Выбрать главу

Красевіч глядзеў на ўсіх, чакаючы смеху, але ўсе маўчалі, і ён спытаў:

— Не смешна хіба?.. Блін плясь... баба грымзь... а мужык...

“Гы-гы-гы!..” — першым загыгыкаў Шыгуцкі, хмыкнуў Росцік, разрагатаўся Крабіч, і ўва мне міжволі пачаў падымацца смех — з дурнаватай гэтай гісторыі, якраз адтуль, дзе балела... Кампанія хай не назаўсёды, на нейкі час, але зладзілася.

Зладзіўшыся, вырашылі, што перш чым піць і зноў біцца, можна ўсё ж паспрабаваць папарыцца. “Табе толькі грудзі парым”, — паклапаціўся Шыгуцкі пра Крабіча, на што той сказаў: “І толькі не ты”.

Рытуальнае ў лазні — не п’янка, рытуальнае — дзея ў парыльні. Па асалодзе яна для мяне — адразу пасля дзеі з жанчынай. Душ, як я ні люблю яго, з парыльняй не раўняць. Душ і з жанчынай цябе прымае, нават падбівае на тое, каб ты быў з ёй, а парыльня — не. Жанчына ў парыльні — пагібель, катастрофа, развал дзеі. Таму жанчына — асобна, парыльня — асобна.

І ўсё ж у двух асобных адчуваннях жанчыны і парыльні ёсць блізкае, амаль злітнае падабенства. Найбольшай асалоды ў абодвух выпадках дасягаеш тады, калі ты ўвесь у жанчыне ці ўвесь у парыльні — і ні кроплі цябе не застаецца па-за імі. З жанчынамі ў мяне так, каб я ўвесь, цалкам быў у іх, нідзе і нічога ад сябе не пакінуўшы, рэдка здараецца — у парыльні часцей... Зразумела, гэта зусім інакшы смак, розныя адчуванні — я не пра нейкія там адхіленні...

Парыльня, як і жанчына, пачынаецца з пахаў. Па-свойму пахнуць камяні печы, дошкі палка, ашалёўкі. Асінавая дошкі — пах скразны, прасторны, сасновыя — пах натолены, сгусцелы. Я люблю сумесь гэтых пахаў, асінавага палка і сасновай, смалістай ашалёўкі, хоць лепш для парыльні — асіна. Аднак галоўнае нават не ў тым, якое дрэва, а ў тым, каб сам пах парыльні табе не хацелася змяняць. Можна іншым разам падліць кроплю-другую настою мяты, эўкаліпта, каб дадаць духмянасці, але толькі дадаць, не змяняючы сам пах парыльні, які ці па табе, ці не... Гэтак парфюмерыя дадае водараў, але не змяняе сам пах жанчыны, які ці твой, ці не твой.

Як і жанчына, не кожная парыльня — твая. Знешне яна можа выглядаць шыкоўна, але з шыку таго — адзін пшык, што вылятае ў шчыліны. Не са сваёй жанчынай не налюбішся, не ў сваёй парыльні не напарышся. Жанчына тая твая, якая ўзбуджае роўна тваю страсць. Парыльня тая твая, якая трымае роўна тваю пару.

Процьма ў парыльні тонкіх, незаўважных для недасведчанага, а тым больш для выпадковага чалавека, нюансаў, але ўсё гэта і паасобку, і разам нічога не значыць, калі няма з табою ў парыльні роўна тваёй кампаніі. А кампанія гэтым разам была не мая, зусім не мая...

У мяне ёсць свая кампанія, якая збіраецца ў лазні кожны чацвер, незалежна ад таго, стаўся ў сераду патоп, ці землятрус. Нас роўна тузін, мы сябры КАП — клуба аматараў пары. Мужчынскі клуб свой мы прыдумалі нібыта жартам, на тыдзень, а жарт расцягнуўся на гады і аказаўся чымсьці такім, што пераважыла многае сур’ёзнае, і без чаго ніхто з нас не можа ўжо абыйсціся. Хоць нас не звязвае нічога, апроч парыльні, апроч пары.

Па-за лазняй мы амаль не сустракаемся. Не змаўляючыся, так само выйшла, мы стараемся не карыстацца нашым знаёмствам для вырашэння асабістых праблем, каб захаваць чысціню чыстага чацвярга. “Каб сто гадоў чацвяргаваць нашай сябрыне”, — як спяваецца ў нашай клубнай песні. Вершы для песні напісаў Крабіч, якога часцяком па чацвяргах браў я з сабой, калі мы сябравалі.

Песня стала ў клубе нечым накшталт гімна, а дзе гімн, там і герб, і сцяг, і статут... Мы абралі прэзідэнта клуба, прыдумалі клубную форму — доўжылі свае чацвярговыя забаўкі. І дзіўна: ніхто не спытаўся ніколі, нашто гэта ўсё? А ўсе ж даўно дарослыя мужыкі, кожнаму ці сорак, ці каля таго, ці нават за...

Думаю, мы зразумелі тое, што сапраўды маем, калі ўсё наўкол пачало абрушвацца і валіцца. Абрушвалася нешта ў нашых справах, валілася ў лёсе кожнага з нас, трашчалі і ламаліся ўсе падпоркі, а чысты чацвер не меў ніякіх падпоркаў — і не валіўся. І пара не абрушвалася, бо не можа абрушыцца вада ў газападобным стане.

У лазню можа набіцца колькі заўгодна народу, а рытуальная дзея ў парыльні — дзея для трох, ролі якіх дакладна распісаны. Трымаць у парыльні роўна тваю пару — абавязак чарпавога. У параўнанні з парыльшчыкам, які завіхаецца над табой з венікам, роля чарпавога нібыта другога плану, але гэтак толькі здаецца — з чарпаком каля печы не паставіш абы-каго. Прафесійны чарпавы адчувае і печ, і ўсю прастору парыльні, і парыльшчыка, а найперш палочнага — таго, хто на палку. Сапраўдны чарпавы інтуітыўна ўгадвае, на якой пары палочнага папярэдне разаграваць, ведае, колькі і калі падкінуць, калі і колькі перачакаць. Прагрэў палочнага парыльшчык і ўзяўся ўсур’ёз парыць, прабіваць пяты — пару ў пад’ём, перакінуўся венік на лыткі — пару на спад, венік на сцёгны — напаўпад’ём, а перакаціўся венік на паясніцу і па пазванках пайшоў падымацца, туліцца да плячэй і шыі — падкідваць ды падкідваць і трымаць пару роўна-роўненька, каб яна падушай ляжала на ўсёй спіне палочнага, пакуль той не перавернецца. Перавярнуўся палочны — перачакаць, даць яму ўраўнаважыцца, адчуцца ў паўзе, бо ў парыльнай дзеі, як і ў дзеі любоўнай, рытм складаецца з запавальненняў... Паўзу чарпавы не перацягне, патрымае, пакуль паганяе пад столлю пару, збіраючы яе пад венік, парыльшчык, — і зноў страсна і горача коціцца пад венікам паравая хваля: ступні, калені, жывот, грудзі, левы бок з рукою левай, плячо, локаць, запясце, пальцы, правы бок з рукою правай, плячо, локаць, запясце, пальцы, і ўрэшце ў другі раз спіна, на якую ўжо можна нагнаць пары да мяжы трывання, каб парай палочнага да палка прыбіла, ад якога ледзь адарваўся б ён да ледзяной вады басейна — ужо ў другое жыццё...