Выбрать главу

Не вазьмі кінуты нож. Бо нехта ім некага прырэзаў, а ты за некага сядзеш.

У бараку ўдзень і ўноч даберылі, у карты гулялі, і аднойчы карынец заблудны, мужык пажылы пераначаваць зайшоў — і да светухоў, да карцёжнікаў адразу:”Талан на майдан!..” Сеў гуляць і прайграўся, шмат прайграў і напазычаў яшчэ, а як аддаваць, дык аказалася — лары-на-ны... Яму кіф цёмны наладзілі, адмяцелілі, коўдру накінуўшы, і тым бы ўсё абыйшлося, ды ў карынца, пакуль ён пад коўдрай круціўся, ватоўка ў шве парвалася — і з яе рыжык зашыты, чырвонец залаты, яшчэ царскі, выпаў. Карынец бажыцца стаў, што скрачыў, на базары ватоўку старую скраў і пра рыжык не ведаў, але не паверыў ніхто — і светухі раз’юшаныя ў цеста карынца змясілі. Жыць у тым месіве не было ўжо каму, з чэрапу мазгі вывальваліся, а карынец усё пахрыпваў, чырвоныя пухіры пускаючы, дык пахан пашкадаваў — і нажом... За баракам пачыналася поле капуснае — там і закапалі, зноў капусту зверху паўтыкаўшы.

Ноч, як карынец у кіфе цёмным, я пад коўдрай круціўся, прыкідваў, як быць — і выходзіла, што так, нібы не сталася нічога, мне перад самім сабой не выкруціцца: на маіх вачах чалавека забілі.

Нараніцы ў міліцыю ў Хабараўск падаўся, а менты мяне пахану здалі: па паняццях менты з паханамі жылі ў Хабараўску.

Такога я, канечне, не чакаў: часы былі не сённяшнія — і бандыты лічыліся бандытамі, а менты ментамі...

Неяк з Крабічам і братам-міліцыянтам выпіваючы, я ўспомніў пра гэта — Крабіч не здзівіўся. Сказаў, што ўся краіна такая: ракетна-касмічна-цэкоўска-ментоўска-паханская... Брат-міліцыянт прасцей растлумачыў: “З пахана слам на гурт, хабар ментам, а з цябе — толькі лішняя праблема”. Брат-міліцыянт таксама па фені курсаў і ведаў, пра што казаў...

Пахан на поле прывёў, лапату даў: капай, капусту садзіць будзем.

Што такое сабе самому магілу капаць, зразумець можа толькі той, хто сам сабе магілу капаў. А я думаў да ўсяго... дранцвеў, думаючы: як жа ў цеснаце такой ляжаць буду? — і браў на штых шырэй...

Дзіўна, але бегчы, ратавацца — у галаву не прыходзіла: няхай сабе так і будзе. Бо няма чаго, з трыдзевятага царства прыпёршыся, лезці ў справы царства трыдзесятага. І яшчэ здавалася, што так справядліва, па заслугах, калі ўсё і ўсіх я страціў.

Пахан сам адказваў за тое, што за мяне, за скеса і суку перад усімі заступаўся — і ў памагатыя не паклікаў нікога: светухі каля барака тапталіся. Мы ўдвух былі — над рэчкай, на дальнім канцы поля. Паўз якое да рэчкі, невядома скуль пад ноч узяўшыся, ехаў хлопчык на веласіпедзе...

Што такое хлопчык на веласіпедзе?.. Нічога, калі ён не лёс.

Хлопчык мог ехаць, як ехаў, але ён спыніўся і стаў на нас глядзець.

Пахан, чакаючы, пакуль хлопчык далей паедзе, цыгаркі дастаў: “Панырдай напаследак...”

Я рэдка курыў. Гэтак рэдка, што толькі двойчы — пры разводах... З Нінай і з Мартай. Закурыўшы ў апошні раз, я ўспомніў, як маці казала, што ў капусце мяне знайшла.

З капусты ў капусту...

Пасля ўспомнілася, як мне веласіпед купілі, які, пакатаўшыся, я ў рэчцы памыў і на сабе да хаты цягнуў, каб колы не запэцкаць. Каб у сенях веласіпед, на які глянуць я ўночы ўставаў, чыста бліскаў абадамі і чарнеў шынамі.

Веласіпед і праз месяц выглядаў, як новы, калі яго ўкралі, пакуль я купаўся. Даў нарца — вынырнуў, а веласіпеда на беразе няма.

Хлопчык быў — як я, і веласіпед — як той самы...

“Канай, шпана!” — крыкнулі, свіснуўшы, ад барака, і хлопчык ускочыў на веласіпед, упаў з ім, кінуў на беразе і пабег.

Хто яго ведае, чаму? Можа, перапалохаўся, зразумеўшы, што адбываецца... Але лёс не палохаецца.

На беразе рэчкі, праз гады пракаціўшыся, ляжаў мой веласіпед. Без яго б мяне перанялі светухі з барака, а з ім — не паспявалі. Ад пахана рвануўшы, я ўжо бачыў, што не паспяваюць — і гнаў веласіпед, не азіраючыся.

Схаваўся ў лабухаў хабараўскіх — тыя не здалі. Грошы на самалёт да Масквы сабралі: сто трыццаць рублёў, не малыя грошы...

Прафесар Румас казаў не раз: “Раман, будзьце са сваімі, якія яны ні ёсць. Бо іншыя — хто памёр, а хто яшчэ не нарадзіўся”.

Я Марце пра ўсё расказаў, у Маскву прыляцеўшы, дзе Марта і Росцік знайшлі мяне, ніякага, у палкоўніка Пойменава. Немка спытала: “Ты веласіпед у хлопчыка ўкраў?..” Разумела, канечне, пра што пытаецца, і ўсё адно спытала.

Жорсткая мая Марта — нават для немкі. Але свая. Пайшла ад мяне, ды не кінула.