Выбрать главу

“Ну-ну... — думаў я, пакуль ён гаварыў, — ну-ну... ну-ну... “ — і гэта ўсё, што я мог прыдумаць. Калі ёсць нешта ў свеце, чаго мне не ўявіць і не спасцігнуць, дык гэта не кітайская філасофія, не чань і не дао, а тое, пра што ён казаў. Не было ўва мне закутка, дзе б такое магло мясціцца... Немагчымае ёсць немагчымае, таму, як толькі ён пачаў у ім спавядацца, мне і ўзбрыло ў галаву, што ён Лі-Лі няродны бацька. Я спалохаўся, я адразу паспрабаваў зачапіцца за магчымае... Але не ўдалося — і не па мне разумны Максім Аркадзьевіч аб’явіўся перада мной вылюдкам, які спаў з крэўнай сваёй дачкой. Вылюдак глядзеў на мяне і чакаў, што я скажу, што зраблю — а што мне казаць і рабіць?..

Найбольш хацелася дапамагчы яму ў тым, на што ён наважыўся. Нажом, які ён прынёс лімон наразаць, ці па чэрапе бутэлькай... Але чаму я? Я ўрэшце так і спытаўся:

— А чаму я?..

— Вам дасталася Лі-Лі... Вы хацелі б мяне знішчыць... Гэта натуральна...

Натуральна!.. Што тут натуральнага?.. І ўсё ж я спытаў пра тое, пра што можна ўжо было не пытацца.

— Лі-Лі вам родная дачка?

Максім Аркадзьевіч паглядзеў на мяне няўцямна, насампраўдзе няўцямна.

— А якая яшчэ?..

Мне падалося, што з чужой жанчынай, з няроднай дачкой, з маёй Камілай усё гэта было б яму без патрэбы — і больш не ставала трывання, каб наўпрост не вызнаць тое, што мяне страшыла.

— Вы з ёй... — пачаў я — і не змог дапытацца. Ну, гэта было, як спытацца ў Камілы, ці не хоча яна пераспаць са мной.

Ён дапамог мне.

— Вам хочацца ведаць...

— Так! Хочацца! — рашыўся я — і ў параненым корані майго раманчыка павярнуўся відэлец. — Вы былі з ёй?

— У якім сэнсе?

— У найпростым! Вы з ёй спалі?

Ён адказаў незразумела.

— Я ж вам сказаў, што Лі-Лі — мая процілегласць.

— І што з таго? Яны ўсе — процілегласць!

Максім Аркадзьевіч ускочыў з крэсла — вялізны, пад столь. Тут яму сапраўды ніяк не павесіцца.

— Лі-Лі не ўсе! Усе — не процілеглыя, яны хочуць таго ж, чаго вы! А Лі-Лі хоча іншага! Не спасцігнуць, не спазнаць нешта, а стаць тым, што спазнае, без спасціжэння! Адразу — як вада вадой! Не ўсведамляючы сябе — гэта і ёсць дао! Але яна не разумее, што тады і бацька можа нарадзіць дачку, і дачка бацьку! Што яны адзін для аднаго і адзін у адным і нараджаюцца бясконца, бо няма такога, што ў адзін бок — пачатак, а ў другі — канец! Яна не здольная ўключыць мяне ў несвядомае, яна бачыць і бачыць мяне ў прымітыўным, фізічным пачатку — і хоча не так і не таго, як і чаго хачу я! Бо не ўяўляе, што са мной гэта, як і з вадой, можа адбыцца па-за мысленнем, проста адкрыцца — і ўсё! А вы думаеце, што я монстр!..

Я думаў, што ён не монстр, а вылюдак, але гэта адно і тое ж, так што ён зноў угадаў.

З усяго, што ён сказаў, я найперш пачуў гэта можа адбыцца — і выходзіла, што не адбылося... І толькі зараз я заўважыў, што сціскаю ў руцэ лімон і ўжо выціснуў з яго сок ці ні да апошняй кроплі — поўны сподачак.

— Максім Аркадзьевіч, скажыце мне так, каб я зразумеў: вы спалі з Лі-Лі? Былі вы з ёй, як з жанчынай, ці не?

— Не! — знясілена сеў ён, і відэлец перастаў варочацца ў корані майго раманчыка. — Вы ўсе нам замінаеце, праз вас я яе губляю... Не асабіста праз вас, а праз вас усіх, каго толькі тое і цікавіць, хто з кім спіць.

Яго, канечне, цікавіць толькі ісціна чань і абсалют дао, болей нічым ён не цікавіцца і нічога не хоча... Але хацець — не зрабіць. Калі б людзей судзілі за тое, чаго яны хочуць, свет быў бы суцэльнай турмой.