Выбрать главу

— Не чуў я, як Лі-Лі спявае, — стаў шукаць я ў стале... што-небудзь, каб рукі заняць. — Давай ты ўжо голас падай, калі з сабой прынёс.

— Прынёс, — дастаў Поль з кішэні касету. Я ўзяў яе, пакруціў у руках і кінуў на стол.

— Так не пойдзе... Нашто мне запіс слухаць, калі ты тут жыўцом?

Белы, як снежка, твар Поля паружавеў.

— Я не буду спяваць.

— Чаму?

— Не хачу...

Ды ў яго самыя звычайныя комплексы! Баіцца і, каб абараніцца, вырашыў нападаць... А я ўжо чорт ведае да чаго дадумаўся!

Сеўшы за раяль, я ўзяў некалькі акордаў той самай “злізанай” джагераўскай мелодыі. Але сваіх акордаў...

— Давай, давай гэтую скрадзеную, з якой ты вырастаў... Не заціскайся, нікога ж, апроч нас, няма...

— Ёсць!

Поль, ледзь не адбіўшы мне пальцы, ляснуў вечкам клавіятуры.

— Не буду я спяваць! Вы тупы, як калун! Нічога не зразумелі! Банальна ўскрыўдавалі! — кінуўся ён да дзвярэй. — Я ад пачатку не хацеў, каб вы ўва мне памыляліся! Бо я зусім не той, кім выглядаю!

Ён ужо выходзіў, але я паспеў яшчэ спытацца ўслед:

— А кім ты, думаеш, выглядаеш?

— Анёлам! Хіба не так?.. А ўва мне д’ябал жыве!

І ляснулі дзверы.

Каб насамрэч я што-небудзь зразумеў — дык забі мяне гром... Трэба будзе Марце пазваніць, ці нават спаткацца з ёй: што гэта такое?.. І на хрэн нам прысніліся такія незвычайныя?..

Касету я паслухаць не паспеў: пазваніў Росцік і сказаў, што чакае лазня.

IV.

Росцік калі і ўзяў піва, дык глыток на двух, а мог і зусім не ўзяць, скажа: “Мая лазня — тваё піва”, — і па дарозе я заскочыў у краму, дзе наткнуўся на пакамечанага і пакалашмачанага Алеся Крабіча, з якім былі мы некалі сааўтарамі і напісалі з тузін песень. У свой час, звязаны сем’ямі, праблемамі іх дагляду і пракорму, ва ўсім вольнаму Крабічу я нават зайздросціў. Да пачатку ўсялякіх там саюзных перабудоў і нацыянальных адраджэнняў Крабіч жыў сабе нармальным жыццём паэта, вершаваў, піў і гуляў, а потым даў нырца ў барацьбу — і дагэтуль з яе не выплывае, хоць піць не кінуў. Перапачывае ён ад барацьбы хіба толькі з перапою — і сёння, выглядала на тое, быў дзень адпачынку.

Паэт Алесь Крабіч спаткаў мой позірк вачамі пакутніка, падняў руку і пуста пстрыкнуў пальцамі... Я падумаў і вырашыў, што цэхавае братэрства ёсць цэхавае братэрства, лабухі ў ім разам з паэтамі — ды й двум нам з Росцікам трэці не надта зашкодзіць.

— Ты галодны? — спытаў я Крабіча, і ён на пытанне маё зморшчыўся: “Якая яда!..”

Да перакруту з паэтаў у змагары Алесь быў для мяне калі не найблізкім сябрам, дык і не староннім чалавекам... Ва ўсялякім разе адным з тых нямногіх сярод мужчынскай хеўры, каго мог я паблізу трываць. Заадно, праўда, даводзілася трываць і ягонае нахабства, якога з гадамі, калі ён пачаў прапівацца, усё болела і болела. Паэт прыроджаны, ён да таленту свайго адносіўся недаверліва, як да нечага дзіўнага ў ім і не яму прыналежнага, і, напіваючыся, крычаў звычайна тым, хто ўпікаў за п’янку: “Не сваё прапіваю!.. Не ваша!.. Ні-чый-на-е!..” Пра палітыку ў той час гаварыў ён рэдка, не глядзеў тэлебачанне і не чытаў газет, толькі кнігі, якімі заваленая была ўся ягоная, перагароджаная напалам з братам-міліцыянтам, даўжэзная, як два сашчэпленыя вагоны, хата на Грушаўцы, куды я часцяком збягаў і ад першай, і ад другой сям’і, і дзе мы нясумна бавілі ночы з выпадковымі спадарожніцамі жыцця.

У адну з такіх начэй мы напісалі гімн. Прычым, хутка, за нейкія паўгадзіны, заведзеныя жаночым квартэтам, які ў тую ноч нам спадарожнічаў. У стомленай паўзе паміж нашымі гулькамі заплялася балбатня пра конкурс на новы дзяржаўны гімн — і квартэтысткі нас папросту справакавалі: ні за што вам, маўляў, гімн такі не напісаць, каб ва ўсіх выйграць, п’янтосы вы і імпатэнты...

На новы дзяржаўны гімн быў аб’яўлены конкурс, бо гімн стары, пра беларусаў з братняю Руссю, стаў нібыта гістарызмам. “Стварыць шэдэўр!” — заклікала маладая незалежная краіна сваіх музыкаў і паэтаў, і ўсе, хто ўмеў хоць адной рукой на гармоніку граць і маму з рамай рыфмаваць, навыперадкі кінуліся ствараць... Мы напісалі хай не шэдэўр, але і не кволенькі гімн змайстравалі — абодва здзівіліся. У Алеся стаяла піяніна старэнькае, я прысеў да яго — і музыка, як толькі таго і чакала, сама па клавішах прабегла, ад першай да апошняй ноты. Алесь звычайна падоўгу вымучваў вершы на музыку, а тут яны да яго таксама быццам самі прыляцелі, і такое адчуванне было, нібы вершы гэтыя і гэтая музыка даўно шукалі адно адное — і знайшлі. Голенькі вакальны квартэт з ліста, прафесіяналкі ўсё ж, той гімн і праспяваў — і гэта было феерычнае відовішча для брата-міліцыянта, які, пачуўшы гукі музыкі, зазірнуў на спеўку.