Выбрать главу

— А дзе Лі-Лі? — спытаў Поль. — Я шукаю, шукаю...

Засранец.

— Давайце за Поля вып’ем, — прапанаваў Роберт. — Ты супер, Поль!

Выпілі за Поля... Той мне ўсміхнуўся, прыкрыўшыся пушыстымі вейкамі:

— Як вам ваша “My insomnia, my sleeplessness?..” Я ж казаў, што я не анёл, а д’ябал, а вы не верылі.

Дуэтам з Лі-Лі ў купальніку Поль праспяваў песню, падлізаную мной у Джагера, у касцюме д’ябла... У якога не бяссонніца, а проста ён ніколі не спіць. Зманьвае і спакушае... Агаляе ўсё, як ёсць.

Песня прайшла пад авацыі.

— Гэта не мая песня.

І я з нейкім педзікам малым яшчэ размаўляю...

— Твая лепшая, — пашкадаваў мяне Роберт.

— Лебядзіная, — не пашкадавала Каміла. — Лі-Лі пайшла, вахцёр сказаў. Так што ўсе вольныя.

— Як пайшла? — не зразумела Ніна. — А мы?..

Мы з Нінай сына хацелі... І калі б Каміла ў нас сынам, а не дачкой нарадзілася, дык усё было б інакш. Сын з Лі-Лі мяне б не пазнаёміў.

— А мы за Лі-Лі вып’ем!.. — паспрабаваў зрабіць выгляд, нібы нічога такога не сталася, Амед. І ўскінуў пад столь ахапак кветак. — Каб жыццё кветкамі засыпала!..

Засыпаныя кветкамі, выпілі за Лі-Лі без яе... Калі разыходзіліся, Зоя паглядзела на мяне пераможна.

— Пайшлі... — прапанаваў на вуліцы Росцік. — Крабіча можам паклікаць... Набярэмся ўтрох, як некалі.

— У цябе ж галава...

— Няма ў нас галоў, — сказаў Росцік. — Задніцы ў нас, за якія баімся.

Мы ўжо залезлі задніцамі ў таксі, калі падбег Амед:

— Раман Канстанцінавіч!..

Я вылез...

— Не сказаў раней, каб не збіваць з настрою... І Лі-Лі не казаць прасіла...

— Кажы, не саб’еш...

— Фелікс Андрэевіч прапаў.

Яшчэ і гэта да ўсяго.

— Ён жа ў Кіеў паехаў...

— Не даехаў. Тут я праводзіў, там мае людзі сустракаць прыйшлі, а яго няма ў вагоне. Па дарозе арыштавалі, думаю...

Ну а мне, лабуху, што думаць?.. Калі Лі-Лі не казаць прасіла і з Шыгуцкім з’ехала, а перад тым — у сумцы ў яе фотаздымак, на якім я ў абдымку з Феліксам...

XVIII.

Я трахаў Лі-Лі, паставіўшы ракам, мяне ў задніцу драў Патапейка, Патапейку — сябра ягоны Пятро Зіноўевіч, Пятра Зіноўевіча — Красевіч, Красевіча — падпалкоўнік Панок, падпалкоўніка Панка — Шыгуцкі... і ў гэтым трахальным карагодзе, стоячы адзін за адным, дралі адзін аднаго яшчэ сотні і сотні, тысячы і тысячы людзей... брат-міліцыянт і Росцік, бамжы і Амед, палатны доктар Іосіф Данілавіч і нябожчык Адам Захаравіч, Поль і Алік, Максім Аркадзьевіч і прафесар Румас, Фелікс і хто там яшчэ — не пазнаць, і колькі яшчэ — не злічыць... і ўсіх скрозь усіх, і мяне скрозь задніцы Шыгуцкага, Панка, Красевіча, Патапейкі, і Лі-Лі скрозь мяне трахаў прэзідэнт — гэткі ў яго быў ялдак! Мы ўсе былі нанізаныя на ім, як на шампуры, апошняя круцілася на канцы ягоным Лі-Лі, і невыносна патыхала сырым мясам з экскрэментамі, і дзеці Амеда бегалі, пасыпаючы ўсіх прыправамі: “Спецый, спецый трэба не шкадаваць!..”

“А ты думаў саслізнуць!.. — вочы закочваючы і бліскаючы бялкамі, крычаў прэзідэнт Феліксу. — Давай пасыпай яго, татарва! А то смярдзіць па-амерыканску!..”

Ён так кайфаваў, што мае ўсіх праз кожнага ў адну дзірку — у яго рот перакошваўся, і сліні цяклі ад кайфа...

Я прачнуўся, знудзіўшы ў ложак, захлёбваючыся ў ванітах...

“Ты што?!. — ускочыла побач нейкая жанчына, я не бачыў у цемры, якая, не ведаў, хто яна, дзе я з ёй?.. — п’янос! свіння! брыда! погань!..”

Яна запаліла святло, па ёй, зусім голай, сцякалі, слізка цягнуліся мае ваніты, яна страсала, скідвала іх на мяне, на ложак, нешта не ў ёй самой, а ў голасе яе, у мяне і ў п’янага абсалютны слых, здалося знаёмым, але адкуль?.. “Ды ўставай, скаціна!..”

Ухапіўшыся за прасціну, яна скуліла мяне з ложка, за валасы пацягнула ў прыбіральню, я поўз за ёй на карачках, даванітоўваў — і мяне ўсё яшчэ дралі, трахалі ў адстаўленую задніцу Шыгуцкі, Панок, Красевіч, Патапейка, скрозь іх усіх — прэзідэнт, і перада мной была нечая задніца, класная задніца, але не задніца Лі-Лі, тады чыя?..

“Адрыгайся!..”

Яна галавой сунула мяне ва ўнітаз, забралася ў ванну і пачала абмывацца. “Ты кампазітар бляцкі!.. Лабух засраны!..” Страўнік сутаргава выкідваў з мяне апошнія ваніты — ужо толькі слізь і жыжку...

“Ну што?.. У ванну лезь, казёл ябаны!..”

Казёл я ябаны... я ябаны казёл...

Калі заструменіўся душ, стала трохі лягчэй, але стаяць я не мог, сядзеў пад душам і нічога пра сябе не помніў, апроч таго, што я свіння, брыда, погань, лабух засраны і казёл ябаны...

Яна прыходзіла, набірала ў вядро вады, выносіла, вярталася, вылівала ва ўнітаз, набірала чыстай, паласкала анучу, вылівала і зноў набірала, прыходзіла і выходзіла — прыбірала... Маладая, узросту Лі-Лі. З радзімкамі на плячах... Я не ведаў, хто яна.