Выбрать главу

Росцік чакаў мяне ў офісе з Красевічам. Абодва пахмурна-ўзбуджаныя, нібы біцца збіраліся, а я перашкодзіў...

— О!.. — перарабляючыся ў вясёлага, падміргнуў Красевіч. — І Раман Канстанцінавіч зялёны. Што гэта вы, як гуркі?.. Можа, перафарбуемся?

Калі перарабляцца, дык перафарбавацца...

Росцік на тое, каб перарабіцца, сіл не меў.

— Памру я з вамі. А я хачу сам па сабе памерці, адзін.

Не з-за пахмелкі ж яны біцца збіраліся?..

Па Росціку відаць было, які сам я памяты, нявыспаны і непахмелены... Адзін і амаль мёртвы.

— Натуральны колер, — сказаў я Красевічу. — Як на сцягах.

Мы ўвялі з Росцікам закон: не пахмяляцца. З пахмелкі нанава п’янка пачыналася — і прападалі не дзень і не два.

Хоць што з тых дзён?.. Няхай ніводнага не згубіш, хай нават лішні пражывеш, а сканаеш і ведаць не будзеш, пражыў ты яго, ці не.

— Гледзячы на якіх сцягах... — падкасіўся на мяне Красевіч. — Мой, між іншым, уздымаць пара, а мы дасюль не дамовіліся, з кім?

Вялікую кучу я на твой сцяг наклаў...

— Учора ж вырашылі, што з Лі-Лі.

Росцік прабарабаніў пальцамі ўздоўж стала. Да самага краю, скінуўшы руку.

— Пе-ра-вы-ра-шыў Рычард Пятровіч. Не хоча з Лі-Лі. Кажа: фрывольная.

Апошняе слова Росцік ледзь выгаварыў, і я перапытаў:

— Якая?

— Неспадзяваная ваша Лі-Лі... — неяк па-цыркачаму, шыі не павярнуўшы, крутнуў галавой Красевіч. — Занадта неспадзяваная.

Наша Лі-Лі ўчора іхняй была... І я на свае вочы бачыў, як Красевіч далоні адбіваў, пляскаючы ёй, фрывольнай і неспадзяванай...

Нешта сталася?..

— У чым неспадзяваная?

— Ва ўсім... — да другога краю стала прабарабаніў пальцамі Росцік, які калісьці кім толькі не быў — і яшчэ падрабляў акампаніятарам. — Ты чаму не сказаў, што Фелікс прыязджаў, і вы сустракаліся?

Вось гэта было фрывольна і неспадзявана... Не так жа ў Росціка з галавой, каб не помніць — тады ў яго зусім галавы няма. Ён тут цыркачыўся перад Красевічам, блазен-недаўмека, таму і выгляд у іх, нібы збіраліся біцца...

— А ты адкуль ведаеш, што сустракаліся?

— Ад мяне, — зразумеў адразу, пра што і ў каго пытаюся, Красевіч — і не стаў далей цямніць. — Я да вас ад Панка, ён зараз у Шыгуцкага, Шыгуцкі ў прэзідэнта.... Праблемы вы ствараеце, Раман Канстанцінавіч, разам з Лі-Лі. А мы дамаўляліся без праблем.

У яго зазваніў мабільны тэлефон.

Глядзі ты, як загаварыў... З патэльні плясь...

— Тут ён, — сказаў Красевіч і падаў мне трубку.

— Што ж ты напрошваешся і не прыходзіш? — не павітаўшыся, спытаў Шыгуцкі.

— Сакратарка перазваніць сказала...

— Давай прыходзь, чакаю. І хутка прыходзь, чуеш?

Не я адзін чуў, Росцік з Красевічам таксама ўчулі, трубка гучна вяшчала... Як пры рэзанансе...

-- Курва... — ці невядома пра каго, ці невядома пра што сказаў Росцік. Альбо наогул пра невядомае, бо курва ў немцаў, якіх Росцік не любіў — паварот дарогі.

Хоць пры чым немцы?.. Марта з немцам жыве...

Я вярнуў Красевічу знямелы тэлефон... Мае размовы з уладай катастрафічна карацелі.

У нашым офісе меўся пакойчык, дзе стаяў сейф. Пакойчык патайны — з дзвярыма, замаскіраванымі пад сцяну. Не зважаючы на Красевіча, я штурхнуў дзверы...

— О! — сказаў Красевіч. — І я сабе такі зраблю.

Я адамкнуў сейф, дзе хаваў паперы, якія даў мне Фелікс... Разам са старонкай з запіскі Ігара Львовіча....

Папераў не было. Пячатка, штамп, статутныя дакументы, некалькі бланкаў...

Пуста.

Ключы ад сейфа мелі толькі я і Росцік.

Цыркач... Блазен-недаўмека...

— Вы што шукаеце? — спытаў чамусьці не Росцік, а Красевіч. — Калі дамову на канцэрты, дык яна ў мяне.

Росцік — курва?

— З пячаткамі дамова? — выйшаў я з пячаткаю ў руках, каб паглядзець на Росціка.

— З пячаткамі, — кіўнуў Красевіч. — Толькі гэта мала што значыць, калі з Шыгуцкім не дамовіцеся.

Я не стрываў і кінуў пячатку Росціку:

— Адкуль? Хто паставіў? Ты ж у бальніцы быў!

Росцік адхіснуўся... Ён, мусібыць, да скону ўжо будзе палохацца ўсяго, што да яго ляціць.

— Лі-Лі паставіла, я ключы ёй даў, цябе ж не дапросішся... — падняў Росцік пячатку з падлогі і спытаў зусім знясілена: — Ты чаго раскідаўся ва ўсе бакі, Ромчык?..

Выходзіла, што Росцік не курва.

Але ад гэтага, выходзіла, не лепш.

Яшчэ горш ад гэтага выходзіла.

XIX.

Копіі, знятыя з папер, былі ў мяне дома, а дома была Лі-Лі.

І не адна — з Лідзіяй Паўлаўнай. Я гэтак змучыўся самім сабой, усім і ўсімі, што нават не здзівіўся. Прыехала і прыехала.