Да гэтай пары яны мне любоўна кажуць: “Якое гладкае ў цябе і мускулістае цела...” Я не выхваляюся, не, бо не выношу ніякіх мужчынскіх цел і не надта люблю сваё, але так яны, жанчыны, кажуць. І дасюль для мяне загадка: як і за што яны мужчынскае цела могуць любіць?
Можа, рыба без вады — што вада без рыбы?.. Не, нешта не тое...
Адзінае, мілыя дамы, што можна і варта было б любіць вам у мужчыне — член. Я б мог назваць яго так, як ён называецца, бо член і ў імпатэнта... але Лі-Лі адварочваецца, калі я лаюся. Не кажа: не лайся, а гэтак во раз — і адварочваецца... Плаўна...
Мне не хочацца, каб Лі-Лі ад мяне адварочвалася... Ні плаўна, ні як-небудзь яшчэ...
Вобла — во што рыба без вады. Бо вобла — рыба, але без вады...
Усе вы прагнеце ад мужчыны праўды, а член — адзіная мужчынская праўда і ёсць. Дык вы яго і любіце, я не сустракаў ніводнай, каб не любіла.
У мяне не вялікі і не маленькі, не худы і не грубы, так, сярэдні. Але стойкі, гэта я сам разумею. Таму, калі мужыкі пачынаюць пахваляцца, як і колькі разоў маглі, заліваюць, як і колькі разоў могуць, я звычайна маўчу. Пра што гаварыць, калі стаіць?.. Дык скажам дзякуй яму, памыем яго ўсяго да кораня, галоўку ягоную і шыйку, і спінку, і бачкі, пагушкаем нырца-малайца ды пагладзім — і душам на яго, душыкам, ух ты, ухценькі, стомлены, змораны, знясілены мой... Давай-давай, весяліся ў вадзіцы, дзе нам, рыбам, яшчэ весяліцца?.. А тое, што за ноч гэту Лі-Лі цябе пагрызла ды пакусала трохі, дык нічога, пройдзе, на гэта не зважай і не звісай праз гэта... Яна Дзева крылатая — і там, дзе яна лятае, нам лятаць не дадзена, так што невядома, у чым яе вінаваціць, ды й ці можна... Каб дадзена было, дык мы яе, можа быць, не толькі б пагрызлі ды пакусалі, а ўзялі б ды зжэрлі. Цалкам, а не па кавалачках, каб сок з яе цадзіўся!..
Толькі не дадзена. Альбо так: дадзена, ды не ўсё... Не да рэшты. Трошкі той, хто даваў, сабе пакінуў... Лятаю, але не вышэй за неба, недзе блізка каля яго, з Лі-Лі асабліва блізка. А Лі-Лі ў тыя імгненні так высока нада мной, у такім далёкім космасе, што паміж намі — светлавыя гады...
Я лётчык, які не прайшоў адбор у касманаўты. Але не страчваю надзеі. Бо ў мяне ўсё ж бывалі такія палёты, такія палёты — да бязважкасці...
Зямных гадоў паміж намі дваццаць два — і ўсе з майго боку, бо Лі-Лі толькі дваццаць. І пазнаёміла мяне з ёй мая дачка, і звяла нас яна якраз для таго, чым мы зараз з Лі-Лі і займаемся. У разуменні маёй дачкі, якой чорт ведае што наплялі і мая першая жонка, і мая жонка другая, і іншыя, мне малавядомыя, жанчыны, я секс-трэнер, секс-гуру — вось так. Пра гэта яна і распавяла Лі-Лі, якой хацелася лятаць. Сказала, што ёсць у яе на прыкмеце лётны інструктар.
Як вам?..
— Давайце паспрабуем, што вам з таго станецца? — здзівілася Лі-Лі, калі я, з нечаканкі разгубіўшыся, прамаўчаў на яе прапанову пайсці і неадкладна заняцца палётным сексам. — Калі ў мяне з вамі, у вас са мной так не выйдзе, як з іншымі ў вас выходзіць, я нікому не скажу.
— Чаго ты не скажаш?.. — прыгледзеўся я да яе, бо было да чаго. Гонкая, светла-каштанавая, з вялікімі, глыбокімі і таксама каштанавымі, але смугла, прымглёна-каштанавымі і крыху затуманенымі ў глыбіні вачыма, яна за стойкай бара, дзе мы пілі каву, сядзела не сутулена, як мая дачка ды й амаль усе яны, цяперашнія, а роўненька, стройна, спінку проста і попку кругла, і нічым не сціснутыя грудзі яе тырчэлі ў бакі, страляючы па ўсім бары, і з-пад міні-спаднічкі, нават з высачэзнага, спічастага крэсла дастаючы да падлогі, закідваліся адна на адну такія лёжкі-ляжкі, раслі ў чорных калготках такія ногі, такія ногі... — Што ў нас не выйдзе?
— Ну палёт, зоры, сонцы, космас, занябесны свет... А то я проста ці ляжу, ці стаю на карачках, соўгаюся, торгаюся — і ўсё.
— Дык занятак такі... і соўгацца... і торгацца...
— Вы, як з дурніцай якой, трындзець са мной будзеце? — паплыў туманок у яе смугла-каштанавых вачах. — Трахаемся, ці не?..
І як бы вам такое, калі б насупраць сядзела ваша дачка — і ўгаворвала б вас на тое ж, старалася для сяброўкі?.. Паспрабуйце пры дачцы ўзяць ды сяброўцы яе сказаць: добра, давай трахнемся.
Для дачкі я ні ў якім разе не зацяганы блядун, як для былых маіх жонак, а неўтаймаваны асілак, Дон-Жуан, Жыль дэ Рэц, Казанова, секс-бацька. Нейкага секс-бацьку гэта, можа, і цешыла б, але мяне цешыць не надта. Па праўдзе сказаць, зусім не цешыць. Калі я гляджу на дачку, я думаю, што я, яна і яе маці маглі б жыць нармальнай сям’ёй, але не жывём, бо я зацяганы блядун. Зрэшты, тое самае я думаю, калі гляджу на сына. Дачцы маёй, як і Лі-Лі, дваццаць, сыну шаснаццаць, і ён прызнаўся мне, што мастурбіруе, але дапамогу сябровак сястры не прымае. Гэта ён дарэмна, толькі я пакуль не прыдумаў, як яму пра тое сказаць. Сын мой для мяне заразумны, паліглот і хакер.