Выбрать главу

— Я змяняюся...

Гадзіны праз тры, калі я ўжо ляжаў на ложку Адама Захаравіча, глядзячы ў вакно і няўтульна думаючы пра вечнае, яна адчыніла дзверы ў палату, стала ў іх — на шпілечках, у чорнай спаднічцы і чырвоным світэрачку, усё ў абцяжачку, усім выхадны — і, не заходзячыся, даклалася.

— Я змянілася... Той чалавек, пра якога вы пыталіся ў нейрахірургіі... — нехта падштурхнуў яе, праходзячы па калідоры, яна зрабіла паўзу ды яшчэ паглядзела ўслед таму, хто яе падштурхнуў, ды яшчэ світэрачак паправіла і спаднічку абцягнула, а я ўсё чакаў, у мяне халадок зазвінеў у патыліцы... — прасіў, каб вы зайшліся. Яго перавялі з рэанімацыі, дванаццатая палата.

Пра чалавека, які не памёр, трэба адразу казаць, што ён жывы, засранка малая...

— Купіце мне канверт... — папрасіў яе Алік. — З маркай.

— Гэта паверхам вышэй цераз пераход, — як і не пачула яго Зіначка. — Вас правесці?

Я ўяўвіў сябе побач з ёю ў бальнічным халаце і шлёпках... Дзед з унучкай.

— Не, я ведаю, я сам...

— З якой маркай? — крыўданула Зіначка, бо ўсё ж пастаралася, без просьбы збегала ў нейрахірургію.

Алік не зразумеў, з чаго гэта яна, і разгубіўся.

— З любой...

— З любой не дойдзе, — сказала Зіначка, неадрыўна гледзячы на мяне і зачыняючы дзверы. — Я табе з вялікай куплю. З дзвюма вялікімі.

Не, ну яе, праўда засранка малая...

Да Росціка мяне не хацелі пускаць, давялося зноў усіх страшыць Шыгуцкім, дазволілі ўрэшце зайсці на хвілінку, а Росцік, калі я ўвайшоў, заплакаў.

— Так табе нават лепей, — прысеў я да яго на ложак. — Лысіны не відаць.

— Я мёртвым быў, — сказаў Росцік. — Мяне не было, разумееш?..

Яго нельга было шкадаваць, бо ён надта хацеў, каб яго шкадавалі.

— Тунель бачыў? На святло ляцеў?

— Я клапа бачыў...

— Якога клапа?

— Клапіцкага, дырэктара філарманіі... Стаіць у тунелі і білеты прападае... А камандзіроўку, кажа, я вам не падпішу, бо білеты ў вас не на той дзень, як дата ў камандзіроўцы — зноў махлюеце, Смольнікаў...

Росцік не жартуе, ён баіцца, але я раблю выгляд, нібы ён жартуе.

— Не прапусціў цябе Клапіцкі... Нездарма Бога з сябе корчыць.

— Я філарманічныя білеты з чыгуначнымі зблытаў... З тымі тунельнымі...

— Ты што туды — на цягніку?

— Не, па тунелі... Толькі па білеце... На ім яшчэ напісана было: кантроль не адрываць.

Нешта ўсё ж з Росцікам не тое... Не тое нешта з Росцікам...

Што ў нас у патыліцах?.. Там, ззаду, па адчуванні — быццам бы і мазгоў ніякіх няма, усе нібыта — па баках і спераду.

А жывем заднім розумам...

Дык нічым жывем?.. Пустатой?..

— Не балбачы абы што. Абыйшлося, праехалі.

— Нічога не абыйшлося... Я нармальным буду?.. Што табе доктар сказаў?..

— Як ты можыш быць нармальным? Калі ты быў нармальны?..

Інтанацыя правільная: была б нейкая небяспека — хіба я гэтак бы з ім гаварыў?.. Росцік паспакайнеў.

— Усё жыццё я быў нармальны... А жыў з ненармальнымі.

Пра сябе я тое самае думаю.

Атлас трэба глянуць анатамічны. Галаву. А то, калі гляджу, дык па звычцы — ніжэй.

— Чарапок зрасцецца — і выпішуць цябе... Пайду, табе нельга стамляцца.

— Ідзі... — І толькі тут Росцік заўважыў, як я апрануты. — А ты чаму ў халаце?

— Мода змянілася, пакуль цябе не было... — Росцік зноў занепакоіўся. — Ды не пускалі ў палату іначай, строга тут... Адпачывай, заўтра зайдуся.

— Бананаў прынясі, — папрасіў Росцік. — У бананах ферменты такія — косці хутчэй зрастаюцца.

Ага, як у муміё... “Вазьміце жывога пеўня, адкруціце галаву, памажце, прыстаўце — і певень закукарэкае”.

Так пісалі пра муміё... У газеце, я чытаў — і час быў савецкі.

Пасля вазьміце мёртвага пеўня...

Росцік выжыве, калі пра ферменты думае. І я, мусіць, жыў буду, калі думаю пра Зіначку. Лабух будзе кукарэкаць, што яму ні адкручвай...

На калідоры каля выхада на лесвіцу, недалёка ад маёй палаты топчацца міліцыянт. Гэта наш участковы, мы знаёмыя. Але не так знаёмыя, каб ён прытаптаўся мяне праведаць.

— Хто ў вашай хаце жыве, Раман Канстанцінавіч? — пытаецца ўчастковы, нават не пацікавіўшыся маім здароўем. — То адна, то другая, цяпер адразу дзве... — І не паспяваю я адчуць палёгкі, як ён дадае: — Ды я не з гэтым... Зразумейце толькі, што я не як следчы, мне даручана інфармацыю сабраць... Дзе вы былі заўчора ў першай палове дня?

Вось яно... Толькі чаго я асцерагаюся?

— Дома... Пасля на рабоце.

— І болей нідзе?

Я адказваю, не ведаючы, чаму маню.

— Нідзе. У лазні яшчэ... Пазней...

Лазня ўчастковага, як і маё здароўе, не цікавіць. Значыць, Ігар Львовіч...