Выбрать главу

“Досыць! — прыйшла яна з маёй адзежай і закруціла краны. — Апранайся і выкідвайся!..”

Пакалочваючыся ў дрыжыках, я нацягнуў кашулю, порткі, выйшаў у незнаёмую кватэру, у чужую прыхожую... Нешта тут пра нешта нагадвала, але што пра што?

Ніяк не зашнуроўваліся туфлі... Яна, усё яшчэ голая, нецярпліва нагнулася і зашнуравала. Без шкарпэтак, якія сунула мне ў кішэнь кашулі, і яны смярдзелі пад нос.

“Пайшоў вон, гаўнюк!..”

За дзвярыма я сеў на лесвіцу... Паверхам ніжэй свяціла лямпачка — і я пазнаў пад’езд і дзверы, каля якіх сядзеў. Тыя тонкія, у якія вочка не ўрэзаць, за якімі жыў я з Мартай, па разводзе з Нінай кватэру разменьваючы і наймаючы пакой у жандара Шалея.

Я падняўся, пазваніў у дзверы... Не адчынялі.

“Ліля...”

“Я сказала: вон пайшоў!..”

Тры радзімкі на левым плячы...

“Можна кавы выпіць?..”

“Дапівай тое, што піў!..”

І дзве на правым... І муж, які яе замыкае... Гэтым разам, значыць, не замкнуў...

“Выбачай... Не бывала са мной такога...”

“Ага, я першая дачакалася! Згінь!..”

“Куды сярод ночы?..”

“Куды хочаш!..”

Не, гэта не тая Ліля, з якой нядаўна я ноч напралёт праз дзверы прагаварыў... Зусім не тая.

Бо тады была гульня, а зараз жыццё. Гуляць у жыццё весялей, чым жыць. І выглядае лепей, і не смярдзіць, як закарэлыя шкарпэткі пад носам.

Наўмысна засунула, сучка. У кожнай бабе — сучка. Ці дае, ці гаўкае.

Я паспрабаваў ламануць дзверы, сама ж тым разам прапаноўвала...

“Крык падыму!.. Ці ў міліцыю пазваніць?..”

“А пажар?..”

“Ты ўсё і затушыў, пажарнік!..”

Сказала, як яшчэ раз зачынілася, і наўрад ці адчыніць.

Але ж неяк я да яе заляцеў?.. Цераз балкон на чацвертым паверсе?..

Білі дрыжыкі. Пакалочваючыся, я спусціўся ўніз і сабачым подбегам патрусіў па Грушаўцы. Азірнуўся: ніхто мне ўслед не глядзеў, пуста было на балконе.

Як непадобна ўсё ж адно на другое... Тое самае на тое самае...

Ліля на Лілю...

Лі-Лі на Лі-Лі...

Я сам на сябе — я на сябе сам...

Дома на маім ложку, упоперак, не распрануўшыся, спала Лі-Лі. У касцюме шакаладніцы.

Як на пажар, спяшалася...

Трахнулі па-хуткаму і выправілі.

Я не стаў яе будзіць. Не мог. Бачыць не мог.

У Рутнянскіх сонны Алік папярадзіў:

— Лі-Лі званіла, казала не пускаць, калі прыдзеце, каб дахаты ішлі.

Пазваніла — і спіць сабе...

— Адтуль выганяць! Сюды не пускаць! Дома блядзі спяць!.. — закрычаў я на Аліка. — Дык куды мне падзецца?

— Куды хочаце, — гэтаксама, як Ліля, сказаў Алік і зачыніўся ў пакоі Лідзіі Паўлаўны, дзе спаў з Дартаньянам. Дартаньян да мяне нават не выйшаў, сабака...

Я прылёг на ложак нябожчыка і стаў думаць, як жыць...

Што рабіць?..

З усім і ўсімі...

З Робертам, Камілай, Нінай, Мартай, Зояй, Зіначкай, Патапейкам, Красевічам, Панком, Шыгуцкім, Росцікам, Крабічам, Феліксам...

З Лі-Лі...

З самім сабой...

Нічога іншага, як напіцца, учора ўвечары нельга было прыдумаць, і з тэатра мы паехалі да Крабіча. Не да Росціка ж, які жыў чорт ведае дзе за цэмянтоўняй... А да сябе я не хацеў, каб нікога ўсю ноч не чакаць.

Селі, як некалі, утрох.

— Фелікс прыязджаў, цябе хацеў бачыць, — сказаў я Крабічу.

— Які Фелікс?

— Амерыканец.

— А... І што?

Выходзіла, што нічога. І лепш было пра Фелікса пакуль перамаўчаць, бо яшчэ і Росцік спытаў:

— А мяне, значыць, не хацеў бачыць?..

Крабіч сеў у куце на высокім зэдлі, і так выглядала, нібы ён ледзь не герой, а я і Росцік... Хоць што адбылося ў тэатры?.. Проста Крабіч быў, як звычайна, нахабны: падняўся і пайшоў. Але выглядала інакш, я па Росціку бачыў...

Размова не вязалася — і пачалі шклянкамі...

Калі Атос рашыўся распавесці д’Артаньяну пра міледзі, графіню дэ Ла Фэр, кляймёнаю лілеяй, ён стаў запінацца — і д’Артаньян параіў яму паспрабаваць выпіваць і расказваць Паспрабаваўшы, Атос прызнаў, што адно з другім цалкам сумяшчальнае.

Перамаўчаўшы пра Фелікса, я паспрабаваў загаварыць пра Лі-Лі... Запінаючыся, бо між намі такога не вадзілася, каб слабіну выдаваць, але тут паддушыла...

Яны слухалі ўбок. Яны не любяць слухаць абы-што пра Лі-Лі...

Крабіч хопнуў шклянку і сказаў, што беларусы калісьці наогул не пілі, а брыдоту гэтую прынеслі з сабой расейцы. “Нармальна, калі з сабой прынеслі... Не халяўшчыкі, значыць”, — заўважыў Росцік, а я спытаў: “А што тады рабілі беларусы?..”

“Нікому сракі не цалавалі!.. — прарвала Крабіча. — Мудак гуляе, як хоча, а яны яму асанну пяюць! Тава-а-рышч прэзідэнт! Інтэлігенцыя, душа ваша ў блядзях!..”