Выбрать главу

— Хочацца, хочацца... — пачаў я гуляцца з Лі-Лі, задыхаючыся ў яе прахалодным, з пішчынкамі шампанскага, жываце і спаўзаючы тварам ніжэй і ніжэй... Там гэтак мяне ўсё чакала, што я ўжо не быў перакананы, што да таго жывата, з якога Лі-Лі выйшла, як Анна з лясоў і водаў, мяне цягне болей...

— А давайце яшчэ вып’ем! — якраз трэба было крыкнуць Зоі Паўлаўне. — За голас Лі-Лі! Я так хачу, каб яна спявала, Раман! Я сама хацела...

— Усе хочуць, за гэта і вып’ем, — наліў я шампанскае ў два бакалы і чакаў, пакуль Лі-Лі падасць трэці замест пабітага.

— Я не хачу. — Лі-Лі ўзяла з рук маіх бутэльку і паставіла на стол. — Калі ўсе хочуць, я не буду хацець.

— Усе хо-чуць, але не ўсе мо-гуць... — сказала Зоя Паўлаўна так расцягваючы словы, што яны не падаліся сцёртай, а таму амаль непрыстойнай показкай. — Удваіх вып’ем, Раман...

Яна падняла бакал і апусціла яго, не выпіўшы.

— Сказаць, Зоя?.. — спыталася Лі-Лі. — А то ўяўляеш, што яму філосаф наш наплёў?

— Як сабе хочаш... — прыгубіла бакал Зоя Паўлаўна. І паўтарыла: — Усе хочуць, але...

Лі-Лі, відаць было, думала, ці казаць тое, на што напрасілася. Зоя Паўлаўна адпіла яшчэ глыток і дапамагла ёй.

— Табе няёмка, бацька... сама я скажу... Каб зразумела ўсё было без дао, без кітайскай філасофіі. — Яна ўсміхнулася куточкамі губ, няхораша ўсміхнулася. — Мой муж імпатэнт, Раман Канстанцінавіч. Ужо болей як дзесяць гадоў.

Гэта было сказана з няправільнымі нейкімі паўзамі, пад канец наогул без іх, і так прагучала, што мне здалося, нібы пры мне яна пра мяне сказала, прадставіла некаму мяне: “ Мой муж імпатэнт Раман Канстанцінавіч”.

Мне было б малапрыемна, калі б яна некаму так мяне прадставіла. Але што б я рабіў, калі б яна сказала праўду?..

У дадзеным выпадку праўда мяне не датычыла — і таму магла быць праўдай. Яна і была, мусібыць, праўдай, бо адна тлумачыла ўсё тое, што ўсімі няпраўдамі так і не давёў мне Максім Аркадзьевіч.

Але ж Лі-Лі сказала: “Яна з Максімам спіць...”

— Я прывяла Зою да цябе, Раман, — села мне на калені Лі-Лі. — Толькі... — Яна зірнула на маці, нібы на сяброўку, якая ёй распадабалася. — Толькі зараз не ўпэўненая, што хачу гэтага.

— Ну... — нукнуў я, я так і памру з гэтым нукам, якога ў Крабіча набраўся так, што не адвучыцца, а Крабіч пачуў, як я нукаю, і перастаў. — Што ты сказала?..

Лі-Лі адкінулася.

— Не вырабляйся, Раман! Калі мяне Каміла прывяла, ты ўсё адразу зразумеў!..

Яна глядзела крыўдліва — і да мяне пачало даходзіць... Да мяне пачало даходзіць, а яна яшчэ і крыўдуе!.. Я для іх хто: бык племянны? Ці асемяніцель, як яно там?

— Я вам што: бык семянны?..

Мной відавочна карысталіся, бабы карысталіся — і ўва мне прачнуўся мужчынскі гонар, які, калі глянуць на тое, што за бабы мной карысталіся, мог бы і паспаць.

— Лі-Лі! — прыкрыкнула нарэшце Зоя Паўлаўна на Лі-Лі, як на дачку. — Ты што сабе дазваляеш!..

Толькі што, пяць мінут таму, прыкошваючыся на мяне, яна ўпотай і дазваляла сабе якраз тое, пра што зараз адкрыта сказала Лі-Лі. Я паспеў гэта зразумець хутчэй, чым паспеў заскандаліць.

З-за чаго скандаліць?.. Праз што?.. Праз тое, чаго я сам хацеў?.. Толькі ўпотай, як і Зоя... Але ж яны згаварыліся, згаварыліся! Мала што я сам захацеў!..

— Ёсць нейкія межы, Лі-Лі, — сказаў я, не бачачы ніякіх межаў, але пастанавіўшы, каб яны былі. Без іх я і сам быў бязмежны, сабе не належыў — будуць сікухі ўсялякія са мной, што прыдумаюць, тое і вырабляць. “Не вырабляйся, Раман!..”

— Я пайду, — паднялася Зоя Паўлаўна. — Мне ёсць дзе начаваць... Выбачайце, Раман Канстанцінавіч, за Лі-Лі.

— За Лі-Лі?.. — ускінулася Лі-Лі. — Сядзь, мама!

Зоя Паўлаўна не села, а ўпала на зэдаль, як пад каленкі яе падбілі. Не чакала, відаць, што Лі-Лі мамай яе назаве. Забылася, што яна мама.

— Ты за мяне перад Раманам прабачаешся?.. А за сябе перада мной?..

— Прабач, Лі-Лі, — даволі спакойна сказала Зоя Паўлаўна, якая хоць і падкасілася ў каленях, але болей не падкасілася ні ў чым: дачка і маці былі вартыя адна адной. — Толькі за што?.. Я не вучыла цябе пры святле распранацца.

— Ну, канечне! Ты манерам мяне вучыла! А бацька філасофіі! Дзеянню без дзеянняў! Толькі як без дзеянняў трахацца?..

Крутая дзяўчынка мая Лі-Лі...

Зоя Паўлаўна нічога ёй не адказала, у мяне спыталася:

— Вы курыце, Раман?

Я прыпадняўся, каб пайсці па цыгарэты, яны былі ў мяне для гасцей — Лі-Лі тузанула за рукаво і абсадзіла.

— Ды не паліць Зоя!.. Зоя ўжо дзесяць гадоў пігулкі п’е, каб знячуліць у сабе жаночае!.. Каб ні-чо-га не хацець!.. Мёртвай быць, але не здрадзіць... Бо ўбіла сабе ў галаву, што ў мужа праз яе не стаіць! Што яна ў гэтым вінаватая, і ведаеш, чаму?.. Ты паслухай толькі: таму што яна не дадавала яму энергіі! Бо ніколі не была, не адчувала сябе з ім жанчынай. Як я да цябе не была і не адчувала... Зоя ні разу ў жыцці не кончыла — паглядзі на яе!.. І лічыць, што з-за гэтага муж яе стаў імпатэнтам!.. Не яна праз яго імпатэнткай стала, а ён праз яе!..