Выбрать главу

— Дык няма закурыць?.. — расслаблена спытаў рудаваты і, не чакаючы адказу, рушыў да напарніка, які таксама адліп ад ліпы. — Туалет не на замку, што за хрэнацень?

— Зачынем зараз... Снягір прысцаўся, замкнуць забыўся.

Я і не ведаў, што туалет замыкаюць. Калі б не сіклівы Снягір, мог бы і не даведацца ніколі...

Яны ўсе аддзяліліся ад дрэў, ад выпадковых прахожых, сыйшліся каля тэатра і пачалі нешта абмяркоўваць... Проста кампанія, якая прыспяшалася трохі на ранішні спектакль... Экскурсанты... Адзін аддзяліўся ад усіх і замкнуў туалет.

У трэцім класе я быў закаханы ў дзяўчынку, якую звалі Надзя. І Валік Дробыш, таварышок мой, закаханы ў яе быў. Мы з-за яе біліся на мячах, на коп’ях і проста так біліся. Раз — ён мне надае, другі — я яму, без толку...

На краі падмытага рачнога абрывы сасна высозная стаяла, трохі пахіленая. Старэйшыя хлопцы — не ўсе, найсмялейшыя — скакалі з яе ў вір. З ніжняга сука і толькі ў вока віру, бо наўкол — мелкаводдзе.

Надзя падбухторыла: “А вы не скочыце!..” — і мы палезлі на сасну.

Дабраўшыся да сукоў, я пакараскаўся ўверх... Каб вышэй за Дробыша...

Калі дакараскаўся да вершаліны — зірнуць уніз страшна было, а не тое, што скочыць. Сасна хістаецца... У віры не вока, а вочка... Да неба бліжэй, чым да вады.

Валік і з ніжняга сука не скочыў, злез.

“Спускайся! — крыкнулі знізу. — Разаб’ешся!..”

А як спускацца, калі ўсе глядзяць?.. І Надзя...

Скроні халадзелі, халадок звінеў у патыліцы, але я зажмурыўся і палецеў... Не скочыў, а саслізнуў нагамі і адпусціў рукі... Наперад ведаючы, што разаб’юся... Мяне ўдарыла аб сук, перавярнула, перакруціла і ўтыркнула ў вочка віру.

“Ну і што... — падціснула губкі Надзя. — Падумаеш...” І зноў мы з Валікам біліся...

Гадаць, ці хапіла б мяне на тое, каб цераз агароджу скочыць, калі б туалет быў замкнёны — без толку, як біцца з Валікам Дробышам.

Са службовага ўваходу я зайшоў у тэатр, дзе праз Лідзію Паўлаўну ўсіх ведаў, і ад дзяжурнага, які чытаў газету і вачэй на мяне не падняў, пазваніў Шыгуцкаму. Сакратарка ганарыста паведаміла, што Барыса Сцяпанавіча тэрмінова выклікаў прэзідэнт.

Толькі прыехаў — і выклікаў?..

А мог і не выклікаць...

Калі б Снягір не прысцаўся — і не ў патыліцы халадок...

— Перадаць што-небудзь? — счакаўшы ўрачыстую паўзу, спытала сакратарка. Яны ўсе там, мусіць, толькі і сядзяць, чакаючы, калі іх выклічуць.

— Я сустрэцца хацеў, мы дамаўляліся.

— Ён нічога не сказаў...

— Не паспеў.

— Можа быць... Заказаць вам пропуск?

— Закажыце.

— Толькі вы перазваніце.

— Перазваню... Слухай? — спытаў я ў дзяжурнага, паклаўшы трубку. — Іду зараз з госцем, папырскаць захацелася, а туалет у скверы замкнёны. Чаму?

— А то не ведаеш, — хмыкнуў дзяжурны. — Бо прэзідэнт сярун.

І будуць казаць яшчэ, нібы ўсе ў нас і ўсяго баяцца.

— Туды не зайсці?

— Нашто?.. Тут папырскай.

— Госць мой там хоча. За пляшку.

Дзяжурны адклаў газету, глянуў недаўменна:

— Вальтануты?..

— Экстравагантны. Дык як?..

— З сантэхнікам пагавары. Ён па абедзе аб’явіцца, пратрывае пляшка да абеда?..

— Пратрывае... Я пазваню яшчэ?

— Хоць зазваніся, піва з цябе.

Рэдактара незалежнай газеты, якую чытаў дзяжурны, я не ведаў. Але і іншых не ведаў, так што якая розніца?.. І, калі па прыкметах, дык нездарма ж гэта газета пад рукой аказалася.

Не было рэдактара на месцы... Дзяўчына з голасам флейты сказала, што ён дома і з’явіцца па абедзе.

Як сантэхнік.

— Хатні не дасцё? Мне тэрмінова.

— А хто вы?

Я назваўся.

— Ой!.. Мы самі вам званілі... Хвілінку...

У тэлефоне затузалася музыка — трубку ўзяў рэдактар.

— Выбачайце, хавацца даводзіцца. Мы шукалі вас, на лаўца і звер...

Я сказаў, што ў рукі мне патрапілі такія-сякія дакументы.

— Прыносьце, калі такія-сякія... Зараз можаце?

— Зараз не, яны на рабоце.

— Тады ў любы час, я ў рэдакцыі... — Рэдактар цягнуў. — І яшчэ... заадно...

Пасля таго, як на лаўца звер прабег, не цяжка здагадацца было, што заадно — пра шоу, пра Лі-Лі...

— Што яшчэ заадно?

— Мы пра шоу ўчарашняе пішам... Пару слоў скажаце?..

Вось што ім цікава. Толькі гэта і цікава ўсім.

— А я пры чым?

— Ну, як... — дацягваў рэдактар — і столькі было за гэтым як...

Я паклаў трубку.

— Піва за мной, — паабяцаў я дзяжурнаму, і той спытаў у спіну:

— Ты ў сарцір з газетай?..

Каля тэатра ніхто больш не таптаўся. Я прайшоў двойчы, нібы гуляючы, міма дзвярэй туалета... Замок звычайны, яго можна будзе, бадай, і без сантэхніка адолець.