Выбрать главу

Уявіўшы, што было б, калі б Максім з першага разу выбіў замок і наляцеў на мяне, я наліў кілішак і выпіў.

— Вы што замоўклі? — пытаў Максім Аркадзьевіч, шкрабаючыся ў прыхожай. — Павесіліся?.. — І па голасе ягоным нельга было сказаць, што ён такога не дапускае.

Што ж мне сёння так шанцуе?.. Трэба звесці размову да нечага нейтральнага і пайсці. Галавой ён хай наложыцца.

— Не... — увайшоў у пакой Максім Аркадзьевіч. — Не павесіліся. — І паглядзеў на люстру. — А вяроўку нашто прасілі?

— Фокус хацеў паказаць, — скруціў я і засунуў у кішэнь пінжака вяроўкі. — Толькі забыўся, як робіцца. Дома ўспомню, некалі пакажу... А што ўсё ж такое дао, Максім Аркадзьевіч? Калі ў двух словах?..

Я ўгадаў, пра што зараз спытацца, ён устрапянуўся.

— Дзеянне без дзеянняў, калі ў двух словах. Найвысокі і наймудры стан усяго існага і няіснага. Чалавек трымаецца зямлі, зямля трымаецца неба, неба трымаецца дао, а дао — самога сябе. Пра неба і зямлю, а тым больш пра нас з вамі, дао не думае. Гэта вам не Бог, як вы Яго ўяўляеце. Дао настолькі ва ўсім прысутнічае, што адсутнічае ва ўсім. Дык як вам мая прапанова пра Зою?

Толькі было кінуўшыся ў глыбіні дао, доктар філасофіі вынырнуў з іх, зноў без пераходу змяніўшы размову. Лі-Лі была для яго важней за дао — і я не стаў яму даводзіць, што ў прапанове ягонай столькі сэнсу, што ў ёй адсутнічае ўсялякі сэнс.

— Я падумаю, Максім Аркадзевіч. Дайце мне падумаць.

— Колькі?

— Хоць бы да заўтра... Вы заўтра дома?

— Заўтра не. Днём сюды Лі-Лі з Полем спяваць прыдуць.

Мне здалося, што я не дачуў.

— З кім?

— З адным яе знаёмым, яны дуэтам спяваць спрабуюць. Дзіўна, Лі-Лі амаль ва ўсім разняволеная, а спяваць саромеецца. Калі нехта слухае яе, саромеецца, і гэта з дзяцінства... Вы чулі, як яна спявае?

Пра тое самае пытаўся Поль, адзін з яе знаёмых... Лі-Лі магла карыстацца студыяй і ў Тэатры моды, і ў мяне студыя — для чаго ў дуэце з Полем запірацца ў хаце?.. Каб не чулі?

— Не, я не чуў...

Максім Аркадзьевіч ухапіў мяне за локаць і пацягнуў у калідор.

— Дык паслухайце! Гэта неверагоднае нешта!.. Магнітафон на кухні, я выпадкова знайшоў адну касету.

Кухня, а хутчэй куханька ў гэтым доме была звычайная, як і ўсе куханькі ў такіх дамах: з кута за дзвярыма выпірае белы халадзільнік, які трэба абмінаць, каб прашчыміцца да стала за ім, насупраць — белая газавая пліта ўпрытык з белай ракавінай і белым слупком шафкі, а па сценах — паліцы для посуда і ўсялякай кухоннай драбязы... Выпадкова знойдзеная касета стаяла ўжо ў магнітафоне, які Максім Аркадзьевіч, усадзіўшы мяне на зэдлік да стала, уключыў адразу — і загучала мелодыя, якую ўкраў я некалі ў Майкла Джагера, каб з ёй вырастаў Поль...

Жаночы голас незвычайнай сілы з нізкім, густым тэмбрам, які б ніколі я не прыняў за голас Лі-Лі, каб не чуў яе голасу ў нябесных палётах, жывы, без ніякіх кампутарных прыбамбасаў голы голас са звычайнага хатняга магнітафона ашаламіў... Не тэмбрам нават ашаламіў і не сілай, хоць і яны ўражвалі, а тым якраз, што быў жывы і голы, настолькі жывы і голы, нібы не з гукаў бесцялесных ткаўся, якія вырабляюцца з напружання і вібрацыі галасавых звязак, а ўзнікаў адразу як цялеснае, фізічнае пачуццё, што вырабляецца ніжэй, значна ніжэй за галасавые звязкі — і голасам толькі выносіцца на волю, узносіцца ў нябесныя палёты... Лі-Лі не прафесійна спявала, не, з голасам яе яшчэ работы і работы, але яна спявала тым, чым спяваюць усе геніяльныя спявачкі: вагінай, маткай. Яе жаданнем, яе спакусай, яе прагай...

Любы, самы моцны голас без гэтага — пусты, стэралізаваны, і любая, самая фактурная спявачка без гэтага — завадная лялька. Колькі я лялек такіх панаставіў на сцэну, дзе ўсё ў іх нібыта някепска выходзіла, і яны нават мелі якую-ніякую славу, і ніводная з іх не разумела, чаму я, упадаючы зрэдку ў адчай, крычаў, як шалёны: “Ты чым спяваеш?!.” Яны толькі лыпалі вачыма і звычайна адказвалі: голасам; у лепшым выпадку: душой.

З голасам Лі-Лі кантраставаў высокі, амаль фальцэт, голас Поля — і кантраст гэты ствараў сваё напружанне, сваю пачуццёвую зону — з дуэта таксама мог выйсці толк. Але, калі Поль зараз і цікавіў мяне неяк, дык толькі не як спявак.

Максім Аркадзьевіч слухаў, заплюшчыўшы вочы, і твар ягоны торгаўся, перасмыкаўся, па ім прабягалі ледзьве не канвульсіі... Бацька Лі-Лі ўвесь быў у яе голасе, злітным ці з дао, ці з жаданнем, пакутваў у ім і святкаваў — і ўпершыню за сёняшні вечар я, калі і не зразумеў яго, дык наблізіўся да гэтага, падумаўшы, што і такое можа быць. Толькі гаварыць з ім болей мне ні пра што не хацелася, я паціху, асцярожна выбраўся з кухні ў прыхожую і зачыніў за сабой дзверы.