Музыкант, які хоць трохі не пажыў жыццём лабуха, не музыкант, а так... нешта такое... творца... кампазітар...
Лабухі прасякаюць, пра што я.
Я з часу “Beatles” і “Песняроў”. Хай трохі пазнейшы, хай байструк — але байструк таго часу. Каб вы ведалі: бітлы і песняры былі ў мой час на роўных. А калі нехта з вас казліную морду зморшчыў: якія там “Песняры”! — дык пайшлі вы!..
Бачыў я казлоў... Ледзь не скакалі ад радасці, калі “Песняры” распадаліся. А спытай: “Ты чаго скачаш? Табе самому з гэтага хоць качан капусты перападзе?..”
Не! — іх камбікормам не кармі, калі нешта сапраўднае сканчаецца. Ім здаецца тады, нібы гэта ўжо яны на спусцелым месцы сапраўднымі выглядаць пачынаюць, рожкі паказваюць — жмурыкі, чмо балотнае.
Час ад часу я сустракаюся з песняроўскай легендай, з Мулям, і мы пытаемся адзін у аднаго, як хто жывы, ну і пра розныя дробязі. Пра большае пытацца неяк няма пра што, ён і старэйшы за мяне, і... Лабаць мяне ў “Песняры” Муля некалі не ўзяў — і правільна зрабіў. Я лабух, а ён Муля, — на што тут крыўдаваць?..
Вось гэта трохі рознае: лабух — і Муля. Разумееце?.. Тут, як сам Муля кажа, нюансы... А пра тое, што ўжо не трохі, а зусім рознае, Муля кажа: лабухня. Не лабухі, а лабухня — адчуваеце?..
Я з ім не раўняўся і не раўняюся. Падобнае ў нас хіба толькі тое, што мы паралельна разводзіліся... Як з Лідзіяй Паўлаўнай я паралельна разменьваўся... Ну, з Мулям не так паралельна, ён раней пачаў... Але нават гэта выходзіла ў нас па-рознаму: у яго — глабальна. Ён сыходзіў з чарговага сямейнага жыцця, як Талстой з Яснай Паляны. Куды і да чаго прыйшоў — гэта ягонае... Кожная хатка — свая апратка. І ўсё ж я мудрэйшым за Мулю сябе пачуваю, трэцім разам не ажаніўшыся...
Некалі Мулю помнік стаяць будзе, а пакуль што ў Мулі хрэн на блюдзе. Росцік для яго праект прыдумаў, з якога на ўсё жыццё і на помнік хапіла б — Муля адмовіўся. Праект быў на Расію, таму перад мафіяй маскоўскай прагнуцца трэба было: ледзь-ледзь, ні для каго незаўважна — але дзе там... У Мулі ў Маскве і свае былі, яшчэ б іх не было, Росцік з імі ўсё і замуціў, ды ў Мулю — як лом нехта ўвагнаў і вынуць забыўся. Ён не казаў: імя, гонар, але ўсё яно сказалася, калі Муля кінуў: “Лабухня”.
Росцік пакрыўдзіўся: “Неперабудаваны лабух — клініка”.
А Гарбачоў пад той час даўно перабудову прыдумаў і пагарэў праз яе. Народ савецкі, перш за ўсё рускі, перабудоўвацца не рушыў. Азірнуўся навокал: всё, блядь, то же, а водка, блядь, дороже. Гарбачоў, пагарэўшы, здзіўляўся: як яно так выйшла?.. З паскарэннем, сацыялізмам з чалавечым, як у членаў палітбюро, тварам — і з усім астатнім. Генсек КПСС і не падазраваў, што прыдумаў перабудову для лабухаў, ні для каго больш. Адны лабухі і перабудаваліся. Так што Муля і з гэтага боку — не надта лабух, і Росцік дарма на яго, як на лабуха нармальнага, разлічваў...
Да перабудовы, каб лабух зарабіў нешта пры сваёй стаўцы каля чырвонца за канцэрт — на дзве пляшкі гарэлкі з плаўненым сырком і ліверкай — трэба было пракручваць па два, па тры і чатыры канцэрты ў дзень, што называлася “чосам”. “Чос” строга забараняўся, лічыўся халтурай, купляючы білеты на якую, савецкія грамадзяне нібыта не дабіралі ў якасці музычнага мастацтва. Грамадзяне, магчыма, і не дабіралі, а лабухі дык здорава перабіралі, “чэшачы” ў сібірах і на далёкіх усходах, здаралася, і па пяць штодзённых канцэртаў, першы пачынаючы ў адзінаццаць раніцы і апошні — а поўначы. І ўсё гэта жыўцом, знемагаючым горлам, знясіленымі лёгкімі і знямелымі пальцамі! Лабухі ўсе да аднаго сканалі б, калі б з перабудовай не перабудаваліся. У змаганні за тое, каб якасць музычнага мастацтва заўсёды і для ўсіх савецкіх грамадзян была аднолькавай, яны пачалі “часаць” пад запіс, пад “фанеру”. Закруціўся на пульце гукарэжысёра магнітафон, заспявала і зайграла нястомнае жалеза, а вакалісты адно разяўлялі раты, і лабухі толькі выгляд рабілі, быццам лабаюць. Пра гэта ведалі і тыя, хто на паперы ў суровых загадах “чос”, тым больш “фанерны”, нібыта забараняў, а на справе дазваляў і нават пашыраў, бо меў з яго сваё, і ведалі тыя, хто плаціў за гэта — купляў і купляў білеты. Апошнія па даўняй савецкай звычцы абсалютна не зважалі на такую драбязу, як якасць таго, за што яны плацяць. Савецкія грамадзяне, былыя і цяперашнія, хоць яны ўжо нібыта не савецкія — гэта найлепшыя ў свеце купляльшчыкі любой хрэнацені.
Як весела прасвіствалі яны свае грошы, калі фанаграма раптам абрывалася, а вакалісты ўсё разяўляліся, хапаючы паветра нямымі рыбінамі. З якой радасцю, з якім шчасцем за свае ўласныя грошы яны надурваліся!.. І надурваюцца дагэтуль, бо шмат што змянілася з той пары, але заваяванае лабухамі права на “фанеру” ніхто адмяніць не здолеў і наўрад ці здолее. Яго, як рэвалюцыйную заваёву, якраз і ўзаконіла перабудова, і тым самым вывела лабухаў з цесных, душных і нават пры “чосе” малакасавых канцэртных залаў на прасторныя стадыёны!.. Тут ужо, на стадыёнах, у канцы 80-х і пачатку 90-х гадоў слаўна-рэвалюцыйнага ХХ стагоддзя, хто паспеў, той і з’еў.