Выбрать главу

— Гарэлкай яго палі, — буркнуў Шыгуцкі, ужо трохі супакоены. — А то здохне ад інфекцыі, а я вінаваты буду... Яшчэ і героя з мудака злепяць.

Узяўшы прасціну, я выліў на яе амаль пляшку гарэлкі і накрыў Крабічу спіну. Прасціна адразу набраняла крывавымі плямамі.

— Не здохну я, — сказаў Крабіч. — Усіх вас перажыву, сукі бляцкія. Вунь і рука ажыла, ад нянавісці выправілася.

Шыгуцкі бліснуў зрэнкамі ў бок панічна разгубленага Росціка.

— Слухай, ты мяне запрасіў? Мне яго выкідваць?..

— Ніхто тут не стане нікога выкідваць, — адказаў я за Росціка, які ўжо і не бачыў, і не чуў са дна катастрофы. — Вып’ем і разыйдземся.

Алесь, відаць, надумаў мне дапамагчы і міралюбіва падыйшоў да Шыгуцкага.

— Чаго ты, вып’ем сапраўды... А пасля я цябе камлём адхвашчу.

— О, мір... — сказаў Красевіч, і Шыгуцкі, скрывіўшыся на Алеся, махнуў рукой:

— Ды пайшоў ты...

У каміннай, дзе сталі ладзіцца да стала, Росцік заспяшаўся наліваць. Крабіч, сцягнуўшы з сябе прасціну, спыніў яго.

— Чакай, не прападаць жа дабру... Рытуальна ўсё зробім...

— Не трэба, — з насцярогаю, бо ведаў штучкі Крабіча, запярэчыў Росцік, але Шыгуцкі, якому стала цікава, кіўнуў:

— Давай рытуал.

Крабіч падсунуў да сябе пустую талерку, выціснуў над ёй прасціну, пераліў выціснутае ў шклянку, падзяліў на ўсіх і, стоячы голым, збітым, раздрапаным, крыкнуў, узняўшы рытуальнае пітво:

— Ну, што, жыды з камунякамі?! Вып’ем крыві маёй за Беларусь!

— О, тост... — сказаў Красевіч, а Росцік, страсянуўшыся жывоцікам, плёхнуў ружовую гарэлку Крабічу ў твар.

Крабіч выпіў сваё і выцерся прасцінай.

— Можна і так. Рытуал да канца пакуль не адпрацаваны...

Росціка пакалочвала. Я перасунуў па стале да Крабіча сваю шклянку.

— На яшчэ... Можа, да канца рытуал адпрацуеш...

Крабіч узяў з-пад рук Росціка пляшку гарэлкі, даліў шклянку дапаўна і трыма глыткамі да дна выпіў. Не закусваючы, спытаў:

— А ты чаго калоцішся, Росцік? Гэта ж я жартам, жыды кроў не п’юць, байкі гэта...

— Вон! — збялелым шэптам сказаў Росцік. — Пайшоў адсюль вон!

Крабіч сеў і наліў сабе піва.

— Не ты мяне запрашаў.

— Цікава ў вас, — сказаў Шыгуцкі. — Без баб абыйсціся можна.

З нечаканкамі ў мяне сёння выходзіў відавочны перабор.

— Пайшлі, — падняўся я і ўзяў Крабіча са спіны пад пахі. — Табе пара...

— Ты мяне выганяеш?

— Я не выганяю цябе. Я прашу цябе пайсці.

— Дык не пайду, калі не выганяеш. Мне з вамі весела.

— Вон! Вон! Вон! — пачаў хапаць са стала і шпурляць у Крабіча ўсім, што пад руку пападала, Росцік. Крабіч нахіліўся пад стол — і кавалкі хлеба, сыра, кілбасы, нажы і відэльцы, слізгаючы па ягонай збітай спіне, ляцелі ў мяне. Росцік нібы не бачыў гэтага, не мог суняцца — і цяжкі, сталёвы, востры, як восці, відэлец утыркнуўся ў самы корань майго раманчыка.

— О, бля... — сказаў Красевіч. — Каб трохі ніжэй...

Я і сам, пахаладзеўшы, так падумаў.

— Ромчык... — разявіўшыся, застыў Росцік. — Я не хацеў...

Боль наскрозь працяў мяне ад раманчыка да хвастца, а ад яго ўніз і ўверх, да пятаў і да патыліцы. Відэлец упіўся, здавалася, ва ўсё маё нутро, у самыя глыбіні... Я выцягнуў яго — і па раманчыку пацякла кроў.

— Гарэлкай палі, — у другі раз адно і тое ж параіў Шыгуцкі і пырснуў. — Усё! Ад баб ты вольны, адной праблемай меней...

Ну, і што я цяпер Лі-Лі скажу?..

Росцік падбег з гарэлкай і чыстай прасцінай.

— Паехалі ў паліклініку, Ромчык... Ці мала што...

Я ліў на рану гарэлку, глядзеў на свайго скрываўленага раманчыка — і нада мной з высокага белага воблака, са снежна-тварожнай гурбы выляплялася і ўсё ніжэй і бліжэй апускалася студэнтка медыцынскага інстытута, піянерская медсястра, фея мая Таццяна Савельеўна. Калі нехта мне зараз і дапамог бы, дык гэта яна.

— Абразанне жыды зрабілі? — выцягнуў галаву з-пад стала Крабіч. — Магу і тваёй крыві за Беларусь выпіць.

— Накапай яму, — сказаў Шыгуцкі. — Няхай вып’е.

Крабіч перадумаў і пакрывіўся.

— Ага... Хуй я з хуя вып’ю...

Росцік пачаў збіраць з падлогі раскіданае.

— Прыдурак ён... Я даўно ведаю, што прыдурак, а ўсё забываюся... Разбіраюся, як з нармальным... Давай у паліклініку адскочым, Раман?

Можа, і праўда трэба было б доктару паказацца, але ж не відэльцам параненаму ў такое месца...

— О! — як толькі што ўспомніў нешта кандыдат у дэпутаты. — У мяне швагер — хрэновы доктар.

— Дзякуй... — паспрабаваў я прысесці. Балець балела, але ўжо не так востра, не наскрозь. — Абыйдзецца...

— Ды я не да таго, — сказаў нарэшце болей, чым адну фразу, Красевіч. — Швагер пра гэта гісторыі расказвае — жывот парвеш. Прывозяць неяк бабу аглушаную і мужыка з перакушаным. Баба без памяці, у мужыка пытаюцца: што і як? Аказваецца, яны суткі адзін з аднаго не злазілі, рэкорд асабісты паставіць хацелі. А захацелі есці. І ён на кухню пайшоў бліны пячы. Ён пячэ іх, на патэльні падкідвае, пераварочвае гэтак, а яна падпаўзла... ну, рэкорд жа паставіць трэба... і смокча. Ён вочы закаціў... ну, соладка... і блін з агню міма патэльні ёй на спіну плясь! Яна і грымзанула! А ён з размаху ёй патэльняй па макаўцы! О!..