Выбрать главу

Брат-міліцыянт сказаў: “Гэта гімн! Стаяць хочацца!” — і квартэтысткі адразу спыталіся: “А колькі прастаіш?..”

Больш наш гімн ніхто, апроч голага вакальнага квартэта, не спяваў, і ніхто, апрача брата-міліцыянта, не чуў. Недзе праз тыдзень, калі я амаль дамовіўся пра запіс гімна з хорам і аркестрам, каб ва ўсёй красе паказацца на гімнавай камісіі, да мяне, ліхаманкава-нервовы, уварваўся Крабіч, згроб вершы і пры мне іх спаліў. Потым ён таптаў нагамі попел, крычаў — і аказалася, што я д’ябал, які разам з голымі ведзьмамі ледзьве не спакусіў яго, але беларускі Бог яму дапамог, адкрыў, што гімнавы конкурс — хітрая выдумка перафарбаваных камунякаў, бо для незалежнай Беларусі гімн даўно напісаны, гэта “Магутны Божа”, і не патрэбны ніякі іншы.

Мне шкада было музыкі, такая не кожнага разу прабяжыць па клавішах, ды й амбіцыі торгалі: а раптам?.. — і я сказаў спсіхаванаму Крабічу, што паэт ён на Беларусі не адзіны. Мне напісалі новыя вершы, шмат хто напісаў, я выбраў лепшыя і аддаў гімн на конкурс. Пасля гэтага Крабіч, сустракаючыся са мной, стаў пераходзіць на другі бок вуліцы. Неяк у інтэрв’ю на радыё ў яго спыталіся, чаму ён даўно ўжо нічога са мной не піша, і ён адказаў, што знацца не хоча з людзьмі, якія заадно з камунякамі і маскалямі.

Толькі гады праз два мы зноў пачалі здароўкацца...

А з конкурсу нічога не выйшла. У той гімнавай камісіі ўсе былі кампазітары ды паэты, і які адзін жывы кампазітар альбо жывы паэт маглі дапусціць, каб другі жывы кампазітар альбо жывы паэт сталі аўтарамі дзяржаўнага гімна?.. Адзін аднаго спляжылі, забамбілі — і засталіся беларусы з братняю Руссю, з савецкім гімнам, толькі без слоў. Пасля быў яшчэ адзін конкурс, ужо пры новай уладзе, але і новая ўлада пакінула беларусаў з савецкім гімнам, у якім ціхенькі прыўладны акын, якога, як кажа Крабіч, ад молі не адрозніць, трохі словы пераакыніў.

Я доўга не ведаў, Марту ўжо з Рыгі прывёз, калі дазнаўся, што з нейкай з нашых спадарожніц жыцця, якая абвясціла яму, што цяжарная, Крабіч быў прыажаніўся. Дзіця нарадзілася і памерла, спадарожніцу Крабіч выгнаў, смерць дзіцяці ўспрыняў, як Боскую кару, замкнуўся ў сваім пакутніцтве і жыў на Грушаўцы нелюдзімам. Адно змагацца выбіраўся.

Паўскрыні піва і дзве пляшкі гарэлкі, якія з прылаўка я перадаваў Алесю, каб дапамог паднесці, ён браў і засоўваў у кішэні адной левай рукой, правая рука вісела, як перабітая.

— Хто гэта цябе так?.. Грушаўскія?..

— Хрэнушаўскія... Шэсце ўчора было да пляцу Волі... Я па адзін бок, а брат па другі.

— Твой брат цябе так?..

— Не ён сам... Браты ягоныя... Мой з пастарунку мяне выцягнуў... Пасля паіў да паўночы, плакаў... І ведаеш, што сказаў?

— Што?

— Што правільна мы па розныя бакі! Зараз ён мне дапаможа, а потым, калі што якое, дык я яму... Куды мы з табой?

— У лазню.

— Правільна. Зараз ты мне дапаможаш, а потым, калі што якое, дык я табе...

Мушкетон, слуга Партоса, любіў расказваць, як у час войнаў каталікоў з гугенотамі бацька ягоны вынайшаў змешаную веру, якая дазваляла яму быць то каталіком, то гугенотам — гледзячы па выгадзе. Калі ён сустракаў каталіка, дык рабаваў яго, як гугенот, а гугенота рабаваў, як каталік... І ўсё у яго ладзілася, пакуль не аказаўся ён аднойчы між каталіком і гугенотам на вузенькай сцяжанцы... На дрэве павесілі, аб’яднаўшыся, каталік з гугенотам бацьку Мушкетона. Хітрага чалавека, які і сыноў сваіх зрабіў — аднаго гугенотам, а другога каталіком.

У лазні чакала неспадзяванка: Росцік адвёў мяне з раздзявальні ў пакой з камінам і більярдам, дзе пры каміне быў накрыты стол, і на прамілуй Бог пачаў прасіць, каб Алеся я выправіў.

— Налі яму шклянку — і няхай ідзе. Я людзей па справе запрасіў, памочніка дзяржсакратара і таго кандыдата ў дэпутаты, а з нацыяналістам гэтым якая справа? Ён жа ў бойку з імі кінецца!

— Не кінецца, у яго рука перабітая...

— Ён і з адбітай галавой кінецца! А то я не ведаю яго! Ды няхай сабе і пры ціхім, як пры ім дамаўляцца, ты што?..

Выправіць Крабіча я не мог — і раззлаваўся на Росціка.

— Папярэдзіць трэба было! Сказаў бы, калі званіў!

— А сюрпрыз? — спытаў Росцік, разумеючы, што і сам вінаваты... І далей абмяркоўваць не было чаго, бо ў пакой зазірнуў голы Крабіч.