Выбрать главу

— Тады я пайшоў, — кажа ўчастковы і глядзіць на мяне ўважліва. — Калі вы нідзе болей не былі...

Што я раблю?.. Чаго баюся?.. У чым тут небяспека, калі я не пры чым?.. Трэба проста сказаць, як яно было, ну, хіба толькі без “прафесаршы”, але я зноў, як нехта мяне змушае маніць, страху ў мяне наганяе, маню.

— Нідзе... Дома, на рабоце і ў лазні... Гэта лёгка праверыць, бо ў лазні я быў з... — Тут я ўсё ж спыняюся, не прыплёўшы без дай прычыны Шыгуцкага.

— Добра, — ні на чым больш не настойвае ўчастковы, хітра не настойвае, нібыта з поўным даверам. — Гэта ўжо іншыя правераць, калі спатрэбіцца. Папраўляйцеся.

Успомніў, што я ў шпіталі...

Ён паварочваецца ісці, я гляджу яму ў спіну — і яна мне здаецца напружанай, і адыходзіць ён амаль подбегам, нібы спяшаецца, каб пра мяне дакласці...

— Чакайце!.. Скажыце хоць, нашто вам ведаць, дзе я быў заўчора?

Участковы прыпыняецца.

— А вы не ведаеце, нашто нам ведаць?.. — Ён так і кажа: нашто нам ведаць? — Рутнянскага Ігара Львовіча, суседа вашага, заўчора забілі. — І з націскам, з намёкам нейкім дадае. — З пісталета.

Бамжы! Той асіметрычны!.. Ці фікусалюб? Вярнуліся — і забілі. Толькі за што? За пустыя бутэлькі? А, ці мала за што... Сказаць, што я заходзіўся? Не, не ўблытвацца...

— Дык я тут пры чым?

-- Хто яго ведае... Можа, і не пры чым. — Участковы стаіць бокам да мяне і глядзіць цераз свой блішчасты пагон. — А вам Лі-Лі не сказала, што Рутнянскага забілі?

Пытанне ён прагаворвае так, нібы падкрэслівае, што знаёмы з Лі-Лі. Блізка знаёмы. Ах ты мент...

— Я ў шпіталі. Тут не пра ўсё кажуць.

— А, ну канечне... Я разумею. — І ўчастковы паўтарае. — Папраўляйцеся. — Ён выходзіць з калідора на лесвіцу — і спіна ягоная яшчэ болей напружаная.

Палатны доктар ідзе па калідоры і пытаецца:

— Да вас ахову прыставілі, Раман Канстанцінавіч?.. Хадземце пабачым, ці ёсць што ахоўваць...

Ён якраз, у адрозненне ад Росціка, жартуе, а мне хочацца даць яму ў пысу. Ледзьве стрымліваюся.

У палаце на маім ложку сядзіць Лі-Лі, абняўшы Аліка, які быцца лом праглынуў.

— Я цалавацца яго вучу, — ускудлачвае Лі-Лі валасы на галаве Аліка. — Ён, аказваецца, ніколі яшчэ не цалаваўся.

Палатны доктар — службова-адміністрацыйны пацук. Яму хоць Венеру Мілоскую пакажы, але ў належны час і ў адпаведным месцы. Да таго ж, Лі-Лі і прыйшла не да яго, і не яго цалавацца вучыць.

— Што вы тут робіце? Вам нельга тут!..

Лі-Лі наіўна здзіўляецца.

— Чаму?

— Мне хворага глядзець!

— І я хачу глянуць, — кажа Лі-Лі. — Для мяне гэта нават важней.

Алік спрабуе ўстаць — і не можа. Я падаю яму руку, ён падымаецца і, ледзьве пераступаючы, выходзіць з палаты.

Што яна яму зрабіла?..

— Раман Канстанцінавіч!.. — не спраўляючыся з Лі-Лі, напірае на мяне доктар.

— Нічога, Іосіф Данілавіч, няхай глядзіць... Бачыла.

Іосіфу Данілавічу камендантам у інтэрнаце быць, а не доктарам у такім далікатным аддзяленні, як уралогія.

— Не, гэта чорт ведае што!.. Як гэта няхай глядзіць?

— Ну, вось так... — спускаю я бальнічнае сподняе. — Што ў мяне тут?

— Спадае пухліна... — аўтаматычна заўважае доктар, злосна зыркае на нас абаіх і кідае, выходзячы:

— Праз пяць мінут зойдзеце ў працэдурны пакой.

Пяць мінут даў на ўсё...

— Сапраўды спадае... — аглядае мяне Лі-Лі. — Але пухленькі яшчэ... Хочаш пацалую? Можа, палепшае?..

— Не дурыся, падурылася, — падцягваю я сподняе. — Ты калі-небудзь што-небудзь казаць мне будзеш?

— Я ўсё табе ўчора сказала... Што я не сказала?

— Што з міліцыі ў хату прыходзілі! А ўчастковы цяпер сюды прыпёрся!

— Дык я яго і прывяла... Ён ж не ведаў, дзе ты ад правасуддзя хаваешся...

— Лі-Лі!..

— Ты чаго так нервуешся?.. Учора кажу, што цяжарная — ты хоць бы што... А сёння з-за міліцыі нервуешся. Яны сведкаў шукаюць... У двары кажуць: баба нейкая Ігара Львовіча забіла.

— Хто?..

— Баба нейкая, скуль я ведаю!.. Хоць, мусіць, бачыла аднойчы з ім: тлустая такая, гара мяса...

— І ты ўчастковаму сказала?..

— Пра што?

— Пра бабу тую...

— Не. Можа, не яна, нашто я нагаворваць буду?..

Лі-Лі пра бабу тлустую, пра “прафесаршу” кажа — і дапытліва так на мяне глядзіць, нібы я пацвердзіць, ці не пацвердзіць магу: баба забіла, ці не. Не верыць Лі-Лі, што баба... Але што да таго Лі-Лі, чаго наогул яе гэтак забірае?..

А я чаго нервуюся? Ну, быў я там перад тым... Быў — і што з таго? Няўжо не бамжы, а “прафесарша”? Але зноў жа: чаму, за што?.. Ён узраўнаваў, накінуўся?.. Ды якая рэўнасць, там зусім не рэўнасцю пахла...

Я сядаю на ложак побач з Лі-Лі, паварочваю яе да сябе за плечы і пытаюся вочы ў вочы: