай, а Росцік прамармытаў:

— Ты гэта на базары ў Бабруйску прадай...

Двое з нашай слаўнай кампаніі, Максім Аркадзьевіч і Алік, са мной наогул не размаўлялі. Хоць Аліку я ключы ад кватэры Рутнянскіх аддаў. Нібыта для таго, каб ён Дартаньяна выгульваў. Крабіч хацеў месцамі з Алікам памяняцца, каб з Зіначкай сесці, Алік ні ў якую...

— Што за шэршань? — спытаў Крабіч. — Замалы для Зіны.

Бацька мёртвых, бач ты, знайшоўся.