Выбрать главу

— Не... Тут не адно ў адным, а ўсё разам і разам усё. Разумееце, Раман, нельга нават сказаць, што гэта дао, а гэта не дао. Без дао нельга думаць — і можна падумаць, што тое, без чаго думаць нельга, і ёсць дао, але дао тое, пра што нельга падумаць... Бог мой, як незразумела я, мусіць, тлумачу?..

— Чаму? — паглядзеў я на яго ўважліва. — Ясна ўсё.

Ён не надта паверыў, але ўзрадваўся.

— Праўда?.. Гэта сапраўды толькі здаецца складаным, а па сутнасці так проста... Самае простае, што можа быць. Таму яно і дао. Сказаць яшчэ прасцей: дао можа стварыць усё, але ніхто і нішто не можа стварыць дао.

— А Бог? — на гэты раз нібыта да месца згадаў я Бога, з дапамогай якога мог хоць выгляд зрабіць, быццам пранікаю трохі ў глыбіні кітайскай філасофіі. Аднак радасць на твары Максіма Аркадзьевіча змянілася разгубленасцю.

— Вы ж сказалі, што зразумелі... Ад мяне жонка пайшла, Раман. Што ў такіх выпадках робяць?

Ад кітайскай філасофіі да разводу з жонкай сігануў ён адразу, без ніякага пераходу, нібы і тое, і другое было адным і тым жа. Можа быць, гэта і ёсць дао.

— П’юць, — адказаў я таксама адразу, бо ў разводах быў спецыялістам не меншым, чым Максім Аркадзьевіч у філасофіі.

Ён коратка ўздыхнуў, нават не ўздыхнуў, свістануў неяк.

— Пра гэта я ведаю... Але я не п’ю. Вам Лі-Лі хіба не казала?

А пра гэта ўжо сёння ён у мяне пытаўся.

— Тады тым больш п’юць. — Я дастаў каньяк, які ўсё ж узяў па дарозе, бо размовы чакаў нервовай. — Давайце пад каву...

Максім Аркадзьевіч ускінуў рукі ўгору.

— Не-не! Вам кілішак зараз прынясу, а сам — не, выбачайце.

— Дао не дазваляе?

— Мазгі не дазваляюць, — сказаў доктар філасофіі, ідучы на кухню. — Шкада іх прапіваць, прапіць іх лягчэй за ўсё.

Гэта, бадай, ісціна... Мазгі прыдумалі гарэлку, але гарэлка іх прыдумаць не можа.

Па пераходзе Максіма Аркадзьевіча ад філасофіі да жонкі я пачуўся вальней. Філасофіяй, мне здавалася, ён размову пра Лі-Лі адцягвае, а адцягваюць звычайна толькі найгоршае. Добрага я ў любым выпадку не чакаў, але праблема жонкі лепш, чым праблема Лі-Лі... Толькі чаму ён з гэтым мне пазваніў? Больш сказаць няма каму?..

Такое бывае. Круціцца наўкол безліч народу, быццам бы сябры, таварышы, а станецца нешта сур’ёзнае, пачнеш шукаць, да каго б кінуцца — і, аказваецца, няма да каго... Ты адзін. Тады і кідаешся ў паніцы да любога...

Бацька Лі-Лі не падобны на панікёра, спакайнейшыя людзі сутракаюцца рэдка. Праглядае ў ім, нечаканая ў такім здаровым мужыку, бездапаможносць, але яе не столькі, каб кісялём разлезціся з-за пайшоўшай жонкі. Нешта тут яшчэ ёсць, агульнае, як ён сказаў... Дао...

Дог Максім, па-ранейшаму нярадасна гледзячы на мяне, увайшоў і лёг пасярод пакоя. Я на ўсялякі выпадак падабраў ногі пад крэсла, але што толку?.. Дог ляжаў, глядзеў на мяне і нешта пра мяне думаў. Хрэновае-хрэновае, мяркуючы па паглядзе...

