Выбрать главу

Я гляджу на Марту, успамінаю яе — гэта яна толькі з выгляду халодная — і думаю: шкада, што вырвалася. Шкада... Жылі б зараз разам, Роберт бы спазняўся, на колькі хацеў, ці зусім бы не прыходзіў — і не прасіў бы на тое ніякага дазволу...

— Скажы мне пра Роберта... — прашу я Марту.

— Што?

— Як у яго... ну...

— З сексам? — як і чакаў я, наўпрост сама ў сябе дапытвае за мяне Марта. — Нармальна. Зараз ва ўсіх у іх з гэтым нармальна, без нашых праблем.

Я хачу спытацца: “А ў цябе хіба праблемы былі?..” — але пытаюся:

— А Поль?..

— І з Полем нармальна, — спакойна адказвае маці майго сына. — Гэта таксама не праблема.

Мая Марта — агульнаеўрапейскі стандарт, вось што такое мая Марта. Не тое, што мая Ніна, якая падыходзіць і не ведае, як з намі павітацца, каб падацца разняволенай... Я цалую і ўсаджваю за стол сваю першую жонку, ціхую, слаўную, клапатлівую Ніну, з якой мне не трэба было разыходзіцца і ніякіх іншых жонак мець не трэба было, іду да бармэна, у якога прыхаваў кветкі, падношу Ніне букецік чырвона-жоўтых настурак, Марце — бела-ружовых маргарытак, наліваю шампанскае і заміраю, ледзь не дранцвею, чакаючы: ці ўспомняць?..

Успомнілі!.. Яшчэ як успомнілі!.. Ах вы, залатыя мае!.. Ну чаму б нам усім разам не жыць, што ў вас за пастановы такія: ці я — ці яна!.. А хто яна, якая? — можа, і не горшая... Вось жа ты, Марта, не горшая за Ніну — і Ніна не горшая за цябе... Толькі Марта, праўда, разумнейшая — у, якая разумніца! — здагадваецца, што трэба сказаць, каб я пачуў тое, пра што яны ўспомнілі, і пытаецца:

— Ты запісваеш, каму і якія першыя кветкі дарыў?..

У, немка, ды няхай так, але ж успомніла, абедзьве ўспомнілі! — і ні адна не ўскрыўдавала і не раззлавалася, я ўсё ж баяўся, што раззлуюцца ці пакрыўдзяцца адна перад адной...

— Вып’ем?.. — падымаю я шампанскае. — На брудэршафт... Каб на ты цалавацца...

— Не, — адмаўляецца Ніна і кладзе настуркі на стол. — Першай ружа была... Ты ўночы ружу ў акно кінуў, а ўжо раніцай былі настуркі...

— Якая ружа, Ніна?.. — пытаюся я вінавата і разгублена, нібы нічога такога не згадваю, і мая першая, найлепшая, найпрыгажэйшая мая жонка пераможна кажа:

— Белая! — І сапраўды разняволена, амаль што як Каміла, адкідваецца на спінку крэсла, а ў светла-шэрых вачах латышскай немкі мільгае нешта сваё пераможнае.

Ух, як вы ўсё ж адна перад адной!..

— О, Божа!.. Ружа!.. Белая!.. Ну так, белая ружа!.. — раблю я выгляд, што няма мне даравання, падаючы знак бармэну, з якім пра ўсё загадзя дамоўлена — і той кідае з-за стойкі на стол наш белую ружу. Удала так кідае, як усё жыццё на сталы ружы кідаў, давядзецца яму за класнасць накінуць — ружа якраз перад Нінай кончыкам сцябла ўтыркаецца і павольна да яе кладзецца...

— Даруй, што не ў вакно і не ўночы, — кажу я Ніне. — Не ноч і вакна няма...

— Нічога, — кажа Ніна. — Нічога, дзякуй... — І слёзы ў вачах яе на імгненне ўсплываюць — і вачамі ўбіраюцца...

Марта не ўмее плакаць, а Ніна не плакаць навучылася.

— Што ў вас тут за цырк? — ападае на крэсла побач з Мартай Каміла. Я і не заўважыў, як яна вярнулася. І ўслед за ёй сядае да Ніны Роберт:

— Бацька фокусы паказвае?..

— Хэй, Марта! — вітаецца Каміла. — Як ты?

— Нармальна. А ты?

— Нармальна.

— А ты, Роберт? — пытаецца Ніна.

— Нармальна. А вы?..

— Нармальна, — не сваім словам адказвае Ніна, і Роберт пытае ў мяне:

— А ты як, бацька?..

Не ў час яны прыйшлі... Яшчэ пяць хвілін — і я ажаніўся б з Нінай і з Мартай...

— Ніяк. Ва ўсякім разе не нармальна. Вы хто, шпакі?..

— Вучыць сабраў, — сама сабе налівае шампанскае Каміла. — Я так і думала...

Ніне сорак, Марце трыццаць чатыры, Каміле дваццаць, але хто з іх маці, хто дачка, адразу, не ведаючы, і не разбярэшся... Дык не кажыце тады, што колькі жылі са мной, столькі мучыліся, калі так захаваліся. Я вунь змучыўся з вамі — яно і відаць: ген кахання вось-вось зламаецца...

— Не сярдуй, добра выглядаеш, — міралюбіва кажа Роберт. — На мяне падобны.

Ён пад Марту падрабляецца, не заўважае гэтага, а яму не пасуе... Часцей трэба з ім сустракацца, сын на бацьку павінен быць падобны, а не на немку.

— Сход сабраўся, што ў парадку дня?.. — дзелавіта пытае Марта, для якой маргарыткі маргарыткамі, а час часам, і ёй дакладна трэба ведаць, дзеля чаго яна час губляе. А Ніне можна не ведаць: паклікалі — і прыйшла. Ніна слаўная...