Выбрать главу

— Я?

— Ты. А то ты не ўлада...

— Э, — сарваў са стала локаць Шыгуцкі. — Улада... Ведаў бы ты, якая я ўлада...

Крабіч падтрымаў яго пад руку.

— Сам ты яшчэ таго не ведаеш. Даведаешся, кім вы былі, калі вас скінуць і пагоняць.

— Хто скіне, дзівак ты? За нас народ... А за вас хто?

— Беларусь.

Шыгуцкі нібыта падлавіў Крабіча.

— Дык гэта адно і тое ж! І не можа быць так, каб адно і тое ж было і за нас, і за вас.

— Не адно... — не згадзіўся Крабіч. — Зусім не адно і тое ж... Толькі табе не зразумець.

Шыгуцкі крыўдануў.

— Чаму не зразумець?.. Растлумач, калі такі разумны.

Крабіч памаўчаў, гледзячы на ўсіх.

— Ну, каб прасцей, народ — гэта цяпер жывыя, а Беларусь — гэта і тыя, хто жыў, і тыя, што будуць жыць. Беларусь — усё і ўсе разам, без пачатку і скону.

— Балбатня, вершы нейкія... — падумаўшы трохі над тым, што сказаў Крабіч, заключыў Шыгуцкі. — Хто жывы, той і жыве. Га, Рычард?

— Само сабой... — згадзіўся Красевіч, які, адышоўшы ад кампаніі, у адзіноце качаў рукамі шары на більярдным стале — і з трэскам закінуў шар у лузу. — Каб мне ў дэпутаты так!

— Табе? — вылупіўся на яго Алесь. — Што ты ў дэпутатах рабіць будзеш? Швагеравы байкі расказваць?

Рычард узняў палец.

— О, пытанне... За Беларусь змагацца буду... Давайце згуляем пара на пару, пазмагаемся... А то ганяем вецер.

— Не выйдзе, — сказаў Росцік, гледзячы на Крабіча. — Адзін лішні.

Крабіч падняўся і пайшоў не надта роўна да більярднага стала.

— Я не лішні, я першы... А лішні — Раман, у яго траўма кія. Між іншым, Росцік, праз цябе.

— Табе б дзядоўнікам быць, да ўсіх чапляцца, — зноў касавата паглядзеў на Алеся Шыгуцкі. — Пакачай там шары замест Рычарда. — І паклікаў Красевіча. — Ідзі сюды, абгаворым, што і як.

Рычард закінуў яшчэ адзін шар, астатнія пакінуў Крабічу і сеў за стол з выглядам абранага ўжо дэпутата, які хоць і страшэнна заняты, але гатовы выслухаць пажаданні выбаршчыкаў.

Росцік кіўнуў на Крабіча, які азартна ўзяўся за кій... Шыгуцкі з Красевічам не звярталі на яго ўвагі — думалі, мусібыць, што ён хоць і нападае на ўсіх, але ў кампаніі з намі, з кім яму яшчэ быць?

— Нічога, — супакоіў я Росціка. — Мы ў агульных рысах. План сустрэч у вас ёсць?

— Схадзіць за паперамі? — прыпадняўся Красевіч.

Шыгуцкі спыніў яго.

— Сядзі пакуль. План у нас ёсць, вы нам патрэбныя на дзесяці сустрэчах... І што ў агульных рысах?

Я не надта быў гатовы да размовы, але вырашыў не цацкацца і адразу набіваць цану.

— Іміджа, у агульных рысах, ніякага. Ён ніякі, разумееце, Барыс Сцяпанавіч? І трэба зрабіць яго якім-небудзь, гэта раз.

Рычард зноў прыўзняўся, выяўляючы на гэты раз справядлівае недаўменне.

— Што значыць ніякі?

— Слухай, — абсадзіў яго Шыгуцкі.

— Гаварыць не ўмее, трэба навучыць яго гаварыць — гэта два. Калі ён сваю прадвыбарчую праграму будзе распавядаць так, як гісторыю швагера, за яго і аглушаная баба не прагаласуе. Значыць, апроч таго, што мы сцягваем канцэртамі людзей на сустрэчы, дзе славім кандыдата, нам дадаецца яшчэ работа менеджмейкераў. А яна каштуе не танней, чым канцэртная.

— Колькі? — спытаў Шыгуцкі.

Я зрабіў выгляд, што думаю і прыкідваю.

— Не менш, чым яшчэ столькі ж...

“Дзынь-бах!” — разляцелася ў друз перад маімі вачыма, шклом сыпанула ва ўсе бакі амаль дапітая пляшка гарэлкі, і більярдны шар ядром прасвістаў каля майго локця. За ім другі, трэці, Крабіч цэліў толькі ў мяне: “Сука бляцкая!.. З гэтай поскуддзю!.. Прадаеш Беларусь!.. За срэбранікі!.. Юда!..” — з кожным выкрыкам ляцеў новы шар, ад якіх я ледзь паспяваў ухіляцца, адварочвацца, а Росцік, які сядзеў насупраць мяне, спінай да Крабіча, замест таго, каб нахіліцца пад стол ці хоць да стала, раптам падскочыў... Калі б ён не падскочыў, хай бы нават сядзеў, як сядзеў, дык нічога б і не сталася: Крабіч кідаў ужо апошні шар, але Росцік з нечаканкі падскочыў — і слановай косці, кінуты з ўсёй сілы шар урэзаўся яму ў патыліцу. Росцік кіўнуўся да стала, налёг на яго жывоцікам і сутаргава, як рыба на беразе, хапануўшы ротам, абваліўся на падлогу...

Зратавала Росціка тое, што Шыгуцкага з Красевічам чакала каля лазні машына, а бальніца была побач, за пяць мінут паспелі...

— Піздзец табе, калі ён памрэ, — сказаў Крабічу, які дабег да бальніцы за машынай, Шыгуцкі. — Па наўмысным пойдзеш, нас трое сведкаў... Я сам паклапачуся, каб табе быў піздзец. Турму ў любым выпадку абяцаю.

Росціка аперыравалі больш за тры гадзіны — і ён не памёр... Што з ім будзе далей, ніхто з дактароў сказаць мне не мог.

V.