Выбрать главу

— Рады... — прыўстаў старшыня і закашляўся. Наўрад ці я быў яму ў вялікаю радасць — і яшчэ ў меншую, падобна было, Шыгуцкі.

— Рады пазнаёміцца... Штаны на мне казённыя, не баляць.

Мы былі знаёмыя. Нават на брудэршафт выпівалі на банкеце пасля канцэрту ў дзень чэкіста. Генерал гэта, пэўна ж, помніў, але на ўсялякі выпадак не пры Шыгуцкім. Ды і хто з кім не выпіваў...

Вокны кабінета выходзілі на Скарынінскі праспект. Некалі, калі праспект быў Ленінскі, пад гадзіннікам на вежы дома насупраць прызначалі мы з Крабічам спатканні выпадковым спадарожніцам жыцця. Норавы ў тыя часы былі не настолькі вольныя, як зараз, і даводзілася думаць над паскарэннем працэсу збліжэння. Мы хаваліся за крайняй калонай на ганку Камітэта дзяржбяспекі — бліжэй да ўваходу падыйсці баяліся — і чакалі, пакуль глянуць спадарожніцы ў наш бок. Падлавіўшы момант, тут жа збягалі па прыступках, робячы выгляд, нібы менш за ўсё не хацелі, каб спадарожніцы заўважылі, адкуль мы... Больш эфектным выглядаў бы, канечне, выхад з дзвярэй, але і з’яўленне з-за калоны дзейнічала: “Вы сакрэтныя?..”

А то не!..

Махнуць бы спадарожніцам з вакна кабінета... У тую пару, з якой стрэлкі гадзінніка на вежы пракруцілі амаль чвэрць стагоддзя.

— Дзяржаўныя інтарэсы, Раман Канстанцінавіч, пераважаюць над усімі астатнімі. І найперш яны патрабуюць сродкаў. Сродкаў, сродкаў і сродкаў. А дзе іх браць, калі не прадаваць? Таму прадаём, што купляецца. І калі амерыканцы прадаюць зброю, чаму нам нельга? І тэхналогіі яны прадаюць. А скандал ім патрэбны, каб ад рынку нас адсекчы. Вы хіба хочаце, каб нас ад рынку адсеклі?..

Старшыня гаварыў вяла... Як сам не верыў, што тыя сродкі, пра якія ён клапоціцца, дастануцца дзяржаве.

За канцэрт на дзень чэкіста ён заплаціць абяцаўся, Росцік рукі паціраў, ды ўсё абыйшлося банкетам... Кірнуць і паберляць.

Я не мог хацець, каб нас ад рынку адсеклі, бо на стале старшыні ляжылі дзве крымінальныя справы. Адна, забраная з міліцыі, на Плоніша Рамана Канстанцінавіча — па падазрэнні ў забойстве, другая, заведзеная ў Камітэце дзяржбяспекі, на Рачніцкага Фелікса Андрэевіча — па падазрэнні ў шпіянажы.

— Мы звязваем адно з другім, і паверце, Раман Канстанцінавіч, што вы — забойца, а ён — шпіён. Пераканайце яго, што тым і скончыцца, каб на іншае не разлічваў.

Да вокладак крымінальных спраў былі прышчэпленыя бланкі. Абсалютна такія ж, як той, які даўным-даўно ў кабінеце прарэктара кансерваторыі змушаў мяне падпісаць чалавек, што назваўся Мікалаем Іванавічам...

Што б ні казаў Панок пра час і змены, нічога не змянілася ў гэтым ведамстве — нездарма на варце жалезны Фелікс стаіць.

— Падпісваецеся абодва — і абодва вольныя.

Адшчэпліваемся ад спраў...

— І якая ў мяне мянушка будзе?

Старшыня зірнуў, як некалі Мікалай Іванавіч.

— Ніякая. Чапаць мы вас болей не станем. Зрэшты, калі хочаце, самі сабе прыдумайце...

— Можна лабух?

— Што гэта — лабух?..

— Пагаварылі, — падняўся Шыгуцкі. — Пара ў турму.

У турму я не хацеў. Я хацеў да Лі-Лі.

— А Рачніцкага сюды нельга? У нас размова ўсё ж, не допыт.

Шыгуцкі глянуў на старшыню, той сказаў:

— Не.

— Што значыць не? — гыркнуў раптам Шыгуцкі, і старшыня зноў закашляўся...

Захварэеш і не паправішся з такім начальствам.

— Не, значыць не, — пракашляўся і ўстаў ва ўвесь мундзір старшыня. — Тут свае правілы, не мной і не вамі пісаныя.

Ён ціха гэта сказаў, але неяк так, што жалезныя крокі бронзавага Фелікса пачуліся... І Шыгуцкі абсеў на гырку:

— Ладна... Правілы... Хто павядзе?

Увайшоў капітан, старшыня пасунуў па стале крымінальныя справы з прышчэпленымі бланкамі:

— Падпалкоўніку Панку.

Пра амерыканку, унутраную гэбэшную турму, хадзілі легенды, і я, хоць і пабойваўся, але чакаў, што ўбачу нешта незвычайнае — аказалася, турма як турма. Сутарэнні з бясконцай колькасцю дзвярэй і замкоў.

Ісці турэмнымі калідорамі было няўтульна, адно думалася: як і калі назад?.. Спінай пра гэта думалася, як толькі за ёй зачыняліся, бразгаючы, дзверы.

Фелікс, як і жалезны цёзка ягоны, вылядаў бронзавым — пачарнелы... Не білі ж яго?.. У амаль пустым, са сталом і чатырма зэдлямі, з касаватымі сценамі пакоі ён быў з Панком.

Шыгуцкі сеў насупраць Панка, я — насупраць Фелікса.

Памаўчалі...

— Гаварыце, — павярнуўшыся да мяне, сказаў нарэшце Шыгуцкі. У гэтых калідорах і ён прыцішыўся...

Пра што гаварыць?

— Як ты, Фелікс?..

— Нармальна. Як у турме.

— Затрыманы патрабуе сустрэчы з консулам, — сказаў Панок Шыгуцкаму. Той паківаўся на зэдлі: