Выбрать главу

— Тут госці да вас ломяцца... Морда ў аднаго аднекуль знаёмая...

— Я табе дам, морда! — штурхнуў Крабіча ў спіну і выпіхнуў з дзвярэй Барыс Шыгуцкі, шапачна знаёмы мне памочнік дзяржсакратара, мужык сапраўды з мордай, па якой бегалі па-хутаранску хітрыя, учэпістыя вочкі, што імгненна абшнырылі з кута ў кут увесь пакой. — А бабы дзе?..

Мусібыць, гэта належыла расцэньваць, як жарт.

Прыведзены Шыгуцкім кандыдат у дэпутаты, які ніяк не выглядаў і нічым не запамінаўся, увайшоў і сказаў:

— О, більярд...

Ён ніяк не выглядаў, але імя і прозвішча ў яго былі квяцістыя: Рычард Красевіч.

— Сёння парымся, распранайцеся... — замітусіўся Росцік перад дарагімі, на тры с паловай тысячы даляраў, гасцямі. — Баб іншым разам нагонім...

Алесь Крабіч, паэт і змагар з дыктатарскім рэжымам, адмяцелены ўчора міліцыянтамі, з’індэфікаваў нарэшце аблічча ворага і зыркнуў на Шыгуцкага ваўкалакам. Шыгуцкі таксама, пазнаўшы яго, не выявіў радасці ад сустрэчы, а Красевіч сказаў: “О, беларускі паэт...” Нічога добрага ў гэткай кампаніі чакаць не даводзілася, і я вырашыў, пакуль не позна, заняцца тым, дзеля чаго і закруціў Росціка з лазняй: чысціцца ды мыцца. Мне здавалася, што потам і міязмамі “прафесаршы” я ўжо да касцей прапах.

На палітычная страсці, якія віравалі ў краіне з канца васьмідзесятых, я глядзеў так, як глядзіш з берага на штармавое мора: страшнавата, але што яно мне, калі я на беразе? Адштарміць і суціхне... Я музыкант, на які чорт мне палітыка? Музыка пры любой уладзе — музыка...

Тыя, хто ўладарыў апошнімі гадамі — ні прэзідэнт, ні хэўра ягоная нічым мне не заміналі. Яны не надта мне падабаліся, выпірала з іх нахабная пыха людзей, што з гразі выскачылі ў князі, але і тыя, хто тузаўся з імі, каб скінуць, не выглядалі вытанчанай шляхтай. Нацыяналісты, камуністы, патрыёты, незалежнікі — усе былі для мяне на адзін капыл. Гвалт пра незалежнасць, дэмакратыю, нацыянальную ідэю, славянскае адзінства і народнае шчасце выклікаў слыхавую алергію — і хацелася, каб усе знямелі. Мяне не здзіўляла, што яны змагаюцца — якое тут дзіва? Мяне здзіўляла, што яны не заўважаюць, зацятыя ў барацьбе, як марна губляецца час і пуста мінае жыццё. Мне здавалася, што яны захварэлі, павар’яцелі і страцілі адчуванне часу, адмеранага ім у часе жыцця, якога на баку будучыні, за якую яны змагаюцца, усё меней... Ува мне адчуванне гэтае білася метраномам, імгненні токам душу пранізвалі, іголкамі цела наскрозь прашывалі: раз — і няма, два — і ніколі не будзе... Не тое, каб я надта баяўся памерці, я баяўся не жыць. Зараз, цяпер не жыць, пакуль жывы.

— Пах тут нейкі бабскі, — заходзячы з усімі ў парыльню, куды я паспеў праслізнуць першы, і дзе з мяне разам з маім потам выходзіў пот “прафесаршы”, пацягнуў носам Шыгуцкі. — Я заўсёды ведаў, што там, дзе артысты, там і бабы.. — І ён тыркнуў пальцам у жывот Росціку. — А ты мяне, каб мазоль працоўны паказаць, запрасіў?

Тыркнуў ён, мусібыць, адчувальна, бо Росцік прысеў.

— Дык не заказвалі, Барыс Сцяпанавіч...

— Не заказвалі!.. Жаданні начальства ўгадваюць, калі мець ад яго нешта хочуць. Нават патаемныя, а я не хаваю... Добра, што Рычард пакуль не дэпутат, без баб абыйдзецца.

— Я без баб не абыходжуся, — сказаў Красевіч. — Ні дня.

Тут не прамінуў, каб не ўставіць свае пяць капеек, Крабіч.

— Ды ну!.. Па абхадняку тваім не скажаш. Абы як глядзіцца абхадняк, без такога бабы і ператрываць могуць.

— Ён у яго, як у жарабца, у капшук хаваецца... — рагатнуў Шыгуцкі, а Крабіч ні да чаго зрыфмаваў:

— Хрэн з капшука ў былым цэка... Папарыш? — раптам сунуў ён адной рукой венік Шыгуцкаму. — Твае мяне паламалі, а ты адрамантуеш. Справядліва?..

Усе ўсё пачулі, нават Красевіч: будынак былога партыйнага ЦК пад рэзідэнцыю забраў прэзідэнт, выгнаўшы парламент, які, як у пекла ўпоперак бацькі, у той будынак праскочыў...

— Справядліва, — гэтак жа нечакана згадзіўся Шыгуцкі. — Я вас, нацыяналістаў, люблю, толькі выгляду не падаю... Кладзіся.

Злезшы з палка, я ўступіў месца Алесю, Шыгуцкі стаў над ім і з усёй сілы ўдарыў па хрыбціне камлём веніка.

— На! Я цябе адпару! Ты каму растыкаўся? Ты каго ў капшук?!.

Крабіч нават не зварухнуўся.

— Бі... Забі, ты ж гэтага хочаш? Вы ўсіх бы нас пазабівалі...

— І заб’ю! На кавалкі парву! — да крыві раздзіраючы спіну Крабічу, ашалела ўсхадзіўся Шыгуцкі, якога мы ўтрох ледзьве здолелі абваліць і выцягнуць з парыльні ў душавую...

Росцік глядзеў на мяне, як на чалавека, які ўзарваў сінагогу. Глядзеў і, здавалася, з адчаю слеп.

Крабіч выйшаў з парыльні, стаў пад душ — і вада з яго сцякала чырвоная. Цалавальніца-вада...