Выбрать главу

У пад’ездзе, спускаючыся па лесвіцы, я пачуў, як узвыў Максім. Гэта было неверагодным, я вушам сваім не паверыў, але ў выцці ягоным праляталі нябесныя гукі Лі-Лі:

А!.. О!.. У!..

Слухаць гэта было страшна — і мне раптам так захацелася Лі-Лі, як ніколі. Калі яе не акажацца дома, я сканаю.

VI.

Лі-Лі прыходзіла да мяне, калі хацела, і не прыходзіла, калі хацела. Завядзёнкі пытацца, хто з нас дзе быў, мы не заводзілі. Я думаў, што яна, калі не ў мяне, дык начуе ў бацькоў. Ну, думай сабе...

На кухні, вакно якой выходзіла ў двор, гарэла святло, але я запальваў яго, калі прыбіраўся, і не помніў, ці патушыў. Толькі б яна была!.. “Не трэба дзверы адмыкаць самому, а пазваніць, каб адчыніла, тады яна будзе...”

Канечне, калі адчыніць — дык будзе.

Пазваніў — і мне адчыніла старэйшая сястра Лі-Лі, а Лі-Лі з кухні крыкнула:

— З намі сёння мама пераначуе! Ты не супраць?..

Замена, значыць, прыйшла... Хутка прыйшла замена. Хучэй, чым хуткая дапамога.

— Зоя Паўлаўна, — падала мне руку маці Лі-Лі, старэйшая яе сястра, падобная на Лі-Лі не менш, чым сама Лі-Лі. — Вы не супраць, Раман?

Ён, выходзіла, Максім Аркадзьевіч, яна Зоя Паўлаўна, а я зноў Раман... Толькі што не Раманчык.

— Раман Канстанцінавіч, — пацалаваў я ёй руку, і яна засмяялася.

— Ну, тады Зоя.

Гэта была мая жанчына. Як толькі яна адчыніла дзверы, як толькі я ўбачыў яе — нашы пагляды чыркнулі адзін аб адзін, як крэсіва аб крэсіва, высякаючы іскру, што запальвае жаданне. Я захацеў яе больш, чым Лі-Лі, і яна гэта адчула. Не адчуць такога жанчына не можа. Пераможнасць мільгнула ў яе паглядзе.

Я мноства разоў намагаўся спасцігнуць, як яно здараецца, што адна жанчына — проста жанчына, а другая — твая...Толькі спасцігнуць гэта немагчыма, як дао.

Твая жанчына — не другая, гэта не так. Твая — адна на тысячу, на мільён, на безліч... Яе можна адчуць, нават не гледзячы на яе, па тым полі напружання, па тых токах, што ад яе сыходзяць... Можна распазнаць яе ў сне сляпым паглядам цела.

Такое бывае не ва ўсіх і не з усімі. Той, з кім і ў каго такое было, шчасліўчык. Я шчасліўчык, бо ў мяне было такое.

Упершыню, — а таму і незабыўна, — у нябёсах, у самалёце.

Я ляцеў з гастроляў з Краснаярску. Стомлены, выканчаны і ад гастроляў, і ад трохдзённага чакання ў забітым пасажырамі аэрапорце, дзе людзі спалі, стоячы. У тыя часы білеты не прадаваліся нідзе і нікуды, яны не купляліся, а даставаліся, і калі ты ўсё ж даставаў білет, дык абавязкова там, адкуль ты ляцеў, альбо там, куды ты ляцеў, была непагадзь. А чаго-небудзь болей мутарнанага, чым тупое, ад якога яшчэ і не адыйсціся, чаканне ў аэрапорце, я не ведаю.

Зваліўшыся ў крэсла, як толькі ўвайшоў у самалёт, я стаў правальвацца ў сон, адчуваючы, што так спаць, як зараз, не хацеў ніколі. Але тут нехта сеў побач са мной. Нават не так: не сеў нехта, а ўзнікла нешта ў крэсле побач са мной, што сну майму ўявілася небяспечным — і я паспрабаваў, наколькі можна было, адсунуцца ад гэтага, каб не замінала спаць. Раней са мной такога не ставалася — і я не разумеў яшчэ, не ведаў, што адсунуцца ад гэтага можна хіба толькі за борт самалёта...

Злева вібрыравала і пранікала ў мяне хваля, што не ведала пра заслоны, іх для яе не існавала. Яна была, як покліч, што сыходзіў ад самкі, якая хавалася дагэтуль недзе ў першабытных лясах, плавала ў спрадвечных водах, і зараз выйшла з лясоў і водаў, каб прыняць у сябе таго, каго клікала. Жаданне, якое яна ўзбудзіла, знянацку паднялося з той цёмнай глыбіні, якой мы самі ў сабе жахаемся, і адразу пачулася такім нясцерпным, што стрываць яго, пагасіць, не аддацца яму можна было толькі праз скананне. Але і гэтага было яму мала, яно пранікала ў мяне і пранікала, ставала большым за мяне самога, разрасталася і выцясняла з мяне ўсё, што замінала яму: розум, які спрабаваў супраціўляцца, душу, якая спрабавала саромецца. Знячуліўшы ўва мне ўсё, апроч самога сябе, яно забрала мяне ў мяне і кінула да той, што выйшла з лясоў і водаў...

Мы сядзелі на самых першых крэслах, перад намі не было нікога — і самалёт якраз узлятаў. Мы ўзляцелі разам з ім... Толькі вышэй, куды як вышэй за самалёт...

Я не зразумеў, не ўсвядоміў, як гэта адбылося. Павёў рукою ўлева — яна ўзяла руку і прыціснула да лона. Падала знак, што я не памыляюся: гэта яе покліч. Пасля завяла руку за спіну і падсела на мяне. Я не бачыў, з кім узлятаў, я не расплюшчыў вачэй. І мне ўсё адно было, ці глядзіць нехта на нас, і ці што-небудзь, гледзячы, думае.

Нясцерпнае жаданне перапаліла мяне — і ўсё адбылося хутка, да крыўднага хутка. Амаль так, як некалі з феяй Таццянай Савельеўнай.