Выбрать главу

— Тут вежы няма.

— Мы на саркафаг забярэмся. На дах.

Недабудаваны гмах, які Лі-Лі называла саркафагам, пластаўся насупраць урадавай трыбуны — цераз плошчу.

— А свята?..

— Зараз пачнецца.

— Без прычыны?..

— Як усё пачынаецца, — нецярпліва пацягнула мяне Лі-Лі. — Пайшлі...

Падняцца на саркафаг аказалася не проста, мы доўга-доўга караскаліся па сценах, па лесвіцах, па рыштаваннях, і пакуль падымаліся, і калі нарэшце выбраліся на дах, якраз прыспела нейкае велічнае свята... я ніяк згадаць не мог: якое свята ў жніўні?.. сусветны дзень Правадыра? — і плошча пад намі кіпела транспарантамі і сцягамі, і бліскаў трубамі зводны аркестр Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, і ўрадавая трыбуна была забіта правадырамі: добра, што Лі-Лі мяне там знайшла, а то б растапталі. Сярод правадыроў былі тыя, каго я ведаў, Хусэйн і Арафат... хоць Арафат, па-мойму, зусім не бандыт, тады чаго ён з Хусэйнам ды з Хусэйнам?.. — і былі тыя, якіх я пазнаваў, Пол Пот і Самоса, Фідэль і Кім Ір Сэн, Чаушэску і драбнейшыя, але большасці я не пазнаваў і не ведаў, а іх было столькі, што яны не мясціліся на трыбуне, адзін на аднаго напіралі і напіралі, і тыя, якія былі ўперадзе, саскоквалі з трыбуны, каб іх не прыдушылі, але зноўку кругам беглі ў спіну заднім, каб напіраць і напіраць...

Незразумела было, чаго яны ўсе адразу гэтак шчэмяцца ў першы шэраг, маглі б усё ж, як правадыры, неяк цывілізавана, па чарзе... ды ўсё адкрылася, калі голас, які звычайна здравіцы ў святы прагалошвае, гучней за сябе крыкнуў: “Слова для абвяшчэння новага правадыра ўсіх часоў і народаў та-ва-ры-шу Ле-ні-ну!!!” — і Ленін паперадзе сваёй труны з вакном, што на катафалку за ім паспявала, выбег з саркафага, які, аказваецца, для яго будавалі, каб з Масквы ў Мінск перавезці, бо тут першы з’езд РСДРП праходзіў, зусім недалёка, цераз рэчку, з саркафагу гэты дом відаць, да яго пяць хвілін хады, а з горкі на катафалку дык і хутчэй, калі захоча там сустрэцца з кім, ці проста чаю папіць Ленін, які цераз плошчу падбег да трыбуны, падскочыў і ткнуў пальцам у таго, хто ў цэнтры ў першым шэрагу ў той момант аказаўся:

— Ён!

Выглядала, што Леніну напляваць, каго пасля сябе найвялікшым правадыром аб’яўляць. І ўсё пра тое, як ён Сталіна ў правадыры не хацеў, — казкі...

На трыбуне, адзін на аднаго напіраючы ўжо для таго толькі, каб зірнуць, хто ён? — незадаволена прагудзелі... Хоць Ленін і ў гаспадара пальцам ткнуў, але ж кожны разлічваў... Толькі што зробіш, калі ўжо ткнуў?.. Не свая краіна, не свая ахова — дык прагудзець хіба.

— Ды які з яго правадыр! — весела крыкнула Леніну і ўсім астатнім правадырам, на якіх Ленін пахмурна паглядаў, Лі-Лі. — Так забаяўся, што ўсраўся, калі я са станіка бомбу дастала!

Жартаўніца Лі-Лі!.. Не такі ў яе станік, каб бомба ўлезла, і Лі-Лі, канечне ж, не бомбу, паперы з яго дастала, якія ў сейфе знайшла, але крыкнула, што бомбу — так ёй было весела на даху, стоячы на краі якога фрагментам квадрыгі, мы зверху ўсё, што ўнізе, трахалі. Лі-Лі скакала, ляцела, выгіналася, дыбілася перада мной маладой кабылкай — і над плошчай, над зводным аркестрам Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, над сцягамі і транспарантамі, над трыбунай з напіраючымі правадырамі сцялілася на ветры яе каштанава-чырвонасцяжная грыва...

— На востраве свабоды засранцаў не абвяшчаюць! — рашуча сціснуўшы кулак, ускінуў руку Фідэль, і Кім Ір Сэн ускінуў: — І на паўвостраве!..

