Выбрать главу

Не даводзілася мне чуць, каб пра жанчыну казалі: імпатэнтка. Ёсць іншыя словы, але дачка для маці выбрала гэтае. Мужчынскае.

У Зоі Паўлаўны задрыжалі губы.

— Лі-Лі...

— Даруй, — пракінула Лі-Лі, не надта яе шкадуючы. — І ты кажаш, што не ведаеш, за што б магла перада мной прабачыцца?.. Ды праз тое, што ты такая гераіня... — Зоя сціснулася ва ўсіх сваіх формах, як перад ударам, аднак Лі-Лі толькі прадыхнула паўзу і не спынілася... — праз гэта, Раман, я вымушана была год за годам жыць з бацькам, у якога з фізічнай праблемы ўзнікла псіхічная. Ён вырашыў, што я, ягоная дачка — ягоная жанчына. Тая, якая яго злечыць. Прыплёў сюды філасофію — і ўяві, што пачалося!..

— Спыніся, Лі-Лі, — папрасілася Зоя Паўлаўна. — Хопіць, прашу цябе... Прабач.

Лі-Лі над ёй зжалілася нарэшце.

— Добра, я каву пастаўлю... — І перакінулася, не астыўшы, на мяне. — А ты чаго сядзіш?.. Дапамагай як-небудзь!..

Зоі трэба было неяк дапамагчы, хоць я бачыў, што яна не хацела ўжо ніякай дапамогі. Ні ад Лі-Лі, ні ад мяне. Падбітая Лі-Лі, яна ішла сюды, адчайна гатовая агаліць цела, але не болей за тое. Агаляць душу жанчына гэтая, як і канчаць, не ўмела.

Але адкуль у ёй столькі жадання, калі яна не ўмее?.. Яна магла падмануць мяне паглядамі, іскрамі ў іх, гульнёй з Лі-Лі, але падмануць мяне жаданнем яна не магла. Калі ўсё ж падманула, тады яна геніяльная акторка. Ці геніяльная жанчына... Так, такое можа быць: геніяльная жанчына, якая пра тое не ведае. Нешта ў ёй засланяе яе ад сябе самой, штосьці засціць... Што?..

Мне здалося, што я блізкі да таго, каб зразумець, здагадацца... Яна і не агаляецца, і не канчае, бо ў глыбіні сваёй і адно, і другое лічыць непрыстойным. Яна звыклася з прыстойным, як звыкаюцца з нечым раз і назаўсёды дадзеным, і змушае сябе паводзіцца толькі ў ягоных рамках. Так скажам, у першым выпадку — разважаючы пра філасофію, а ў другім — роўна лежачы на спіне. Калі ж не выпадае займацца гэтым прыстойна, няма з кім, тады самае прыстойнае — прытруціць спакусу, якая шукае, пад каго легчы. Але колькі можна труціць жывое, налітае, сакавітае, дзе блукае непадуладнае, чаго прагнецца, што ўжо і ўласная дачка зведала?.. Яна вырашае, што хопіць, і, каб захаваць прыстойнасць, пакідае мужа. Маленькімі крокамі да таго, дзеля чаго яна на гэта рашылася, з яе звычкамі не дайсці, спыняць. Тут трэба адважыцца на скачок, на пералёт, зажмурыцца — і ў бездань. Каб не было шляху назад... Ёй, каб агаліцца, каб кончыць, трэба ўшчэнт зламаць рамкі, змяніць прыстойную позу на самую разбэшчаную, перакінуцца з прыстойнасці ў гранічную, фантасмагарычную непрыстойнасць... А што можа быць болей непрыстойным, чым легчы пад палюбоўніка дачкі, ды яшчэ побач, а то і разам з дачкою?.. Вось чаму яна сюды прыйшла, вось у што пачала са мной з парогу гуляцца. Таму не дзіва, што я адчуў гэта, як жаданне; гэта, можа стацца, і нешта большае за яго.

— Раман, дайце мне закурыць, — патрабавальна, зноў збіраючы ў сабе рашучасць, сказала Зоя, і Лі-Лі на гэты раз не запярэчыла. Я прынёс цыгарэты, нахіліўся да Зоі з запальнічкай, і пакуль яна няўмела, выцягваючы ў трубачку губы, прыпальвала, паспрабаў уявіць, што будзе, калі мы знойдземся адно ў адным, калі раптам абудзяцца ў гэтай жанчыне ўсё яе жаданні за ўсё жыццё — і мяне скаланула, як токам прабіла... Я не памыліўся, яна мая жанчына.

— Калоцішся? — спытала Лі-Лі. — На кавы гарачай.

Відаць, яна змяніла рашэнне, з якім прывяла Зою.

— Я перасплю з вамі, Раман, — зацягнулася, адтапырана трымаючы цыгарэту ў двух пальцах, Зоя. — Не сёння, дык заўтра... — І стрэсла попел з цыгарэты ў кубак з кавай, які падала мне Лі-Лі.

У Лі-Лі акругліліся вочы.

— Ты што робіш, Зоя?.. Ты ў прастытутку гуляеш?..

Цыгарэта шыпнула, Зоя затушыла яе ў маім кубку.

— Не гуляю. Я і ёсць прастытутка, а не імпатэнтка. Толькі патайная. Вы любіце патайных прастытутак, Раман?

— Люблю, — сказаў я, не адмовіўшы сабе ў тым, каб не дапамагчы Зоі і не пазлаваць Лі-Лі. — Я наогул болей не люблю нікога, апроч прастытутак. Асабліва патайных.

Змена ў паводзінах маці, хвіліну таму ледзь не расплюшчанай каменем, які скінула на яе дачка, так дачку збянтэжыла, што Лі-Лі, хоць і не была дурнічкай, спыталася:

— А мяне?

— Любіць, — за мяне адказала Зоя. — Ён жа сказаў, што любіць прастытутак.