Выбрать главу

А шакаладніцу звалі Нандль. Імя амаль немагчымае, неверагоднае, як восьмая нота ў гаме, але так шакаладніцу звалі. Яе імя я дазнаўся, чытаючы пра Эцьена Ліатара, якому пазіравала Нандль для “Шакаладніцы”. Нандль Бальдауф — з прозвішчам наогул не прагаворыш. Камерыстка эрцгерцагіні пры двары каралевы Марыі Тэрэзіі.

Двор каралевы распуснічаў і баляваў... Камерыстка Нандль Бальдауф была ва ўсім лёгкай ведзьмай з выглядам анёла — і ніхто яе, як Папялушку, на баль не клікаў. Але яна прыдумала, як прынцэсай стаць, калі прынц пры двары туляецца. Праз партрэт Ліатара прываражыла прынца, як засведчылі сучаснікі.

Толькі што сучаснікі — хоць тыя, хоць нашы?.. Што яны засведчаць пра Лі-Лі, якая прыдумала, для чаго над сцэнай прэзідэнцкаму партрэту вісець?.. Партрэт, падвешаны на блоках, пад фінал шоу апусцілі — і Лі-Лі ў касцюме шакаладніцы падбегла да прэзідэнта з фламайстрам: “Надпішыце пажаданні!..” Той надпісаў і ўшчыкнуў Лі-Лі за бачок. Крыху ніжэй таліі. Ах ты, маўляў, гарэзніца... Народны прэзідэнт — зала захлынулася ў воплесках.

Сказаўшы нешта Шыгуцкаму, прэзідэнт пайшоў пад воплескі... Ягоны шчыпок за бачок стаўся найлепшым нумарам шоу.

Лі-Лі пырхнула за кулісы, следам шмыгнуў Шыгуцкі...

У буфеце, дзе накрылі некалькі столікаў, каб адзначыць прэм’еру, мы ўсёй нашай слаўнай кампаніяй сталі Лі-Лі чакаць.

Усе глядзелі неяк міма ўсіх...

— Феерверк, а не шоу!.. — апошнім далучыўся да кампаніі, прыцягнуўшы ахапак кветак, Амед. А Максім Аркадзьевіч сказаў:

— Феерверк кітайцы прыдумалі.

Марта падышла да мяне:

— Табе не шкада ўсё нашае раздаваць?..

Шакаладніца не была нашай. Марта, мусіць, забылася, што нашае ў кожнага з нас было сваім.

— Я тут не пры чым.

— Зусім?..

Марта не дапускала, што шоу рабілася зусім без мяне. Яно і праўда не зусім без мяне, калі з шакаладніцай...

— Не скакаць жа кардэбалету з Мадонай.

Ніна спытала:

— А чаму дзве шакаладніцы?

— Бо ў кожным з нас некага два і некага дзве, — незразумела прагаварыла Каміла, але Ніна нібы зразумела:

— А... Тады чаму ўсіх не па дзве?

— Асабліва ню магло быць болей, — падтрымаў яе Роберт. — Дарма Лі-Лі ў купальніку скапіравалася... Мадэльяні ў купальніках хіба маляваў?

— У купальніку — савецкі стыль.

Гэта нечакана пракінуў асіметрычны, а фікусалюб дадаў:

— І яшчэ з ручніком на плячы, каб відаць было, што ці ідзе купацца, ці купалася.

Яны не заўсёды былі бамжамі. Лічыліся некалі навуковымі супрацоўнікамі. І ў касцюмах, якія Амед ім купіў, выглядалі не горш за немца.

— Лі-Лі не савецкая.

Роберт не савецкую Лі-Лі хацеў не ў купальніку, а голай убачыць — хоць гэта цешыла. Бо на пару з Лі-Лі не савецкі Поль таксама амаль галяком па сцэне разгульваў.

— Сучасны стыль, — не прамаўчаў і маўклівы немец. — Можна ў Еўропе паказваць.

Росцік прабурчаў:

— Мы і глядзелі ў Еўропе... А то дзе?

Нешта ў яго з галавой сталася ад прабоіны Крабіча... Да таго ж Росцік не любіў немцаў, і быў раздражнёны, што Лі-Лі абыйшлася без нас... Да таго ж без нас і абыйсціся можа.

Немец нібы не пачуў Росціка.

— Толькі без партрэта прэзідэнта.

— Вы што! — расшырыла вочы Каміла. — Гэта ж самая фенька!..

— У нас старшыня калгаса двойчы Героя меў, яму помнік на сялібе паставілі, — не для мяне ўспомніў Алік. — Дзіўна так: ідзеш, а ён сам-жывы каля свайго помніка. І яшчэ кветкі ўскладае...

— Выдумляеш пра кветкі, — не паверыла Зіначка.

— Не... — пачырванеў Алік, бо пра кветкі, відаць, выдумляў.

— Аднак дзе ж наша гераіня? — схамянуўся нарэшце Максім Аркадзьевіч, якому б даўно пра гэта спытацца. І Зоя ўсміхнулася скрозь мяне:

— Так і кветкі завянуць.

— Мае не завянуць, — сказаў Амед. — Не галандскія.

Заўчора з новым пашпартам Амед выправіў Фелікса ў Кіеў. Той вырашыў выбірацца праз Украіну. Амед ледзьве ўламаў яго паехаць: Фелікс хацеў да ад’езда шоу Лі-Лі паглядзець. Загрыміравацца, бараду прыклеіць... Зусім ачмурэў. Лі-Лі стварае наўкол сябе зону ачмурэння.

Я пытаўся ў Лі-Лі пра Фелікса: “Як ты думаеш, чаму ён прыехаў?” — і Лі-Лі сказала: “Ты ўжо забыўся, што ёсць такая рэч, як прыстойнасць”.

Калі ёсць, дык дзе яна?.. Фелікс звёз?

Ужо ўсе ў нашай кампаніі, апроч дзяцей і Ніны, ніякавата разумелі, што чакаць няма каго і можна разыходзіцца, але не разыходзіліся... Ніна — святая душа, нашто толькі я з ёй развёўся? — паслала па Лі-Лі Камілу... Тая вярнулася з Полем.