Выбрать главу

Чарпавы — стваральнік пары. Нечага такога, чаго нібыта не існуе, што ў кожнае імгненне з’яўляецца і знікае. Таму чарпавы звычайна — асоба вытанчаная, нават эстэт. Найлепшыя чарпавыя выходзяць з дактароў, з матэматыкаў і мастакоў.

Найлепшыя парыльшчыкі — спартсмены, асабліва былыя, якія праз гады трымаюць форму. Някепскі парыльшчык можа выйсці з вучонага, але не гуманітарыя, і з сярэдняга ўзроўню кіраўніка. А наогул парыльшчык — гэта песня: ці ёсць, ці няма.

Клопат парыльшчыка — не даць пары дарма прапасці, злавіць, сабраць яе пад венік і так пакласці на палочнага, каб прагрэць і расслабіць, раздыхаць кожнаю ягоную мышцу і жылку, пранікнуць праз іх да кожнай ягонай костачкі. Калі апынуўся ты ў парыльні ў выпадковай кампаніі і нехта размахвае над табой венікам, лупцуе і хвошча, нібы пыл з дывана выбівае, не чакай рубцоў і апёкаў, а саскоквай з палка. Венік сапраўднага парыльшчыка ляціць і плыве, перакручваецца, перакочваецца, туліцца і ласціцца — і раптам раз! — прыпаў і прыпёк! — і якраз там і тады, дзе і калі ты захацеў, бо парыльшчык падрыхтаваў цябе да гэтага, а як толькі ты адчуўся амаль невыносна, дык зноў венік прытуліўся, прыласціўся, паклаўся на цябе падушкай... Ён з табою ў любоўнай дзеі, а не ў мокрай і душнай бойцы, і ў нейкі момант ты праз усе твае адкрытыя для дыхання поры спатольным выдыхам вызваляешся з самога сябе і плывеш у пары разам з парай...

Парыльня — адзінае месца, дзе мужчынскае цела не ўяўляецца мне пачварным, дзе я дапускаю, што яго можна любіць, і нават разумею гомасексуалістаў.

— А ты не підар? — пытаецца Алесь у Красевіча, які пляскае яго венікам па грудзях, як мух б’е.

— Підар, — адказвае Рычард. — А што?..

— Нічога, — кажа Крабіч. — Падобны...

Росцік, якога я калі-некалі, як і Крабіча, запрашаў на чацвяргі, з выглядам спрактыкаванага спецыяліста ўзяўся парыць Шыгуцкага, але той праз хвіліну буркнуў: “А, ты не ўмееш...” — сеў па палку і сам сябе адхвастаў. Росцік і Красевіч пад венік не клаліся, проста папацелі, а мяне з большага прагрэў Алесь... Каб у парыльню з такой кампаніяй тэрарысты падклалі міну, я б не стаў размініраваць.

У сваёй кампаніі мы ніколі ў лазні не п’ём, стол накрываецца ў іншым месцы, куды, хто хоча, той ідзе, а хто не хоча — вольны. Лазня не для п’янкі, п’янка зусім не абавязковы дадатак да яе. Як, дарэчы, не абавязковы яна дадатак і да любоўных гульняў, у якіх тым не менш мала хто абыходзіцца без стандартных джэнтльменскіх набораў: каньяка з лімонам, шампанскага з шакаладзінай... “О!..” — як сказаў бы Красевіч.

Кветкі б лепей прыносілі...

І чаго мы п’ём? З прычыны і без прычыны, па справе і не па справе — п’ём, п’ём і п’ём...

— Не, ты скажы мне, — абдымаючы Алеся, як патрыцый патрыцыя, за сталом дапытваўся Шыгуцкі, — чым табе ўлада наша замінае? Якім бокам? Пры ранейшай табе хіба лепш было?

Крабіч хоць і не зыркаў на яго болей ваўкалакам, аднак з абдымкаў вызваліўся.

— Мне ні пры якой уладзе не лепш... Мне лепш, калі я сам пры сабе.

— Дык і жыві сабе, пішы! Толькі ў палітыку не лезь, што табе тая палітыка?

— Ага... Туды не лезь, сюды не лезь... І пытаешся, чым замінаеш?