— А цяпер?
— І цяпер не. Прывык.
— Бацька музыкант?
— Інжынер. Кампутарамі займаецца.
“Вунь яно што...”
— Ты з маім сынам сябруеш?
— Не тое, што сябрую... Курырую. Ён дзіця ў вас, а мне ўжо дваццаць.
Я ўгледзеўся ў яго і не паверыў.
— Не выглядаеш...
Поль усміхнуўся гэткай нябеснай усмешкай, што я зразумеў Марту: незвычайны... Ледзь не захацелася прыціснуць яго да сябе ды расцалаваць.
— Тым і карыстаюся...
“Глядзі ты, адкрыты які...”
— Ну, кожны карыстаецца сваім... Што ты ўмееш?
— Нібыта граць... нібыта спяваць...
— Тады спявай.
— Што?
— Што хочаш.
— А можна вашу песню?..
“Херувімчык ды яшчэ і хітрунчык...”
— Давай маю...
— Вы падыграеце?.. Ці я сам?
Я падняўся з-за стала і падышоў да раяля.
— Якую?
— “My insomnia, my sleeplessness...”
— У мяне няма такой песні.
Поль зрабіў выгляд, нібы разгубіўся.
— Як няма?.. Ёсць. Вы яе ў Майкла Джагера злізалі. — Ён сыграў пачатак мелодыі... — Забыліся?.. Геніяльная песня, я вырастаў з ёй. — І ўсміхнуўся сваёй анёльскай усмешкай...
— Та-а-к... — Я не знаходзіў, што сказаць, апроч гэтага “та-а-к”, і ў мяне міжволі сціснуўся кулак, але я толькі сціснуў яго і расціснуў, сціснуў і расціснуў...
Гадоў дваццаць таму, калі я лічыў сябе не лабухам, а музыкантам, і сіліўся стаць кампазітарам, Поль сваю ўсмешку анёльскую праглынуў бы разам з зубамі, мала што хлапчук... Злы я быў, калі шчыміўся ў геніі.
Я не злізваў мелодыю ў Джагера, падобны быў толькі пачатак. Некалькі нот — дзе-небудзь у сярэдзіне ніхто б і не заўважыў...
Яно як здараецца?.. Пачуеш мелодыю, забудзешся на яе, зусім не помніш, а пасля яна ўсплывае, як твая. Гэта рэмінісцэнцыя, ты выпадкова, не свядома прысвойваеш нешта з чужой музыкі, аднак паспрабуй потым тое некаму давесці...
Мяне не аднойчы, як пысай шчанюка ў сікі, тыкалі ў тыя джагераўскія ноты, але ж не хлапчукі тыкалі, якія прыходзілі, каб я іх праслухаў! Поль дэманстраваў наўмыснае, разлічанае, вытанчанае нахабства, якое нешта мела на мэце, толькі што?.. Пра гэта я ніякай здагадкі не меў — і глядзеў на незвычайнага Поля, усё больш раздражняючыся. Занадта дзявочы твар, занадта пунсовыя губы, пушыстыя вейкі, занадта ў ім усяго прывабненькага... Кандыдат у гомасекі, калі ўжо не там. Дарэчы, чым ён з сынам маім займаецца, куратар?..
Пакуль сціскаў я і расціскаў кулак, Поль, чакаючы, зноў прабег пальцамі па клавішах, паўтарыўшы мелодыю.
— Не крыўдуйце... Вы з густам музыкант, не абы-што ўкралі.
Можа, даць яму ўсё-ткі?.. Не біць — шчотачкай пад задніцу...
Ён відавочна правакаваў мяне, нахабства было ўжо дастаткова, каб болей не трываць, выставіць анёла за дзверы, толькі што з таго?.. Поль нібы адразу пастанавіў давесці, што я ні ў чым не пераважаю яго, нічым за яго не лепшы, сапернічаў са мной без прычыны саперніцтва, ці прычына была, але я не ведаў яе...
Я не стаў яму дзякаваць за камплімент.
— Выходзіць, ты падлавіў мяне і з тым прыйшоў? Каб я цябе паслухаў і на сцэну паставіў?.. Ты нармальны?
Поль зноў заўсміхаўся, ён, мусібыць, проста не мог, не ўмеў не ўсміхацца.
— А вы?
Давялося яшчэ раз стрываць.
— Думаю, што нармальны.
— Дык і я так пра сябе думаю... І бацька мой, які мяне Полам назваў, так пра сябе думае, і маці, якая перайначыла ў Поля... У краіне, дзе я Павэлкам, ну, няхай Павалам быць павінен, гэта нармальна?
Я падумаў пра Лі-Лі.
— Тут якраз нічога такога... Адзін мой знаёмы, зусім нармальны, доктар філасофіі, па-кітайску дачку назваў.
— Лі-Лі? — імпульсіўна спытаў Поль — і амаль няўлоўна, на імгненне прыкусіў губу ў куточку рота, пашкадаваўшы, відаць, што спытаў.
Ці не тут прычына?..
Гэтага я не чакаў, нешта торгнулася ўва мне, адразу згадаліся словы Лі-Лі: “А то я ці проста ляжу, ці стаю на карачках, соўгаюся...” — і мне не без намагання даўся выгляд, быццам я ніколькі не здзіўлены тым, што Поль ведае Лі-Лі. Але, каб не спытаць пра гэта нібыта абыякава, утрымацца я не здолеў:
— Вы знаёмыя?
Ды й трэба было спытаць, чаму не?..
Поль да знаёмства з Лі-Лі быў таксама ўжо нібы абыякавы.
— Знаёмыя. Спяваць спрабавалі разам... Лі-Лі спявае някепска, не чулі?..
Я не чуў. Не думаў нават, што Лі-Лі спявае. Калі не лічыць спевамі гукі, што вырываюцца з яе ў нябесных палётах. Так мало хто спявае. Ды ніхто так не спявае, апроч Лі-Лі.
Але ж не з некім.
Што гэта са мной?..
Лі-Лі і сама не хавалася, што ўсё ў яе да мяне было, хоць і без палётаў... Яно і не магло не быць, смешна думаць, і я адносіўся да гэтага спакойна, наогул я ніяк да гэтага не адносіўся... Толькі што з “прафесаршай...” Брыдотна, магло гэтага не быць, але, калі ўжо так выйшла... Я музыкант, мне мала адной песні...І раптам... толькі што... уявіўшы Лі-Лі з гэтым анёлам... Ды само сабой!.. непазбежна!.. такі прыгажунок з такой прыгажуняй!.. як яны маглі абмінуць адно адное, не пакаштавацца?.. Калі толькі ён сапраўды не з блакітных — па голасе зараз і распазнаем...