Выбрать главу

Уралагічная палата, дзе я паклаўся, пабачыў сон і прачнуўся, была на чатыры ложкі, на адным з якіх, каля вакна, ляжаў дзядзька, трубкамі падключаны да няўклюднага нейкага апарату, яшчэ два ложкі пусцелі, а ў дзвярах палаты стаяла медсястра з хлапчынаю гадоў семнаццаці і паказвала яму на незанятыя ложкі:

— Выбірай.

Яна не магла ўва мне выклікаць такі сон.

Фігурка медсястры, маленькай, але ва ўсім зграбненькай, ювелірна вытачанай, так абцягвалася караценькім і прадумана цесненькім халацікам, што хлапчына толькі пунсавеў, робячы выгляд, быццам і не косіцца на яе — і яму было ўсё адно, на які ложак... О, Таццяна Савельеўна...

Медсястра падыйшла да мяне, пахкая, ладненькая, прыцягальная сексуалачка — тут было з чаго пунсавець...

— Як вас зваць?

— Зіначка.

Ну, канечне ж, не Зіна... Ніводная мая жанчына не звалася Зіна. З тых, чые імёны ведаў...

— А вам на аналізы, — гулліва сказала спакуслівая Зіначка, і я ўспомніў Росціка: “А мне заўтра аналізы здаваць”.

Што з мяне ўзяць цяпер, апроч аналізаў...

Росціка ўчора паклаў я ў гэты ж шпіталь... Вось табе і нявызнаныя шляхі Гасподнія...

Што там з Росцікам?..

Я папрасіў Зіначку падбегчы ў нейрахірургію, каб дазнацца... Зіначка надзьмула губкі: “Ага, разбегалася... Толькі спыталіся, як зваць, і ўжо бяжы...”

З мяне ўзялі ўсё, што можна ўзяць, і пастанавілі, што праз занесеную ў рану ад відэльца незвычайную нейкую інфекцыю (з чыіх зубоў?.. Шыгуцкага?..) запалілася лімфоідная тканка, пачаўся інтэнсіўны ацёк. Я змусіў сябе ўзрадвацца, што ўсё ж не займеў ад “прафесаршы” горшае, на што палатны доктар сказаў: “Дурная ў вас радасць, Раман Канстанцінавіч. Горшае вашае ў параўнанні з гэтым — насмарк. — І ён не вытрываў, каб не пацікавіцца: — А чаго гэта вас — на відэлец?...”

Я адказаў, што ад залішняй культуры і далікаткасці. Доктар гэты пры першым абходзе паспрабаваў вытурыць мяне з уралогіі. “Ідзіце, куды захочаце, вы не мой хворы!..” Я схадзіў туды, куды захацеў, да галоўнага ўрача, у якога былі мы ўчора разам з Шыгуцкім — і цяпер мог ляжаць хоць ва ўсім шпіталі адразу. “Дзён пяць вас палечым, — клапаціўся палатны доктар. — Лепш усё ж пад нашым назіраннем...”

Зіначка збегала-такі ў нейрахірургію і вярнулася з тым, што ад галоўнага ўрача я ўжо ведаў: Росцік пакуль без памяці.

Лі-Лі заляцелася з раніцы — парывістая, ускаламучаная... Пабачыла, што жывы — і ходу: “У нас там такое робіцца!..” Не сказала, дзе і што, а мне не да таго было, каб пытацца. Я заўважыў толькі, што Лі-Лі паводзілася так, быццам мне прыснілася ўсё ўчарайшае разам са сном пра блізнятак.

Калі яна прыйшла пад вечар, я расказаў ёй гэты сон, неадчэпны, ад якога не мог пазбавіцца, нібы ён зросся са мною. Я не верыў у прарочыя сны — ды й што тут магло быць прарочага? — але сон мяне тузаў. Як аказалася, нездарма. Лі-Лі пакусала губы і сказала: “Падобна на тое, што я цяжарная. — Паглядзела на маю рэакцыю і дадала. — Не абавязкова ад цябе. — І зусім ужо без аніякай сувязі скончыла. — Ігара Львовіча забілі”.