Выбрать главу

— Прэзідэнт Рэспублікі... — прагалёкаў знянацку, напалохаўшы залу, мардаварот ва ўваходных дзвярах, і па праходзе хутка, нібы гнаўся за ім нехта, прайшоў прэзідэнт. За ім ледзь паспявалі ахоўнікі і Шыгуцкі.

Зала ўстала, адзін Крабіч застаўся сядзець, а як толькі Эдзік Малей, які быў яшчэ і кампазітарам, жвавенька прабег да раяля і абвясціў: “Прэм’ера песні “Таварыш прэзідэнт!” — Крабіч падняўся і дэманстратыўна, тым жа праходам, па якім увайшоў прэзідэнт, падаўся вон. Шыгуцкі, прыабярнуўшыся, свідраваў ягоную спіну...

Эдзік Малей праспяваў сваю песню ў магільнай цішыні. Салаўём на полі бою, дзе загінулі героі. Такога эфекту ніхто не чакаў, міністр культуры ўціснуўся ў крэсла... І ўсе неадрыўна глядзелі на прэзідэнцкі партрэт...

Ён быў трынаццаты... На задніку сцэны — ва ўсю шырыню — стаялі яшчэ дванаццаць партрэтаў, жаночых. Копіі вядомых карцін, намаляваныя нібы на палавінках вокнаў ці дзвярэй. Палавінкі расхіналіся — і ў раме ўзнікала тая ж копія, толькі жывая: Лі-Лі ў вобразах і строях жанчын на карцінах. Для шоу ў Тэатры моды — не самая кепская прыдумка. Лі-Лі выходзіла з рамы, палавінкі зачыняліся — і ўсе не так слухалі песні, як параўноўвалі: наколькі Лі-Лі на тую карціну, з якой сыходзіла на сцэну, падобная...

Сярод копій розных карцін дзве былі аднолькавыя. Першая і апошняя. Гэта былі копіі адной-адзінай карціны, якая існавала для мяне ва ўсім жывапісе, пра якую я ўсё ведаў і ўсё расказаў Лі-Лі.

Як толькі яна сыйшла з гэтай карціны, я адчуў: нехта працягла, збоку на мяне глядзіць. Яшчэ не ўлавіўшы, хто, я ўжо здагадаўся: Марта.

Мы былі з канцэртамі ў Германіі. Не ў той, дзе Фелікс лекцыі чытаў, а ў той, дзе ў ціхім возеры ўтапілі Дзіна Рыда. У гэдээраўскай. Не перад бюргерамі за маркі, як хацелася б, выступалі, а ездзілі па гарнізонах, падымалі дух савецкіх войскаў. Каб partaigenosse Хонекэр мацней цалаваўся з partaigenosse Брэжневым. Я немку Марту ўзяў з сабой — дыхнуць паветрам гістарычнай радзімы. А там не прадыхнуць: канцэрт — п’янка, канцэрт — п’янка... Напіўшыся, вайскоўцы сакрэтныя жахі пачынаюць паказваць: фільмы пра “сатану”, ракету “СС—20”. Яна, “сатана”, ляціць нізка, па рэльефе — не збіць. “Мы тым немцам з амерыканцамі, бля!.. Тым немцам, не нашым...”

У Дрэздэне Марта не вытрывала: “Тут галерэя!”

Нам далі газік, савецкі джып, старлея за старшага машыны — паехалі. З прыгараду, дзе нас пасялілі ў доме Месершміта. Таго самага, які прыдумаў самалёт-знішчальнік свайго імя. На ягоным шырачэзным ложку пад Дрэздэнам, які ў час вайны нямецкія знішчальнікі не абаранілі ад ангельскіх бамбавозаў, мы з Мартай і ляталі... І яшчэ ў пустэльным пакоі, былым кабінеце ці былой гасцёўні — на більярдным стале з пацёрта-зялёным сукном.

Марта любіла жывапіс — і яе нервавала, раздражняла мая абсалютная жывапісная глухата. Ці слепата, як тут сказаць... У любым выпадку мяне трэба было лячыць.

“Ты ўяўляеш, што ўбачыш?.. Мадону!..Рафаэля!..” Марта чакала, што перад рафаэлявай Мадонай, пярлінаю з паўсотні шэдэўраў, якія, каб з самой сябе цешыцца, прыдумала Еўропа, мяне працяне — і я пранікну ў таямніцу фарбаў...

А галерэя аказалася зачыненай. І таблічка на дзвярах з непасрэднай нямецкай прастатой паведамляла, што зачынена еўрапейскае сховішча шэдэўраў на рамонт гэдээраўскай каналізацыі.

Гэтага дастаткова было, каб юная немка расплакалася. “Фройлен, толькі без слёз... — паспрабаваў разам са мной суцешыць Марту наш старшы машыны старлей, але яна не суцешвалася, хоць два гады ўжо была не фройлен, а фрау... — Айн мамент!” — сказаў тады старлей, узяў з газіка наша дарожнае піва, кансервы, некуды адбег — і вярнуўся з пажылым, падсівелым немцам, які правёў нас да службовага ўваходу. На ўваходзе немец, які па-руску размаўляў лепш за старлея, даў нам буклет з планам, па якім ісці далей да ўсіх шэдаўраў, і застаўся са старлеем піць піва, пакінуўшы мяне і Марту ўдваіх — адных на ўсю Дрэздэнскую галерэю...

Да пярліны галерэі веў даўжэзны калідор з анфіладамі, у адной з якіх Марта спынілася: “Падыдзі адзін, каб я не замінала”. Марта хацела, каб я спаткаўся з Мадонай сам-на-сам. Яна трымцела ўся, кулачкі на грудзях сціснула, шаптала нешта ўслед, як малілася...

Перад жанчынаю ў аблоках з дзіцём на руках прастаяў я з паўгадзіны... Прыкладна столькі, меркаваў, трэба прастаяць, каб Марта не кінула мяне, як дэбіла. Таму ўважліва ўзіраўся і ў Мадону, і ў Сына яе, і ў святога Сікста са святой Варварай... Але адзінае, што ўбачыў я на арыгінале еўрапейскага шэдэўра, гэта тое, чаго не разгледзець было на размытых нашых савецкіх рэпрадукцыях: у аблоках над Мадонай — тварыкі анёльчыкаў...

І ўсё.

Я вярнуўся да анфілады, у якой чакала Марта, дзе знясілена прысеў на аксамітавы зэдлік, нібы калені ў мяне падгіналіся ад толькі што перажытага катарсісу. Марта кіўнула — стрымана, але пераможна — і пайшла калідорам між анфіладамі. Божа мой, як яна ішла!.. Спіна яе, стрункай выцягнуўшыся, спявала, лёгкі пошум крылаў анёльскіх чуўся за ёю. І гэта мая, сама ў сабе прыхаваная, немачка?.. Тое акрыленае імгненне падарыла мне Марту, як нанава, і я ледзь не кляўся Бог ведае каму, што не згублю яе ні за што і ніколі, не дазволю сабе згубіць...