— Я не вінаваты, што сабак баюся, — папрасіўся я ў Максіма Аркадзьевіча, калі ён прынёс кілішак з нажом і ненарэзаны лімон на сподачку. — Можна яго ў спальню?

— Можна, калі выць не будзе... Гэта зараз спальня, а быў пакой Лі-Лі, ён там вые...

— Можа, не будзе...

— Можа, і не будзе... Максім!

Максім Аркадзьевіч толькі мянушку назваў, анічога болей не дадаў, не загадаў, а дог, касавурачыся на мяне, падняўся і падаўся ў другі пакой. Я ўжо не стаў прасіць замкнуць яго там, Максім Аркадзьевіч сам здагадаўся і зачыніў дзверы спальні. У доме гэтым нейкае таямнічае, па-за гукамі і вобразамі, усіх з усімі ўзаемаразуменне.

— Без дазволу ён усё адно б адтуль не выйшаў, але няхай будзе па-вашаму... — пачаў доктар філасофіі, зноў сядаючы, і завяршыў, сеўшы. — Жонка мая ўзраўнавала мяне да Лі-Лі, Раман. З гэтага ўсё пачалося, каб сёння скончыцца.

Да ягонай манеры безпераходнай змены размовы не лёгка было прызвычаіцца, і я падумаў, што ці ён, ці я нешта прапусцілі. Альбо прапусціла Лі-Лі, якая хоць і не мела звычкі спавядацца ў сваім сямейным жыцці, але пра тое, што Максім Аркадзьевіч бацька ёй не родны, магла б сказаць, гэта ўсё ж нешта значыла... Я б яго таксама тады, можа быць, проста Максімам называў, як дога.

— Вы падобныя... — сказаў я, не ведаючы, што сказаць, і, не цэлічыся нікуды, пацэліў ва ўсё.

— Не! Зусім не! У тым і прычына, з таго і ўзнікла ўсё, што ніколькі не падобныя. Гэта аказалася такім нечаканым, як адкрыццё новага, тэарэтычна магчымага, але касмічна аддаленага і таму нібы няіснага свету! Пакуль яна была маленькая, мне таксама здавалася, што мы падобныя, тым больш пры такім знешнім падабенстве... І толькі пад заканчэнне школы, калі ў ёй выявіўся стыль, характар, спосаб мыслення і тып паводзін — усё аказалася не маім! Процілеглым, мной не займетым! Такім, што павінна было б быць ува мне, але прамінула мяне, праз мяне перакінулася ў яе... Чаго я хацеў для сябе ў сабе, разумееце? — і ўва мне ўзнікла жаданне гэта займець, разумееце? Спачатку яно не было каханнем, сексуальным жаданнем, не... Адразу я і не думаў пра гэта, і, каб падумаў, змусіў бы сябе спыніцца, але я не думаў! Я толькі заўважыў раптам, што яна не падобная на мяне, як дачка на бацьку, і, здавалася б, што з таго?.. Нічога, больш непадобных, чым падобных. Ды ўсё ўжо адбывалася само па сабе, я скрануў той горны сумёт, з якога пачынаецца лавіна. Неяк я ўбачыў, што яна не падобная, як мая дачка на маю дачку, і амаль адразу адчуў, неадольна адчуў, што дачка мая падобная на маю жанчыну. Толькі на маю жанчыну, болей ні на каго — толькі яна падобная, болей ніхто. Думаць было позна, справіцца з гэтым я ўжо не мог... Зоя, жонка мая, трывала да апошняга, з дачкой жа ўсё звязана, а сёння пайшла. Сказала, што я хворы. Вар’ят. Я, зразумела, не вар’ят, таму прыняў адзінае магчымае рашэнне — павесіцца, але Максім не даў... Вяроўку вырваў і перагрыз. А пасля я ўбачыў, што ў хаце гэтай мне і павесіцца няма як, і пазваніў вам. Вы што-небудзь можаце прыдумаць?..