Выбрать главу

— Ды пачакайце вы пра работу! — адчуўшы, мусіць, напругу ў маім голасе, разліў каньяк па чарках Красевіч. — Паспеем...

Панок узяўся за чарку:

— Я не спяшаюся нікуды. Раман Канстанцінавіч сам прыспешвае.

— Што ж цягнуць з тым, дзеля чаго мяне паклікалі?.. Мне як найхутчэй ведаць хочацца, з чым я пайду.

— Нецярплівы, — падміргнуў Красевіч. — З намі, з кім яшчэ?

— Ён пытае: з чым? — усміхнуўшыся, удакладніў адкрыты падпалкоўнік, і Красевіч сказаў хуценька:

— А гэта тое самае — з чым і з кім.

Яно так... Я ўпершыню падумаў, што прыгажун Рычард Пятровіч Красевіч не такі ўжо дурненькі, якім выглядае.

— Тады з чым я з вамі пайду, ці не пайду ў маіх абставінах?.. Якія ў мяне абставіны? Калі тыя, якімі палохаў следчы Патапейка, дык гэта лухта, тут і гаварыць няма пра што.

Я вырашыў, што мне ў гэтай кампаніі, дзе незразумелай была роля Красевіча, нельга быць трэцім — і стаў паціху напіраць.

— Піць не будзем? — спытаў Красевіч.

— Вып’ем, бо гаварыць ёсць пра што, — падтрымаў Рычарда і не згадзіўся са мной падпалкоўнік. — Абставіны ў вас, Раман Канстанцінавіч, шматварыянтныя...

— І які ваш варыянт?

— Ваш, а не наш, і калі вам не цярпіцца... — Падпалкоўнік адставіў чарку. — Калі вам не цярпіцца, дык я і піць пачакаю... А варыянт, калі коратка, такі...

— Адзін са шматварыянтных?

— Першы, які ў галаву прыйшоў, — не пакінуў ніякіх сумненняў у сваёй шчырасці Панок. — Не так даўно ў госці да вас адзін вучоны прыехаў...

— Адкуль?

— Са Злучаных Штатаў вучоны адзін, завербаваны ЦРУ, былы грамадзянін Беларусі і ваш сябар...

— Мой сябар?

— Ваш, ваш... І ўчастковы пацвердзіць, што ён заходзіў да вас, і нават засведчыць, што жыў у вашай кватэры...

— Не знаёмы мне чалавек жыў у маёй кватэры?

— Я ж сказаў, што ваш сябар... — Падпалкоўнік пацягнуўся да паліцы за ягонай спінай, узяў з паліцы адзіную, што ляжала там, папку з паперамі і дастаў фотаздымак.

— Пазнаеце?.. Амерыканскі шпіён. Проста выліты... І сястра ў яго прастытутка, якую вы ў артысткі прыстроілі.

З фотаздымка на мяне глядзеў Фелікс Рачніцкі... У абдымку са мной.

Фотаздымак гэты ў маім альбоме быў. Дома. Больш нідзе яго быць не магло. Такі самы — у Фелікса, але ж не Фелікс ім свой перадаў?..

Прывёз з Амерыкі...

Я ўзяць хацеў фотаздымак — Панок адвёў руку:

— Было ваша — стала наша.

— Я гадоў пятнаццаць яго не бачыў.

— Скуль і хто пра тое ведае?.. А ён ведаў пра сакрэтная даследванні, што праводзіліся ў лабараторыі, якой загадваў, пакуль не спіўся, Рутнянскі. І прапанаваў вам, свайму сябру і суседу Ігара Львовіча, зрабіць на гэтым грошы... Вялікія зрабіць грошы, за частку іх угаварыўшы Рутнянскага — а колькі для п’яніцы трэба? — каб той выкраў з лабараторыі дакументацыю. Рутнянскага хоць і спісалі з карабля, але мазгамі ягонымі карысталіся, у лабараторыю час ад часу пускалі і нават запрашалі. І ён зрабіў тое, на што вы яго падбілі. Вы прыйшлі да яго па дакументы, а ў кватэры п’янка, госці з пісталетам. Вы ўлавілі момант...

Трэба было бараніцца.

— Я ўсё ўлавіў... — перабіў я, напіраючы, падпалкоўніка. — Далей ужо — версія слугі закону Патапейкі?

— Прыблізна ягоная... Толькі з іншай матывацыяй, больш лагічнай і сур’ёзнай.

— Тады, значыць, гасцей я, купіўшы ў іх за пару пляшак пісталет і трахнуўшы іх бабу, выправіў з кватэры, кватэру абшукаў, дакументы знайшоў, а Ігара Львовіча, п’яніцу, якога маглі б арыштаваць і ён пра ўсё мог расказаць, прыкончыў? Ну, і каб грашыма з ім не дзяліцца, так?..

— Калі вы так прыдумалі, можна і так...

— І вам не смешна?

— З чаго? — спытаў за падпалкоўніка Красевіч.

— З ахінеі гэтай. Хто ў яе паверыць?

Падпалкоўнік гэтак паклаў руку на папку з паперамі, як у той Амерыцы, адкуль мой сябар прыехаў, у судзе на Біблію кладуць.

— Суд. Наш самы даверлівы ў свеце суд. Тым больш, што сведкі, грамадзяне Лупеха, Мацвеенка і Ліскіна, паказанні ўжо далі. І яшчэ дадуць. Любыя паказанні, Раман Канстанцінавіч, бо, калі не вам, дык ім пад суд ісці... Вы пра гісторыю з вашым братам стрыечным не забыліся?

Яны і пра гэта ведаюць і помняць, яны ўсё пра мяне ведаюць і помняць... Свалата, цынікі...

Я выпіў каньяк, наліты Красевічам, адзін.

— Слухайце, калі вы не закон, не справядлівасць, дык усё ж людзі... Тут жа, як і ў гісторыі з маім братам, забойца ёсць! Сапраўдны забойца.

— Можна і мне цяпер выпіць? — спытаў падпалкоўнік. — За праўду.

— Якую праўду?

Панок выпіў.

— За тую, якая ёсць, — сказаў ён, смокчачы лімон. — Ёсць забіты і ёсць забойца... І ні іншага забітага, ні іншага забойцу шукаць ніхто не будзе. Навошта яго шукаць, калі нам трэба, каб Ігара Львовіча забілі вы?