Выбрать главу

Гэта была калекцыйная ягоная лаянка, ён толькі па святах ёй карыстаўся — і я падкрадаў яе ў Крабіча па будзённых днях...

Не стрымаўся... Адчуваў сябе героем...

Росцік сказаў дурнавата: “Ты ж паэт, не лайся...”

Лаянку, аказалася, таксама расейцы да нас прынеслі... Забраўшы ў татараў...

Я не чуў, дарэчы, каб Амед лаяўся.

Во!.. Ён, выпраўляючы ў Кіеў Фелікса, на яго і данёс! Не Лі-Лі...

Ці бамжы данеслі?..

Ці я?..

Я спытаў: “Пра што мы гаворым?..” — і Крабіч зноў наліў: “Тады давайце піць. Размова сама выплыве...”

Выпіўшы, я не стрываў: “Фелікса арыштавалі”. І што я думаю пра гэта, сказаў...

Размова далей выплывала, хістаючыся... сама сябе прапускаючы... імкнучыся забыцца ў пропусках, але ў іх і западала...

— Ды ніхто яго не арыштоўваў! — кулаком па стале грукнуў Крабіч. — Скінулі з цягніка — і піздзец!

— Як скінулі?.. — сумеўся Росцік. — Не бандыты ж яны...

— А во так!.. — змахнуў Крабіч са стала пустую пляшку, якая ў пырскі аб сцяну разляцелася — і Росцік галаву ў плечы ўціснуў. — Бо якраз бандыты! Яны ўсіх нас хочуць ці скінуць, ці ракам паставіць! І трахаць, як Лі-Лі!.. Ці вы піздзюкі — і не бачыце, хто пры ўладзе? Тады п’ем — пра што гаварыць!..

З пітвом гаварыць было пра што...

Мяняць трэба ўладу!.. жыццё!.. усё мяняць!.. Вольны свет, Еўропа побач, а мы чарвякамі поўзаем!..

Сумяшчаючы адно з другім не па-французску, а па-расейску, у колькасці непамернай, мы ўрэшце дагаварыліся да таго, што, паколькі ў мяне ёсць пісталет, значыць, у нас ёсць магчымасць ліквідаваць прэзідэнта. Выканаць маральны абавязак інтэлігенцыі, гэтай блядзі, якая толькі мандзіць, а зрабіць што-небудзь — хрэна.

Але каму страляць?..

Росцік заявіў, што ён не супраць ліквідацыі, але супраць тэрарызму. Крабіч пачаў даводзіць, што ніякі тады Росцік не жыд, а толькі прыкідваецца, бо жыды з жыдоўкамі заўсёды былі адчайнымі тэрарыстамі. Усе — ад Арона Зундзялевіча да Фані Каплан і Машэ Даяна...” “Чаму да Машэ Даяна?..” “Бо аднавокі!..” “Не па сваёй волі былі! — так раптам ускіпеў Росцік, што, здавалася, з прабоіны ў чэрапе пара пайшла. — Нас зневажалі, загналі ў зону аседласці, мы з пагромаў і здзеку вырываліся, помсцілі!..” “Ага, і вырваліся ў рэвалюцыю!..” “Не адны мы!..” “Не адны! Але з васьмі дэлегатаў, якія ў Мінску першы рээспідэрскі з’езд наладзілі, пяцёра жыдоў!..” “І што?..” “А тое, што рэвалюцыяй жыды дзядам маім, бацькам і мне адпомсцілі, а я пры чым?!.” “А пры тым, — чмурэў ад логікі такой Росцік, — што ў вас беларускі прэзідэнт, а не жыдоўскі! Вы з ім і разбірайцеся!..” “Які ён беларус, байструк цыганскі!..” “Тады няхай цыганы разбіраюцца, а я з пісталета страляць не ўмею!.. І не ў мяне ён бабу звёў!..”

“Сатысфакцыя! — прасвістаў Крабіч. — Зайздросны лёс, калі ты мужчына!..”

Як далей ні круцілі, страляць выпадала мне. Ну, калі ўжо пра ўсё астатняе прынцыпова дамовіліся... Я пачаў прыкідваць, дзе і калі, і вырашыў, што не адкладваючы: заўтра ўраніцы каля рэзідэнцыі.

Крабіч Біблію стаў шукаць — не знайшоў. “Статут Вялікага Княства Літоўскага” падсунуў: “Кляніся!..”

Для яго — што Статут, што Біблія...

Я пакляўся. Пасля ўспомніў, што там ахова — таксама страляць будзе...

“Хоць памрэш чалавекам, засранец!” — наліў па апошняй, бо заўтра такая справа, Крабіч, і я ўспомніў пра Зіначку, якая памерла, і так Крабіча ўзненавідзеў за засранца, што надумаў — па справядлівасці — спачатку яго кончыць, а пасля ўжо прэзідэнта. Крабіч згадзіўся: “Давай! Мне пад горла гэта жыццё, калі хочаш ведаць!.. Ну, дзе пісталет?.. Хрэн у цябе, а не пісталет, толькі вецер ганяеш!..”

Росцік знясілена паклаўся на раскладушку, ён са сваёй галавой, мусіць, і памерці мог, але было не да Росціка: я пабег па пісталет... Помню, што пабег, задыхаючыся... “Ах ты гад, ах вы гады!..” Далей усё прападала... я губляўся недзе на Грушаўцы, знайшоўшыся ў былой кватэры жандара Шалея. Недалёка, побач...

Няма Лі-Лі — дык знойдзецца Ліля... Ёсць з кім у гэтым жыцці спаткацца, Фелікс...

Гэтак, каб сябе не помніць, раней я не напіваўся. Хіба аднойчы, яшчэ студэнтам. Але тое — дні тры не еўшы, з голаду.

А зараз з чаго?..

Не галадаю, старэю.

Нашто? Каб засранцам памерці?

Не хачу...

Што яшчэ можа быць з таго, чаго не было?

Ды нічога...

Пісталет ляжаў там, дзе я схаваў яго.

Знайшоўся пісталет, Іван Ягоравіч... І правільна вы прыдумалі, Пятро Зіноўевіч, каб ён знайшоўся...

Госпадзі, а што з Росцікам? Крабіч жа праспіць Росціка, калі што-якое!

Часу спаць не было, світала, я выклікаў таксі...