— Ну, калі ўсгаўся... — засумняваўся ў сваім выбары Ленін, і Лі-Лі дадала яму сумненняў:

— Вы гляньце на мяне!.. І ён мяне — такую! — з перапуду не трахнуў!

Усе правадыры і Ленін паглядзелі на Лі-Лі — і відаць было, што Ленін не знаходзіць, што сказаць, а Фідэль апусціў кулак і развёў рукамі: маўляў, пра што гаварыць...

Ленін пахістаўся з наскоў на пяты, заклаўшы вялікі палец левай рукі за камізэльку, правай рукой махнуў: “А газбігайцеся вы, підагы, самі!” — лёг у труну з акном і пакаціўся з горкі на катафалку.

Гэткіх жэстаў ад Леніна не чакалі — і ўсе разгубіліся, як усраліся, нават нечага забаяліся...

— Злабайце вы што-небудзь! — нікога і нічога, нават цеснай магілы, калі са мной Лі-Лі, не баючыся, прагалёкаў я Тырдзе, тамбурмажору, які даўным-даўно побач са мною ў зводным аркестры Чырвонасцяжнай Беларусскай ваеннай акругі на тубе граў, бо на чым яму яшчэ граць, калі прозвішча ў яго такое, Тырда, а туба гучыць тыр-да, тыр-да-да, не прозвішча ж з-за гэтага мяняць, ды музыкант ён і з гэткім прозвішчам класны, пачуў мяне і ўскінуў бунчук, палку з хвастом, якая таксама тамбурмажорам называецца, таму выходзіць, нібы тамбурмажор самім сабою тамбурмажорыць, лабухам абы пацешыцца — і аркестр джаз лабануў!.. а вы думалі лабухі для таго, каб маршы вам выдзімаць?.. выдзімаюць, канечне, бо куды падзецца... сорамна, але ж неяк трэба карміцца, а так бы!.. думаеце, яны не цямяць, для каго выдзімаюць?.. і што для вас выдзімаць — гэта вам служыць... дык адсмакчыце!.. у-у, як варыяцыі “My insomnia, my sleeplessness”лабанулі!.. свінгуючы, вунь што першая труба вырабляе!.. у-а-о-у-а!.. — срэбрана ўверсе і свінцова ўніз!.. вось адкуль у Лі-Лі такія гукі... і Луі наўмысна для яе высака-высыка і чыста-чыста, там, дзе анёлы, як толькі Луі, гэты чорны бог, умее: а-о-у-а-о!.. я і не ведаў, што Армстранг у аркестры... і Майлз Дэвіс... і Дзізі Гілеспі з братамі Марсалес... і Бэні Гудман... і Джон Калтрэйн... ё-маё!.. а вакал які!.. ну, Тырда, які вакал паставіў!.. Элу з Дзюкам!.. і Макартні, абняўшыся з Мулям — лом які: песняры з бітламі!.. і Дзін Рыд, якога вы ў нямецкім возеры ўтапілі, ды нездарма кажуць: “Паміраць, дык з музыкай!” — не з вашымі ж бляцкімі прамовамі!.. дык хулі вы там на трыбуне выстаўляецеся, хто вы супраць нашых?.. во, блін, аркестр які Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі!.. як Шчырыца шчыруе!.. як Барма барміць!.. не горш за Дзізі і Майзла!.. тыя нават косяцца трохі: што за дудары, чаму не чулі?.. а Змей з флейтай, як змей, звіваецца, яму б толькі якую флейту абкруціць, а Люты на малодшага брата Марсалеса ў імправізацыях насядае, насядае!.. які джэймс-сэйшэн!.. вам на трыбуне толькі раты разаўляць!.. правадыры-мурыны ўжо танцуюць, у мурынах хоць кроў кіпіць... яны б самі злабалі, ды дудкі не ўзялі... а вы насупіліся ў капелюшах: лабухі вам не падабаюцца!.. пасадзіць, каб ведалі!.. і давай мяне, як зайца, ганяць!.. па карцэрах, па сральнях, па трыбунах!.. — за што?.. за тое, што адны з вас хацелі ўкрасці, а другія з вас у вас перакралі?.. дык я пры чым, разбірайцеся самі, вунь як аркестр лабае, у мяне свая кампанія, у вас хрэн такая будзе, Ленін правільна сказаў, што вы підары, і што мне да ўсіх да вас — пайшлі вы ў задніцу!..