Выбрать главу

“Выбачайце, Максім Аркадзьевіч, не пазнаў... Лі-Лі бегае недзе, пазней пазваніце”.

“А з вамі я магу пагаварыць?”

“Калі ласка. Мы гаворым”.

“Не па тэлефоне. Можам мы сустрэцца?”

Размовы з мужыкамі філасофскага складу ў вечаровыя планы мае ніяк не ўваходзілі, асабліва пасля такога дня.

“Ну, не ведаю... Можа, заўтра?”

“Заўтра позна будзе”.

“Чаму позна?.. — Ён маўчаў, і я раптам спалохаўся. — З Лі-Лі што-небудзь?”

“Не, — сказаў ён праз паўзу, — не з Лі-Лі... А, зрэшты, і з ёй таксама... Тут агульнае...”

Агульнага трэба было чакаць — раней ці пазней... На ягоным месцы я даўно разабраўся б з агульным, без філасофіі. Тады няхай сабе і сёння, адно да аднаго...

“Добра, прыходзьце. Я дома, нікуды не збіраюся”.

“Я таксама не збіраюся... Лепш бы вы...”

Падобна было на тое, што з агульным вырашылі разабрацца сямейна. Я не стаў хаваць, што такія разборкі мне ні для чаго.

“А жонка?..”

“Я адзін”.

Ну, калі адзін...

“Гарэлку браць?”

“Я не п’ю. Хіба Лі-Лі вам не казала?..”

Лі-Лі мне казала, што ты не п’еш?.. Ды яна пра цябе і не заікнулася ніводнага разу!

Дактары філасофіі ў нас апошнім часам не ў вялікай пашане, таму пасяляюцца ў мікрараёнах, бліжэй да пралетарыяту, які па-ранейшаму шануецца. Філосафы пра пралетарыят толькі і думалі, пралетарскую рэвалюцыю з ім наладзілі, так што ўсё справядліва.

Максім Аркадзьевіч адчыніў перада мной дзверы звычайнай хрушчоўкі ў панэльным доме — і я ўбачыў за спінай ягонай страшыдла: чорнага-чорнага, вялізнага, у даўжыню не меншага за Лі-Лі, дога. Бацька Лі-Лі таксама быў не з маленькіх, пад столь, таму першае, пра што я падумаў — як яны ўсе такія тут месцяцца?.. Дог не выяўляў агрэсіі, не падаваў голас і не шчэрыўся, але гэтак нярадасна глядзеў вочы ў вочы, што парог я пераступіць асцярогся.

— Вы казалі, што адзін...

— Максім! — кінуў цераз плячо Максім Аркадзьевіч, і дог задам, бо ў катушку прыхожай не было яму як павярнуцца, адсунуўся налева ў калідорчык. — Заходзьце, ён за ўсё жыццё толькі аднойчы чалавека ўгрыз.

Значыць, не выключаўся і другі раз. Тое, што дога, як і гаспадара, звалі Максімам, небяспеку не адмяняла. У сем год мяне скусаў шалёны сабака, да заікання са страху дайшло, якое ведзьма Карэнчыха зашаптала, так што адносіны з чацвяраногімі сябрамі меў я своеасаблівыя — і сабакі чуццём сваім сабачым гэта адчувалі. Дартаньян нездарма мяне ў ложку з былой актрысай ледзь не парваў.

Калідорчык з прыхожай веў на кухню, двое прыадчыненых дзвярэй — адны ў спальню, а другія — у нечакана вялікі і амаль пусты пакой, з мэблі ў якім былі толькі нізенькі столік з трыма крэсламі ды канапа. Ну, яшчэ люстра, калі лічыць яе мэбляй.

Чагосьці тут, што абавязкова павінна было быць, не ставала, я адразу не ўцяміў, чаго, і толькі сеўшы ў крэсла каля голай сцяны, убачыў тое, чаго тут няма: кніжных паліц. Іх не было, наколькі я змог заўважыць, і ў спальні, ды не тое што кніжных паліц — нідзе ніводнай кнігі не віднелася. Якраз кнігамі, я чакаў, будзе завалены кабінет філосафа так, што не прайсці, як некалі ў хаце Крабіча.

— Кніг болей не чытаю, — сказаў Максім Аркадзьевіч, ставячы на столік кававарку. — З год ужо. Усе прачытаў.

Ці ад яго не схавалася, як прабег я позіркам па пустых сценах, ці ўмеў ён думкі ўгадваць, але чалавека, які прачытаў усе кнігі, бачыў я ўпершыню.

— Кнігі замінаюць чыста думаць, — разліваў Максім Аркадзьевіч каву ў кубкі. — Усе яны ад свайго “я”, а ў дао “я” не існуе.

— У чым?..

— Як гэта ў чым?.. Мы ж з вамі тым разам...

— Ісціну чань мы тым разам спасцігалі... Без гукаў і вобразаў.

— А-а, выбачайце... Ну, можна сказаць: у абсалюце. Дао ў зразумелым нам сэнсе — абсалют. Вам з цукрам?..

— Бог кітайскі? — сам я насыпаў цукру, бо вечна мне нехта не дасыпае.

— Не зусім... Бог таксама ў гэтым абсалюце, і абсалют — у дао.

— Як матрунка ў матрунцы? — спытаў я пра тое, што абсалютна мне было па барабане, і дарма спытаў, бо Максім Аркадзьевіч пакруціў пустату ў руках і вінавата, бездапаможна вымушаны быў тлумачыць далей.