Выбрать главу

Я разумеў, што тут было не разумець... Гэта не Дао...

Калі д’Артаньян па дарозе да Лондана пракалоў шпагай пасланца кардынала графа дэ Варда, ён уздыхнуў, падумаўшы пра загадкавасць лёсу, які змушае людзей знішчаць адзін аднаго дзеля інтарэсаў трэціх асоб, ім зусім чужых, якія нават не ведаюць, не сняць, не здагадваюцца пра іх існаванне...

Не ведаючы, што рабіць, апроч як чакаць, пакуль трэція асобы нешта са мной вырашаць, я ўзяўся гартаць кніжачку, прынесеную Лі-Лі пасля знаёмства майго з Максімам Аркадзьевічам. Кніжачка, падобная на цытатнік, называлася “Дао Дэ Цзін”. Я разгарнуў наўздагад...

“Неба і зямля не ведаюць нянавісці і любові, справядлівасці і несправядлівасці, яны ўсім жывым істотам даюць жыць уласным жыццём”.

У Дао таксама ёсць што-кольвечы зразумелае... А Максім Аркадзьевіч толькі туман наганяў...

“Дао пустое, о, найглыбейшае! Яно прабацька ўсяго. З гліны лепяць посуд, але скарыстаць у посудзе можна толькі пустату ў ім. У сценах прабіваюць вокны і дзверы, каб зрабіць дом, але скарыстаць у доме можна толькі пустату ў ім. Вось чаму карыснасць нечага, што існуе, залежыць ад пустаты”.

Калі так, дык зараз я самы карысны...

“Лепей нічога не рабіць, чым імкнуцца да таго, каб нешта напоўніць. Напоўненае золотам і яшмай ніхто не здолее ўсцерагчы”.

Гэта праўда. У Ніны была чырвоная шкатулка з яшмы, яе ўкралі...

“Дао безцялеснае. Дао туманнае і невызначальнае. Узіраюся ў яго і не бачу, таму называю нябачным. Услухоўваюся ў яго і не чую, таму называю нячутным. Крочу за ім і не бачу спіны ягонай, сустракаюся з ім і не бачу твару ягонага...”

Зусім як апошнім часам у вершах Крабіча... Нагон туману... Хоць, зрэшты, яно сапраўды так: глядзім і не бачым, слухаем і не чуем...

Але зазваніў тэлефон — і я пачуў:

— О, вітаю! А я сёння песню вашу па радыё слухаў! Я і не ведаў, што яна ваша, думаў, што народная! Шыкоўная, Раман Канстанцінавіч, песня, шыкоўная! Мы з Барысам Сцяпанавічам гаварылі, у вас праблемы! Зараз я непадалёку з чалавекам адным, спаткацца нам трэба! Неадкладна, Раман Канстанцінавіч, неадкладна, геній вы наш! Запішыце адрас... там код унізе...

І ўсё гэта разам з адрасам і кодам кандыдат у дэпутаты Рычард Красевіч пракрычаў так радасна, як песню праспяваў...

— Падпалкоўнік Панок Віктар Васільевіч, — адразу ж не хаваючыся, хто ён і адкуль, прывітаўся са мной чалавек, які быў разам з Красевічам у дзіўнаватай, казённа абстаўленай кватэры. — Можна проста Віктар, мы з вамі аднагодкі... Каву будзем піць, ці каньяк?

— Выбачайце, як ваша прозвішча?

— Панок, амаль усе перапытваюць... Няўдалае, але прэтэнзіі не да мяне, а да бацькі, што да пана не дацягнуў.

— О! — паставіў каньяк на стол Красевіч. — Каву з каньяком п’ём, гэта непадзельна.

— А я на палкоўніка не пацягнуў?.. — спытаўся я ў падпалкоўніка.

Ён ускінуў руку ўгору:

— Не каліцеся вожыкам, Раман Канстанцінавіч! Мы за вас...

— За вас! — наліў і падняў чарку Красевіч. — Каб вы толькі ведалі, Раман Канстанцінавіч, які я шчаслівы, што пазнаёміўся з вамі!

— І я рады знаёмству, — выпіўшы, сказаў падпалкоўнік. — Вы на тое, што ў міліцыі было, не звяртайце ўвагі. Думаю, мы пра ўсё дамовімся.

— Вярбаваць мяне будзеце?

Падпалкоўнік Панок закусіў скрылікам лімона і паморшчыўся.

— Не, вярбаваць мы вас не будзем... Хто гэта прыдумаў каньяк лімонам закусваць, не ведаеце?

— Французы, — сказаў Красевіч. — Усё, што нясмачна, прыдумалі французы, я быў у Францыі. Жабіны лапкі еў.

Падпалкоўнік спытаў:

— А мінет?..

Ён відавочна хацеў настроіць мяне на свойскія адносіны, але мне не да таго было, каб яму падыгрываць. Падыграць паспрабаваў Красевіч.

— О, як гэта я пра мінет забыўся! У мяне ёсць знаёмы доктар хрэновы... — і кандыдат у дэпутаты слова ў слова паўтарыў гісторыю, якую чуў я ад яго ў лазні. Скончыў і сказаў:

— Ды я вам пра гэта расказваў абодвум.

Панок, які з гісторыі Красевіча нават не ўсміхнуўся, тут раптам разрагатаўся:

— Ну, Рычард Пятровіч...

— Дык не будзеце вербаваць? — перапытаў я вясёлага падпалкоўніка.

— Не будзем. Прынцыпы нашай работы зараз не тыя, што былі — мы ж таксама мяняемся разам з часам... Хоць работа з агентурай, канечне, застаецца. Толькі такая агентура, як вы, гэта... як бы вас не пакрыўдзіць... малаэфектыўна. Ну што вы нам можаце сказаць, чаго мы не ведаем?.. Ды й навошта нам, каб вы адчувалі дыскамфорт? Людзі вашага складу звычайна мучаюцца з гэтага, рэфлексуюць — як жа, у стукачы запісалі!.. Так што не будзем.