Выбрать главу

Крабіч з Росцікам таксама не спалі, ляжалі зялёныя... Адзін на раскладушцы, другі на канапе. Крабіч чытаў, ён заўсёды чытаў пасля п’янкі — у яго конскае здароўе.

— Як ты? — адарваўся ад кнігі Крабіч. — Мы ўвесь агарод задрысталі, свістала ва ўсе дзіркі.

Тэрарысты засраныя...

Я з жахам уявіў сябе ў ложку Ліляй, калі б яшчэ і такое... І што: дажыцца да таго, каб яшчэ і такое?..

— З’елі нешта, — пакутліва сказаў Росцік.

— Гарэлка расейская, наўмысна труцяць, — пагартаў Крабіч кнігу. — Ты думаеш, я не люблю рускіх?.. Я пасля п’янкі адных рускіх і люблю. Во паслухай... “Я знаю, смерть лишь некая граница, мне зрима змерть лишь в образе одном: последняя дописана страница, и свет погас над письменным столом”. Мне, бляха, не памерці так!.. — Кніга паляцела ў кут. — Пісталет прынёс?

Пісталет адцягваў кішэнь пінжака нябожчыка Ігара Львовіча, але ж не забіваць Крабіча такога зялёнага...

— Не знайшоў.

Крабіч устаў, падняў кнігу, паставіў на паліцу. З кнігамі ён быў акуратны — не тое, што з людзьмі.

— Не знайсці, чаго няма... Вунь і Біблія, як учора не ўбачыў?.. Пераклянешся?

— Не.

— Канечне, не... Стрыжня ў нас няма, на які ўсё нанізваецца, таму нічарта і не можам. У Чачню падамся, не хрэн тут рабіць.

— Паехалі?.. — па-сабачаму на мяне гледзячы, папрасіўся Росцік.

Крабіч сеў да стала, наліў — Росцік адвярнуўся.

— Не прасіся, цябе не вазьму, — падняў шклянку Крабіч. — Жыды супраць мусульманаў, а я за іх. Там дух!.. вера! самаахвярнасць!.. толькі яны і жывыя сёння ў гэтым струпянелым свеце! І з кім бы я выпіў, дык з Хусейнам і Арафатам... А так адзін...

Я давёз Росціка да офіса, дахаты ён не хацеў, і пакінуў яго, сказаўшы, што пайду прадыхаюся.

— Без дураты?

— Аддурэлі мы сваё, Росцік.

— Тады дыхай хутчэй... Красевіч павінен пад’ехаць, неяк жа трэба з ім танцаваць, калі музыка заказана...

Каля дзевяці я быў у скверы цераз дарогу ад рэзідэнцыі. Прэзідэнт пад’язджаў да рэзідэнцыі а дзевятай — я сам не раз бачыў. Канечне, не факт, што прыедзе сёння... Позна лёг... Калі прыедзе, тады цераз агароджу са сквера, цераз дарогу — і страляць, страляць, страляць... У арміі я хоць і музыкантам служыў, але настраляўся.

Аднойчы перамог: больш за ўсіх па мішэнях выбіў... За гэта даручылі сцяг на парадзе несці. Звычайна маршыраваў з трубой у аркестры — а тут са сцягам паперадзе ўсіх. Сёмага лістапада. Холадна, вецер з мокрым снегам. Ледзь рукі не адмерзлі, але данёс... Перамагаць, праўда, пасля таго не цягнула.

Наўкол рэзідэнцыі, як і ў ёй самой, выглядала пуста. Нават, здавалася, мёртва. Адзін сцяг над пустатой на ветры матляўся.

Ён перамог, больш за ўсіх выбіў — і яму даручылі Дзяржаўны Сцяг... Дык і нёс бы...

Зайшоўшы ў туалет каля купалаўскага тэатра, я схаваўся ў кабіне, праверыў пісталет. Абойма была поўнай, без аднаго патрона... Каб ведаў, што ўсё так закруціцца, дык яшчэ ў бамжоў паглядзеў бы, колькі ў ёй патронаў?.. Мусіць, і была без аднаго. Бамжы пра страляніну казалі — дык хоць раз жа стрэлілі з пісталета гэтага каля Кальварыйскіх могілкаў...

Я ўжо збіраўся выходзіць — нехта ўвайшоў у туалет. Паўмінуты, мінута — той, хто ўвайшоў, нічога не рабіў. Не рыпнулі дзверы ніводнай кабіны, не цурчала ў пісуары...

— Эй, грамадзянін!..

У мяне схаладнелі скроні і зазвінела ў патыліцы... Я спусціў ваду і, пакуль ва ўнітазе гыркала, прыўстаў і паклаў пісталет на зліўны бачок.

Пачакаў яшчэ — і той чакаў. Трэба было выходзіць...

— Закурыць ёсць?

Рудаваты мужык падышоў да мяне грудзі ў грудзі, церануўся грудзьмі аб грудзі і няўлоўным рухам слізнуў па бакавых кішэнях.

— У задняй, — сказаў я. Трэба было рызыкаваць, каб ён не падаўся ў кабіну.

— Што ў задняй?..

— Пісталет.

— Ды я закурыць... — трохі разгублена прапусціў ён мяне наперад і пайшоў следам. — А вы што такі зялёны?..

— Бо не рыжы.— Трэба было гаварыць з ім, каб ён не адстаў, не вярнуўся... — Зялёны рыжаму не таварыш.

— І рыжы зялёнаму, — спыніўся ён каля ліпы. Ён і раней каля гэтага дрэва стаяў, калі я ў туалет ішоў. Незаўважна стаяў неяк...

Далёка не адыходзячы, я сеў на лаву. Калені ў мяне падгіналіся, як некалі ў анфіладзе Дрэздэнскай галерэі. Можна і ў туалеце адчуць нешта накшталт катарсісу...

Цяпер я ўбачыў, што па скверы рассыпаныя яшчэ дзесяткі два мужыкоў... Каля тэатра, каля фантана, уздоўж алеі з чугуннай агароджай, цераз якую я збіраўся пераскокваць. Ці паспеў бы ўскочыць...

Роўна а дзевятай завыла, замігцела — з-за тэатра з вуліцы Энгельса вылецелі тры машыны. Мой рудаваты наструніўся...

Прэзідэнцкая машына — са сцяжком, наўрад ці ў ёй Лі-Лі вазілі — падкаціла да пад’езда. Да самых прыступак, якія прэзідэнт прасігаў за секунды. Мішэнь не для стралка з трубой, які аднойчы перамог... І што ён бегае ўсё, нібы за ім гоняцца?