Выбрать главу

Я маўчаў, бо не мог выбраць, на што, са сказанага ёю, адказваць, а Лі-Лі падумала нешта сваё і зазбіралася: “Гэта ўсё”. З тым яна і пайшла, пакінуўшы мне апельсін. Ад бацькі — лімон, ад дачкі — апельсін.

Толькі тады, калі Лі-Лі пайшла, я пачаў не разумець: як гэта пайшла?.. Праз кожныя паўгадзіны званіў дахаты — трубку тэлефонную ніхто не браў. Максіму Аркадзьевічу званіць я не стаў.

Каля тэлефона мяне знайшла Зіначка і павяла на ўкол. “Зіначка, — спытаў я, кладучыся, — мы будзем сёння цалавацца?..” “Ага!.. — наўмысна балюча, бо бачыла са мной Лі-Лі, укалола Зіначка. — Мяккім месцам аб мяккае месца — і хто далей адскочыць”. Грубаватасць пасавала ёй, як страказе прычэп. Хлапчына, Алік, якога паклалі ў шпіталь з абвастрэннем хранічнага нефрыту, папунсавеў. Ён увесь час то бялеў, то пунсавеў, у залежнасці ад таго, на якой адлегласці ад яго была Зіначка.

Пра Аліка я думаў, што ж з ім будзе, калі адлегласці паміж ім і Зіначкай раптам не стане. Зусім не стане, больш, чым не стане...

Куды як болей сур’ёзна думаў я пра Адама Захаравіча — дзядзьку на ложку каля вакна. Той няўклюдны, якім ён мне здаўся, апарат, падключаным да якога ляжаў Адам Захаравіч, быў штучнай ныркай. Адам Захаравіч жыў на ёй і чакаў донара.

Я спрабаваў уявіць сябе на месцы Адама Захаравіча... Жыве недзе нейкі чалавек, і я не ведаю, хто ён, і ён пра мяне ведаць не ведае, а я пра яго думаю і думаю, чакаю і чакаю, калі яго трамвай па шыі пераедзе — і паміж ягонымі і маімі ныркамі не стане адлегласці...

Алам Захаравіч маімі думкамі не думаў.

— Яго і без мяне трамвай пераедзе, — наўпрост сказаў ён, калі я аддаленымі словамі ва ўскосных склонах нешта пра гэта пракінуў. — Вы пакладзіцеся на маё месца, а я на вашым пра вас падумаю.

Пакласціся на ягонае месца я і ў думках не мог.

Тэарэтычна, калі Росцік памрэ, Адаму Захаравічу могуць дастацца ягоныя ныркі. Тое, што я магу памерці, і Адаму Захаравічу дастануцца мае ныркі, нават тэарэтычна выключалася. Я наогул не збіраўся паміраць.

Ігара Львовіча забілі... Толькі наўрад ці ныркі Ігара Львовіча, якія перагналі столькі гарэлкі, могуць стаць донарскімі, з імі яго і закапаюць...

Далей гэтага ў забойстве Ігара Львовіча я не рухаўся — тут была нейкая небяспека.

Небяспека была шмат яшчэ ў чым.

Сон кашмарны прысніўся. Невядома, што ён значыць...

Росцік без памяці. Невядома, ці выжыве.

Лі-Лі цяжарная. Невядома, ці ад мяне.

Невядома яшчэ, ці цяжарная...

Ігара Львовіча забілі. Невядома, хто...

Хто і за што мог забіць Ігара Львовіча?.. Сына былой актрысы, п’яніцу?.. І чаму я адчуваю ў гэтым небяспеку?..

— Тут не ныркі, тут душы з людзей выразаюць, — даводзіць мне Адам Захаравіч тое, у якім жахлівым часе і з якімі звярамі мы жывем. — Думаеце, мне здаровыя, маладыя ныркі дастануцца? Хрэна! Паўсюль блат ды хабар! Маладыя і здаровыя налева пойдуць, а мне прышпандораць старэчыну, абы з рук збыць!..

Алік падымаецца і, пунсавеючы, хоць няма побач Зіначкі, выходзіць з палаты.

— Адам Захаравіч... — кажу я. — Вы ж думайце, перш чым казаць...

— Думайце, думайце... — бурчыць Адам Захаравіч. — Раней бы думалі, такая краіна была...

— Пры чым тут краіна?

— Пры тым... Забыліся, якая краіна была?.. Усё ўсе мелі, у камунізме жылі — і не бачылі! Здаровыя, сытыя!.. Ашавуркі...

Адам Захаравіч злосны дзядзька, злы на ўсё і ўсіх, а найболей — на сённяшні час; злы настолькі, што забыўся, помніць не хоча, што адну нырку яму выразалі яшчэ за савецкім часам, калі ўсе былі сытыя і здаровыя. Тады ён быў нейкім раённым начальнікам, ці то партыйным, ці то гаспадарчым, а хутчэй за ўсё, як яно ў той час вадзілася, і тым, і другім.

У яго ёсць сын, які жыве ў Канадзе, прыжаніўся там, і Адам Захаравіч, калі кепска стала з другой ныркай, паехаў да яго... Падлячыўся трохі, але за трансплантацыю ныркі сын плаціць адмовіўся. Чамусьці з гэтага, як галоўнае, вынікала для Адама Захаравіча тое, што сам ён не меў на аперацыю грошай, а значыць, у адрозненне ад цяперашніх ашавуркаў-начальнікаў, ніколі і нічога не краў.

Што ж, ашавурак Шыгуцкі сапраўды мог бы купіць хоць вядро тых нырак...

Алік стаіць на калідоры і, не ведаючы, куды падацца, торгаецца. “Пайшлі, — прапаную я, — пашпацыруем па шпіталі...”

— Я трубкі яму перагрызу, — грозіцца Алік. — Дальбог, уночы ўстану і перагрызу.

Я ўспамінаю пра вяроўку, перагрызеную Максімам. Кожны чалавек і кожны сабака, маючы зубы, можа нешта перагрызці. Уся штука ў тым, што і для чаго...

Ныркі ныркамі і нефрыт нефрытам, Адам Захаравіч дастае Аліка яшчэ і Зіначкай. “Куды табе, вёска, у такі гарадок!..” А Зіначка дастае мяне ўколамі. Не ўсё ў мяне весела з раманчыкам, калі так пораць.