Выбрать главу

Тая, што выйшла з лясоў і водаў, прагнула працягу. Яна падняла мяне і павяла за руку ў хвост самалёта. “Яму кепска...” — сказала яна некаму па дарозе. Мусібыць, сцюардэсе. І мы зачыніліся ў прыбіральні.

У прыбіральні працягла, холадна завывала — і мы паляцелі ў гэтым халодным выцці, зліваючыся ў нешта адно, што ляцела і выла. Як яна выла — сусветная самка! — у самым паднябессі, і выццё яе скручваў халодны вецер і кідаў уніз, на ўсе лясы і воды...

Колькі гэта доўжылася, не ведаю і не помню. У дзверы прыбіральні стукаліся раз, другі і трэці, але жаданне не адпускала ні мяне, ні яе, і яна біла нагамі ў дзверы ў адказ тым, хто стукаў — і выла, выла, выла...

Я не расплюшчваў вачэй.

Калі мы спустошыліся, яна завяла мяне за руку на месца, пасадзіла, прыкрыла шалікам — і я, так і не ўбачыўшы яе, заснуў. Прачнуўся ў Маскве.

Крэсла побач было пустое. Я падумаў, што ўсё прысніў. Але мяне прыкрываў шалік.

— Выходзьце! — падышоўшы, нецярпліва сказала сцюардэса. — Наляталіся.

Яна была — як з рэкламных плакатаў: “Лятайце самалётамі Аэрафлота!” — і голас у яе быў падобны, але гэта была не яна. І ўсё ж я спытаў, бо ў самалёце болей не было пасажыраў, усё ўжо выйшлі.

— Гэта вы?

— Я! — адказала яна гэтак жа нецярпліва.

Азіраючыся на яе, я пайшоў з самалёта. У апошні момант, як мне здалося, яна ўсміхнулася... Было з чаго. Але гэта была не яна.

У аэрапорце, пакуль чакаўся багаж, невядома чаму пачуў я, як важную для мяне, аб’яву.

“Грамадзянку Анну Вазвышэнскую, якая прыбыла рэйсам з Іркуцку — Краснаярску — Свярдлоўску, чакаюць каля бюро даведак. Паўтараем...”

Аб’яў было шмат, яны гучалі адна за адной, але я пачуў толькі гэту — і кінуўся да бюро даведак. Чакаў там доўга, дзесяткі два мужчын і жанчын на вачах маіх сустрэліся. Але яе сярод іх не было, я не адчуў яе.

Найдаўжэй каля бюро даведак, трохі нервуючуся, стаяў і чакаў малайцаваты капітан-артэлерыст з васільковымі вачыма і з адной, але шыкоўнай, белай ружай. У адрозненне ад тых, хто чакаў таксама ўжо даўгавата, ён не губляў надзеі, не ўскідваў праз кожную хвіліну руку з гадзіннікам і не азіраўся бездапаможна па баках — стаяў і чакаў, нібыта стаяць і чакаць тут яго паставілі. Я зразумеў, што чакаць ён будзе хоць да другога прышэсця... Мне не было чаго губляць, а знайсціся хоць драбяза, хоць зачэпка якая, магла, і я падышоў да яго.

— Вы не Вазвышэнскую сустракаеце?

Бог ты мой, як ён мне ўзрадваўся! Да гэтай пары мне здаецца, што за ўсё маё жыццё ніхто ад з’яўлення майго не меў гэткай радасці...

— Вы ад яе?! — ухапіў ён мяне за плечы, і васільковыя вочы ягоныя засвяціліся сіне-сіне... — Дзе яна, дзе?

Каб я ведаў, дзе... Але я ўжо ведаў, што яна. Толькі яе так маглі чакаць.

— У Свярдлоўску сыйшла, — сказаў я першае, што прыйшло ў галаву, і тут жа падумаў: “А, можа, і праўда: у Свярдлоўску сыйшла?..”

— У Свярдлоўску?.. — Капітан разгубіўся, але ўсяго на міг, на імгненне... — А, ну канечне! У яе там сястра, мог сам здагадацца!..

Мне было і ніякавата перад ім — і трэба было вызнаць сваё.

— Анна прасіла, каб вы пазванілі сястры... Можам адсюль, тут ёсць міжгародні...

— Пазваніў?.. — Вочы капітана прытухлі. — У сястры няма тэлефона. — І тут жа капітан у той безвыходцы, у якую сам я сябе паставіў, дапамог мне, як заўсёды дапамагаюць наіўныя людзі. — Можа, вы пераблыталі нешта?

— Мог і пераблытаць, такі доўгі палёт... Здаецца, не сястры, а...

Капітан быў анёлам.

— Каці Сумскай?..

Я не ведаў, ці ёсць у Каці Сумскай тэлефон, таму толькі жэстам паказаў, што, можа быць, і Каці...

— Не помню нумару! — з адчаем усклікнуў капітан. — Недзе запісаны, але не помню. І запісаны дома, а мне на службу!.. Што рабіць?

“Чаму я не Анна Вазвышэнская? — падумаў я. — Мог жа Аннай нарадзіцца — і мяне б гэтак кахалі і чакалі, чаму я не Анна?..”

— Ды нічога, калі ўжо так, пасля службы пазвоніце... А можна і я вам пазваню?

— Вы мне?.. — нарэшце правільна не зразумеў нечага капітан, але зноў толькі на імгненне. — Калі ласка! Я ўсё перадам ёй, званіце, яна будзе рада...

Ягоны тэлефон, запісаны на авіябілеце на рэйс Краснаярск — Масква, я помню і па сёння — і іншым разам па ім званю. Мы блізка сыйшліся з капітанам, які стаў цяпер палкоўнікам, але без Анны. Анну Вазвышэнскую ён і тады не дачакаўся, і нідзе потым не знайшоў. Так што мы ўдвух яе страцілі — і ў страце сыйшліся. Толькі ён ведае, каго страціў, а я не... Можа, і не Анну.

Шалік Анны падарыў я Ніне, з якой тады толькі-толькі ажаніўся. Яна яго ўбачыла ў мяне — і я падарыў. Шалік быў новы, з яшчэ неадарванай этыкеткай.