Выбрать главу

Ад жалезнага Фелікса ценем аддзяліўся начны прахожы...

— Правароніў я вас, — сеў на лаўку Алік. — З таго боку чакаў.

Я дапіў з бутэлькі рэшткі.

— Скуль ты ведаў?..

— Лі-Лі пазваніла, што вас выпусцяць...

— Лі-Лі ў Маскве.

Алік сказаў:

— Дык і там, мусіць, ёсць тэлефоны.

Магчыма, ён і не пажартаваў...

— Што гэта яна табе ўсё звоніць? То адсюль, то з Масквы...

— Яна не мне, — сказаў Алік. — У вас ключоў няма — і каб вы не напіліся адразу.

Ключоў у мяне не было.

— Дома ў двары пачакаў бы, калі такі паслужлівы...

— Дома Лідзія Паўлаўна, дасць яна ўночы ў двары пачакаць. — І Алік спытаў: — Праўда, што ў вас цяпер Зіначка жыць будзе?

Вось чаму ён прыйшоў.

— Як гэта?..

— Як жыла Лі-Лі.

Я паспрабаваў яшчэ выпіць, але бутэлька толькі пуста цмокнула...

— Табе хто сказаў такое?

— Зіначка.

— Сама?

— Сама.

— У яе ёсць, дзе жыць. Ёсць маці... бацька...

Алік забраў пустую бутэльку і кінуў у сметніцу. Няўдала — бутэлька пабілася, сыпанула шкло...

— Няма ў яе нікога, апроч мяне.

Крыўдзіць мне Аліка не хацелася.

— Можа, і так... — І далей яно само спыталася: — А што ты можаш зрабіць для яе? — і Алік адказаў ціха, але адразу, імгнення не прамарудзіўшы:

— Памерці.

Мне трэба было б пачуць яго — ды я і пачуў, але не так: я ўспомніў пра пісталет.

Пакуль мной займаліся турэмшчыкі, прэзідэнт адплыў на задні план... Нібы мной займаліся не ягоныя турэмшчыкі.

У скверыку рамантаваўся тратуар. Сярод камянёў прэнт, з канца заплясканы, ляжаў, нехта з рабочых пакінуў — як наўмысна... Падабраўшы яго, я амаль прабег два кварталы да туалета насупраць рэзідэнцыі, Алік ледзьве за мной паспяваў.

— Куды вы?..

— На шухеры стой.

Я паазіраўся наўкол: на тэатр, на фантан, на дрэвы ў скверы, у якім не жалезны Фелікс стаяў, а хлопчык з лебедзем — і ламануў замок.

Пісталет быў на месцы. Я праверыў яго, пастаяў над унітазам, зашпіліўся, торгнуў ланцужок з абарванай ручкай — вада не зашумела.

Перакрылі. Болей тут не туалет — каб Снягір не прысікаўся.

Алік ускочыў:

— Ідуць двое!.. — Убачыў пісталет — і вочы ў яго крутануліся: — Нашто ён вам?

— Застрэліцца.

Хутка яны... Знайшлі пісталет і чакалі, хто за ім прыйдзе? Тады б абойму дасталі...

Прынёс пісталет — ледзь не арыштавалі, забраць хачу — арыштоўваць ідуць... Што ні рабі ў гэтай сральні — за ўсё арыштоўваюць.

Я ўзяў вядро, там вядро з анучай стаяла, паклаў пісталет пад анучу і даў вядро Аліку.

— Па ваду да фантана пойдзеш, зусім адсюль пойдзеш і дома ў мяне схаваеш, зразумеў?

Алік кіўнуў — і яны ўвайшлі:

— Вы што тут робіце?

Яны ў форме былі, два сержанты.

— Прыбіраем.

— Я па ваду да фантана, — бразнуў дужкай вядра Алік, і я торгнуў ланцужок: — Ваду перакрылі.

— Ноччу прыбіраеце?

— Днём тут нельга. Ці вы не ведаеце?..

Яны на мяне зырыліся, прапусціўшы Аліка. Мусіць, я падобны быў на прыбіральшчыка: п’яны, зарослы, пакамечаны, пабіты...

— А замок?

— Ключы згубіў.

Яны кабінкі агледзелі, мяне абшукалі... Дзякуй Аліку, што дома ў двары не чакаў.

— Хадзем і ў нас прыбярэш, заадно разбярэмся, — сказаў адзін, а другі, які мяне абшукваў, гідліва рукі абцёр і паморшчыўся: — Ды ну яго, хіба не чуеш — смярдота якая...

Як ты пахнеш — самому не чуваць, але я зразумеў, што патыхаю парашай. І доўга яшчэ патыхаць буду, калі разбірацца павядуць.

— Вы, хлопцы, ці сцыце, ці ідзіце, — сказаў я і па локаць залез ва ўнітаз...

Яны павярнуліся і пайшлі. Непадалёку, насупраць ангельскай амбасады, пастарунак мясціўся, і гэтыя менты адтуль былі, не з аховы. Паставы каля параднага ўваходу ў рэзідэнцыю, які іх, пэўна, і паклікаў, сонна спытаў:

“Што там?”

“Гаўнадраі”.

“А-а...”

Прэзідэнт спачывае, ахова дрэмле. Спакойна ў краіне, адны гаўнадраі не спяць...

Я выглянуў: Аліка не відаць каля фантана, ён зразумеў мяне правільна. Хаваючыся за дрэвамі, я пачаў перабягаць сквер — і тут насустрач мне ад Кастрычніцкай плошчы ўзвыла міліцыйская машына: мусіць, апамяталіся. Я ўжо быў амаль на праспекце, каля былой урадавай трыбуны — і, не знаходзячы, дзе яшчэ схавацца, нырнуў у яе мармуровую нішу.

Машына павыла і сціхла, але я не высоўваўся: ну іх... Рашыў дачакацца раніцы, калі з’явяцца людзі і пойдзе метро. Тым больш, што грошай на таксі не меў, іх на гарэлку толькі і хапіла, а пад абяцанкі разлічыцца дома ніякі таксіст такога кліента, якім я выглядаю, не возьме. Хіба што той знаёмы, які на могілкі вазіў...