Выбрать главу

Сама адкрытасць сядзела перада мной, а не падпалкоўнік Камітэта дзяржбяспекі — і толькі вочы ягоныя, як ні адкрыта стараўся ён глядзець, калоліся. Ці, можа, мне здавалася так па былых страхах: упершыню ў стукачы запісаць мяне паспрабавалі яшчэ ў студэнцкія гады, на апошнім курсе кансерваторыі...

У кабінеце прарэкрата, куды мяне выклікалі, сядзеў мужчына гадоў сарака, у звычайным савецкім касцюме, у акулярах, якія ён механічна здымаў раз-пораз і праціраў насоўкай. “З табой пагаварыць хочуць”, — сказаў прарэктар і, асцярожненька абмінуўшы свой стол, выйшаў са свайго кабінета, а мужчына, назваўшыся Мікалаем Іванавічам, прапанаваў мне сесці і спытаў, праціраючы акуляры:

— Якія планы на жыццё, Раман?.. Прарэктар кажа — ты таленавіты. А талент не дзядоўнік, абы да чаго не чапляецца і абы дзе не расце. Цябе куды размяркоўваюць пасля кансерваторыі?..

Я пра тое не ведаў, а Мікалай Іванавіч ведаў:

— У раён цябе размяркоўваюць, амаль што ў вёску... І што ты рабіць там будзеш?

Пра гэта я не думаў, а Мікалай Іванавіч думаў:

— Талент свой будзеш закопваць. З дня ў дзень на работу, з дня ў дзень з работы — і болей падацца няма куды... Табе хочацца гэтага?

Я сказаў, што не надта, але што ж: як усе, так і я...

— Ты не ўсе, — не згадзіўся Мікалай Іванавіч. — Сціпласць — някепская якасць, а ўсё ж цану сабе трэба ведаць. Усе — гэта ўсе, а ты — гэта ты, і пра такіх, як ты, у нас асаблівы клопат... Дзяржаўны. Мы дапаможам табе і ў Мінску застацца, і з работай дапаможам, і з кватэрай, з паездкамі замежнымі, з конкурсамі... Толькі ўсё, што называецца, узаемна. Ты нам таксама...

— Я не падпішу нічога, — падняўся я, каб пайсці. Ад свайго сакурсніка, якога раней вербавалі і які, трасучыся, расказаў мне па п’янцы, як гэта робіцца, я прыблізна ведаў далейшае... “Бланк такі, гатовы ўжо, падпісваеш — і ў ім твая мянушка”.

— Сядзь! — колка бліснуў позіркам скрозь акуляры ўсяго хвіліну таму мяккі і клапатлівы Мікалай Іванавіч. — Па-іншаму пагаворыць можам, калі па-добраму не хочаш... І будзеш ты для мяне не таленавітым маладым кампазітарам, пра якога ў мяне дзяржаўны клопат, а звычайным фарцоўшчыкам, пра якога клопат таксама дзяржаўны, але зусім інакшы. Ты зразумеў?..

Калі мяне ў страх кідае, дык звычайна скроні халадзеюць, як кроў ад іх адганяе, і ў патыліцы халадок звініць... Скроні ў мяне пахаладзелі, і ў патыліцы зазвінеў халадок: “Выганяць!.. Зараз вернецца прарэктар... загад... і выганяць...” Я граў у гатэлях у рэстаранных аркестрах, збіраў грошы на раяль, і сапраўды час ад часу, каб мець на што жыць — мы з Нінай ужо сямейна жылі — прыкупляў у замежнікаў валюту, перапрадаваў шмаццё, гудзіннікі, абутак... Здаралася, што і апаратуру музычную, у тыя гады раскошу такую рэдкую, што любы лабух гатовы быў за яе апошнія порткі зняць... Сёння гэта звычайная рэч, бізнес, а ў той час — фарца, і фарцоўшчык — агент паўзучага імперыялізму... За гэта спачатку з камсамолу, а пасля і з вучобы — са свістам...

І пад суд.

Бланк, які паклаў на стол перада мною Мікалай Іванавіч, я ўсё ж не падпісаў. Адпіраўся, выкручваўся, абяцаў падумаць — і ён раптам згадзіўся:

— Добра, падумай... Ты сябруеш з такім паэтам маладым, Крабічам Алесем, вось і напішы, што ты пра яго думаеш.

Гэта ўсё ж была адтэрміноўка, палёгка — і я сказаў, што падумаю і напішу...

— Не, Раман, пра Крабіча ты зараз напішаш, каб мы да фарцы не вярталіся, — пасунуў да мяне па стале чысты аркуш паперы Мікалай Іванавіч. — Я ж табе не данос напісаць прапаную, а тое, што ты думаеш. Калі думаеш нешта добрае — напішы пра добрае, калі кепскае — напішы пра кепскае. І можаш не падпісвацца...

І я напісаў, не падпісваючыся... Не данос, але напісаў.

Бо пад суд...

З дня ў дзень, з месяца ў месяц чакаў я, калоцячыся, толькі нічога і нікому не расказваючы, калі і куды мяне зноў паклічуць... Мікалай Іванавіч не аб’яўляўся. На доўгі час пра мяне нібыта забыліся, пасля быў яшчэ адзін захад у гады перабудовы, там было ўжо лягчэй — і вось зноў... Усё цячэ, ды нічога не мяняецца.

— Значыць, Віктар Васільевіч, мы проста выпіваем?.. Кампанія ў нас?.. Адпачываем?

Падпалкоўнік па-ранейшаму быў па-свойску адкрыты.

— Не, я на рабоце, і мы не проста выпіваем. Мы разлічваем на вас, Раман Канстанцінавіч. Зразумела, з улікам тых абставін, у якіх вы апынуліся.

У мяне пад лыжачкай ёкнула: вось яно!..

— І ў якіх я апынуўся абставінах?..