Выбрать главу

Уявіўшы, як добра было б ні ў карцэры не сядзець, ні ва ўнітазы не лазіць, ні ад ментоў не бегаць, а ляжаць сабе на могілках... толькі не цесна і дзе-небудзь побач з Аміляй... — я скруціўся і паспрабаваў прыснуць на мармуры.

Трое сутак я нідзе і ні на чым не спаў, бо то не мог, то не давалі, а тут, калі засну, магу спаць, колькі захачу. Былая ўрадавая трыбуна ніякім правадырам болей не патрэбная. У іх ёсць новая каля Дома ўраду... ці яе там няма?.. я не мог успомніць. Там нібыта толькі Ленін — на чым жа тады стаяць правадыры і народ вітаюць? Ці Ленін вітае?..

А раней з гэтай трыбуны віталі — і я чатыры разы за два гады службы, двойчы ў маі і двойчы ў лістападзе, аднойчы нават са сцягам, стаяў насупраць правадыроў: радавы Плоніш, музыкант зводнага аркестра Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. Аркестр адкрываў і закрываў шэсці і парады — і гадзіну за гадзінай ад адкрыцця да закрыцця тапталіся мы на плошчы і гралі маршы, маршы, маршы... Паміж намі і правадырамі цякла па праспекце няспынная людская рака — і відавочна было, што ніколі яе не пераплыць: мы, на нізкім левым беразе, асобна, правадыры — асобна на высокім беразе правым, а рака сама па сабе. Правадыры народу — прывітанне, народ правадырам — “ура!”, а мы ўсім — маршы, маршы, маршы.

“Хрэн вам, а не музыкі!..”

І з году ў год перад тым, як ступіў я з аркестрам на плошчу, і гадамі пасля таго, як сышоў з яе, правадыры несупынна праводзілі свае з’езды, пленумы, форумы, кангрэсы, але былі безаблічнымі і нейкімі незаўважнымі. Ва ўсякім разе для мяне. Як упершыню заўважыў, так і потым заўважаў я правадыроў толькі тады, калі стаялі яны на ўрадавай трыбуне. З насунутымі на бровы капелюшамі, насупленыя, нібы не ў спадобу ім ні народ, ні краіна.

Зрэшты, што тут можа падабацца?.. У краіне, дзе музыка — маршы, маршы, маршы...

Крабіч неяк вершы чытаў — некага з рускіх. “Люблю грозу в конце июня, когда в Москве идет парад, и хмуро мокнет на трибуне правительственный аппарат”.

Які парад можа быць у канцы чэрвеня?..

Толькі ў маі і ў лістападзе...

Насупраць правадыроў на ўрадавай трыбуне, якія толькі на ўрадавай трыбуне заўважныя былі... а цяпер гэтыя, новыя, паўсюль, паўсюль...

Прачнуўшыся ад таго, што мяне тармасіла Лі-Лі, я не мог зразумець, як яна тут, на трыбуне, мяне знайшла. Нават больш гэтаму здзівіўся, чым таму, што Лі-Лі прыехала...

— Вахцёр з тэатра бачыў, як ты бегаў, — сказала Лі-Лі, каб я надта не здзіўляўся.

Гэта магло быць.

— Ты не ў Маскве?..

— Вярнулася. Ранішнім цягніком.

З нечаканкамі ён — гэты маскоўскі ранішні цягнік.

— А Фелікс?..

Лі-Лі паклала руку на майго раманчыка.

— Што табе да Фелікса?

А што мне да Фелікса?..

— Нічога. Але ты з ім паехала...

— Трэба было ратаваць...

— Зратавала?

Лі-Лі кіўнула.

— І кінула?.. Чаму кінула?

— Бо ўсё ў яго цяпер, як мае быць. А я не магу быць з тымі, у каго ўсё, як мае быць.

У мяне, значыць, не так...

— А ў мяне што не так?

Лі-Лі прыціснулася.

— Ляжыш тут адзін на трыбуне...

— Ніяк разабрацца не магу: што?..

— Я напісала табе, што. Ты чытаць не ўмееш?

— Думаў, ты не ўмееш пісаць.

Лі-Лі падымала, падымала раманчыка...

— Я ўмею тое, чаму ты навучыў...

— Ты напісала, што я навучыў кахаць.

— І кахаць... Давай гэтак зробім, як ты пра Маскву расказваў...

— Не я расказваў, мне...

— Ну табе... табе...

Далася ёй тая Масква.

У Маскве я музыкай для кіно падрабляў, нідзе не плацілі за музыку столькі, колькі ў кіно, і туды не ўшчаміцца было — школьны сябар Пойменава, заслужаны кінааператар маскоўскі пасадзейнічаў. Заслужаны цынік, як і амаль усе маскоўскія, ён і расказваў...

Для дакументальнага фільма ў юбілей рэвалюцыі ён Чырвоную плошчу здымаў: парад і шэсце, правадыроў на трыбуне Маўзалея. Здымаў са Спаскай вежы, адтуль, дзе крамлёўскія куранты, каб, як замыслілі ў фільме не меней заслужаныя сцэнарыст з рэжысёрам, маятнік курантаў калыхаўся ў кадры, пяцігодкамі адлічваючы велічны час новай эпохі...

Памочніцай ягонай практыкантка была, студэнтка апошняга курса інстытута кінематаграфіі. Таленавітая, дык сама і прапанавала: “А давайце трахнем гэта ўсё, калі яшчэ такі выпадак падвернецца?..” І ён адставіў камеру, паставіўшы перад сабой практыкантку, якая, сапраўды здольная, яшчэ і кувала з курантаў. Танкі ідуць — ку-ку танкістам, ракеты вязуць — ку-ку ракетчыкам, самалёты ляцяць — слаўным сокалам ку-ку. Ну і, канечне, канчаючы, правадырам... Над імі жывымі на трыбуне, над іх партрэтамі ў калонах, над крыкамі “ура!” і “няхай жыве!”, над сцягамі і транспарантамі, над Чырвонай плошчай, над Масквой і ўсёй краінай ад Брэста да Хабараўска, а наце вам! канчаючы! — ку-ку, ку-ку, ку-ку...