Выбрать главу

Вярнуўшыся, я зноў прысеў.

— Вы дысертацыю пішаце? Дык нібыта не ваш профіль...

— Абмежавала, — захадзіў па працэдурнай Іосіф Данілавіч. — І яшчэ як... Усё, што мы сабою ўяўляем, гэта, па-першае, генетычны набор, і, па-другое, функцыі клетак галаўнога мозга. Дык вось ёсць адзін-адзіны ген і ўсяго каля мільярда клетак, якія адказваюць за выпрацоўку ў нас той высокай, высокаякаснай энергіі, якая забяспечвае нам магчымасць свяціцца. Кахаць, Раман Канстанцінавіч!.. У жанчынах энергія тая выпрацоўваецца да скону, трохі хіба прытухаючы, а ў мужчынах ген кахання чык — і ламаецца, функцыі клетак страчваюцца. Катастрофа на атамнай электрастанцыі, разумееце?.. — І раптам палатны доктар ледзьве не закрычаў: — Адна радыяцыя ад нас пасля сарака!

Праблемы ў яго... А не скажаш, ніколі не сказаў бы.

Я перапытаў:

— Цэлы мільярд адмірае?

— Сто працэнтаў.

Як на выбарах, калі б я галасаваць хадзіў...

— Адразу пасля сарака?

— Адразу. Годам раней, годам пазней — не важна. — І ён скончыў: — Можаце выпісвацца.

Шматзначна яно ў яго прагучала: “Можаце выпісвацца”. Пасля сарака...

Тады не аднаму мне выпісвацца... Крабічу пасля сарака, Росціку пасля сарака... І я спытаў, каб той атлас анатамічны не шукаць:

— А яны не ў патыліцы?

Ну, бачылі б вы Іосіфа Данілавіча...

— Хто не ў патыліцы?..

— Клеткі тыя... Якіх мільярд...

Кажу вам: ну, бачылі б вы яго...

Выпісваючыся, я ўсё думаў, што для мяне якраз важна: годам раней, ці годам пазней... Пакуль чык — і зламаецца.

І яшчэ думаў, што, калі клеткі тыя ў патыліцы, дык Росціку ў любым выпадку — ваду зліваць. Не ўгадаць, калі ўжо цябе паранілі — дзе б яно лепей?.. І ці шаром, ці відэльцам.

VIII.

Лі-Лі, якой не бачыў я амаль тыдзень, пра тое, чаму я не бачыў яе, нават не заікаецца, а распавядае, як хавалі Ігара Львовіча. Што ж, Ігар Львовіч цяпер таксама ў сферы маіх інтарэсаў... Жыў — не быў, памёр — стаў...

— Лідзія Паўлаўна здзіўлялася, што цябе няма...

— Яна не ведала, чаму?..

— Ведала, але здзіўлялася... Прыйшлі ўсе суседзі нашыя (Лі-Лі так і кажа: нашыя, мае, значыць, і яе), з акадэміі, ён там загадваў лабараторыяй нейкай сакрэтнай, чалавек трыццаць, вучні ягоныя, адзін... (і тут Лі-Лі — я гэта пасля ўспомніў — пацягнула паўзу, нібы думаючы, што і як сказаць) ...адзін з Амерыкі прыляцеў, Лідзія Паўлаўна казала, што ты знаёмы з ім, бамжы — во тусоўка!.. І калі амерыканцу кайданкі начапілі, бамжы біцца кінуліся. Я з бамжамі была...

У Лі-Лі сіняк на левай скуле — і яна мне тлумачыць, адкуль...

Дурнота скрозь... Нашто чалавека ў наручнікі на могілках браць, пачакаць нельга?

— Няма ў мяне амерыканцаў знаёмых.

— Дык ён наш, з’ехаўшы... Габрэй, мусіць.

— А чаго бамжы за яго ўступіліся?

— Ён за памінкі плаціў, запрасіў усіх... Такая бойка ўсчынілася! У таўкатні труну з Ігарам Львовічам без века ў магілу скінулі... Дасталі — ён увесь у мокрым пяску, дождж якраз прыпусціў, ледзьве ачысцілі з большага... А двое з тых, што нібы з акадэміі былі, супроць нас біліся. Людзі ў цывільным хутчэй за ўсё. Лідзія Паўлаўна аднаму вока парасонам, як пікай, выбіла! Уяўляеш?

Я ўявіў...

— Што ёй за гэта будзе, як ты думаеш?

Я кажу:

— Вока за вока... — Я не думаю пра Лідзію Паўлаўну, я думаю пра сябе.

Зіначка пацэліла ўдала: выйшаў я са шпіталю, прыкульгваючы. Паклаўся параненым спераду — падняўся параненым ззаду. Расказаць каму...

Праводзячы мяне, Зіначка радавалася, што іголка ўва мне не зламалася, а то б ёй было...

Пехатой дамоў кульгаць не давялося: у шпітальным двары чакаў каля машыны ўчастковы.

— Следчы папрасіў вас даставіць... Неафіцыйна. Гэта не мая работа, але... Тым больш, што вы нагу падцягваеце. Залячылі?..

Ён нібы ведаў пра Зіначку — і я ашчэрыўся.

— Нейкія ж нормы ёсць, правілы! Позва на допыт, санкцыя на арышт! А то прыехалі: вас даставіць!...

— Лепш па-добраму, — адчыніў дзверцы машыны ўчастковы. — Ёсць і позвы, і санкцыі, толькі лепш па-добраму, Раман Канстанцінавіч...

Следчы мяне гадзіны паўтары мантыліў.

— Былі вы ў дзень забойства ў кватэры Рутнянскіх?

— Ну, быў...

Спачатку, адчуваючы ўсё тую ж незразумелую небяспеку, я аднекваўся, не ведаючы, што паказанні ўжо даў сусед, які заўважыў з балкона, як стаяў я з Лідзіяй Паўлаўнай у двары і зайшоў у пад’езд. Да таго ж ва ўсім, апроч забойства, прызналіся грамадзяне Ціхан Міхайлавіч Лупеха, Аляксей Віктаравіч Мацвеенка і Зінаіда Сяргееўна Ліскіна — асіметрычны, фікусалюб і “прафесарша”. А я думаў, што ў мяне жанчыны з іменем Зіна не было ніколі...

Следчы не стаў пытацца, чаму я маніў і яму, і ўчастковаму.