Думаць і любіць — гэта рознае.
Неяк дослед псіхалагічны — у фільме нейкім навуковым, Каміла паглядзець прынесла: “Кіно пра цябе...” — мяне ўразіў. Розным дзецям клалі цацку за спінай: “Твая будзе, калі ўгадаеш, якая”. Потым рабілі выгляд, нібы адыйсціся трэба, і папярэджвалі: “Не падглядвай, бо вернемся і забярэм”. Адышоўшы, назіралі і, вяртаючыся, пыталіся: “Падглядваў?..” Не падглядвалі, альбо, падгледзеўшы, праўду казалі толькі дурнаватыя дзеці. Астатнія ўсе як адзін падглядвалі і манілі, што не.
Няма дурных — праўду казаць.
А кіно — гэткае ж пра мяне, як і пра ўсіх... Як мы нараджаемся, жывем і паміраем. І калі з тым, як нараджаемся і чаму паміраем, можна яшчэ разабрацца, дык з тым, як і нашто жывем...
— Лабухі на пахаванні сыграць гатовыя, — даклаўся Росцік. — Як ты?..
— Я таксама.
Ён не зразумеў.
— Што таксама?
— Сыграць гатовы. Прывязеш заўтра дудку?
У Росціка труба ёсць. Класная труба, ён расказвае ўсім, як яе ў Майзла Дэвіса ў карты выйграў. І, каб паверылі, расказвае яшчэ, як Майзл Дэвіс анекдот яму расказваў. Пра лабуха амерыканскага, які ў бальніцы ляжыць, і лабухі амерыканскія праведаць яго прыходзяць. А доктар кажа: “Хутчэй, яму пяць мінут засталося”. Тыя ў палату: “Джон, ты хацеў бы з Джымі Хендрыкам злабаць?..” Лабух, ледзь дыхаючы: “Усё жыццё марыў...” — “Тады бывай, у цябе пяць мінут на зборы, Джымі не любіць, калі спазняюцца”.
— Дык ты ж тут неяк... — азірнуўся Росцік.
— Нармальна. Хто я яму? А так — усе на месцах.
Росцік сказаў:
— Што ж...
Увайшоўшы ў пакой Ігара Львовіча, я адчуў, што мне на Аліка глянуць таксама страшнавата. Можа, не так, як Зіначцы, і не на Аліка... яго я з морга забраў бы, каб не бзік Лідзіі Паўлаўны, якая чорная сядзела каля труны... страшнавата глянуць на Альгерда. Але адпрасіцца з пахавання мне не было ў каго.
Я не пазнаў яго. Не тое, што не пазнаў, гэта быў, канечне, Алік, каму яшчэ быць, але і не Алік, не хлапчук — смерць зрабіла з хлапчука дарослага мужчыну. Я ўбачыў, як яна стаяла над ім, чыста-белая, непрыхавана шчаслівая, што прыняла дастойнага, і ўсё хацела паправіць валасы, у Аліка пасма выбілася з-за вуха, але не магла паправіць, каб не заўважылі — і тады Лідзія Паўлаўна паднялася і паправіла. Алік і перад смерцю ў белым, і перад Лідзіяй Паўлаўнай у чорным, перад усімі быў спакойны, перакананы ў праваце таго, што звяршыў.
Я не быў гэтак перакананы, як ён, і спытаў: “Што ж вы, Альгерд Альгердавіч?..”
Ён ледзь заўважна ўсміхнуўся, зразумеўшы, што я быў у яго дома.
“Як там?”
“Нармальна. Казіміра бачыў”.
“Бацька так і не вярнуўся?”
“Не. — Мне захацелася нечым зачапіць яго, каб ён не быў такі спакойны і перакананы ў праваце. — Ты нашто сказаў, што бацька проста п’яніца?”
“Я не так казаў. Вы так зразумелі, каб прасцей. А тлумачыць — каму слухаць хочацца?”
“Я б паслухаў...”
“І што? Кінуліся б дапамагаць?.. Вы і так мне дапамаглі — у Лідзіі Паўлаўны пасялілі. Яна вунь, бачыце, як маці...”
“Дык пашкадаваў бы”.
У Аліку нешта торгнулася, трохі сказілася правата — і Смерць сказала, не прамарудзіўшы:
“Тут няма каго шкадаваць”.
Алік зноў стаў спакойны, ён давяраў Смерці.
“Чаму Зіначкі няма?”
“Баіцца”.
Ён другі раз усміхнуўся — якая летуценная ў яго ўсмешка:
“Я б таксама баяўся. Дзіця...”
“Ёй столькі ж, колькі Лі-Лі”.
На твары Аліка адбілася спакойнае здзіўленне.
“Сапраўды... Я пра гэта не думаў... Тым больш...”
“Што тым больш?”
“Тым больш дзіця. Вы ёй скажыце, што і заўтра можа не прыходзіць. Мёртвым гэта без патрэбы, а жывым цяжка”.
“Я ёй скажу. І папрасіць хачу...”
“Вы ў мяне?.. Што?”
“Можна я на могілках казаць не буду, а на трубе табе сыграю?”
Алік чакаў, што скажа на гэта Смерць. Спытаўся ў яе: “Хіба пра такое просяць?..” — Тая пацепнулася, і тады Алік згадзіўся: “Як сабе хочаце, сыграйце... А то Зіначка пра вас: ён музыкант, ён музыкант, а я і не чуў ні разу”.
“Зіначка перад табой не вінаватая. Толькі я”.
“Я ведаю. Цяпер я пра ўсё ведаю... Ніхто не вінаваты, толькі кожны сам. І калі...”
“Досыць! — раўніва перапыніла Смерць — і я перастаў чуць Аліка. — Паспееце нагаварыцца, гэтага не так доўга чакаць, як здаецца”.
“А там я буду з ім?..” — спытаўся я ў Смерці, і яна сказала нервова, бо ў Аліка зноў пасма з-за вуха выбілася, валасы жылі сваім асобным жыццём, з якім Смерць не спраўлялася: “Па мне дык не, але там не мая парафія”.
Я, не паварочваючыся, спінай выходзячы ў прыхожую, ледзьве не грымнуўся, зачапіўшыся за парожак, і схапіўся за вешалку, учапіўся за футра Лідзіі Паўлаўны. Зноў павесіць ніяк не мог... Дапамагла незнаёмая маладая жанчына — павесіла: