Выбрать главу

— О, прызнавайцеся, Раман Канстанцінавіч! — па-блазенску ўсклікнуў Красевіч, падняў чарку і таксама выпіў адзін. Кола сяброў самкнулася...

Калі мяне вербавалі ў другі раз, у перабудову, у яшчэ савецкі час, за мной не было фарцы, не было нічога — і я нічога не баяўся. Яны паказалі спісаны мной аркуш паперы: “Гэта ваш данос на Крабіча, вядомага паэта...” — а я паслаў іх на фіг і пайшоў. Нічога надта ўжо подлага пра Крабіча я не напісаў, а напісанае — на маім сумленні... Зараз за мной таксама не было нічога подлага, ды зусім нічога не было, і час быў не савецкі, ніякі настаў час, а я не пасылаў іх на фіг, не сыходзіў... Гледзячы на самаўпэўненага, распісаўшага мяне наперад, падпалкоўніка Панка, на хітранькага, а не дурненькага кандыдата ў дэпутаты, гэбэшніка ці стукача Красевіча, я пачаў пабойвацца... Разам з Шыгуцкім і тымі, хто над імі, яны былі героямі гэтага ніякага часу, валадарамі лёсаў людскіх... У гэтым ніякім часе садзілі ў турмы дэпутатаў парламента, якіх закон не дазваляў садзіць, чаплялі кайданкі на міністраў у іх кабінетах, а я хто такі?.. Хрэн з музыкай... У гэтым ніякім часе людзі проста знікалі бясследна — і ніхто іх не шукаў...

Што ж у часе гэтым такое?.. Як мы ў ім жывём, што адбываецца?.. Хто гэты Панок, хто гэты Красевіч?.. Хто яны мне абодва, чаго я тут з імі?.. У мяне ёсць Лі-Лі, ёсць Ніна, Марта, Каміла, Роберт, Росцік... Зоя ёсць і Зіначка... Я іх люблю, хоць часам і не ведаю, чаго ад іх хачу, і яны не заўсёды ведаюць, чаго ад мяне хочуць, але любяць, — а гэтыя?..

Гэтыя якраз ведалі, чаго хацелі... Яны чакалі, пакуль я сам спытаюся... І я ўрэшце спытаўся пра тое, дзеля чаго ў коле сяброўскім пілі мы па чарзе каньяк.

— А нашто вам, каб я быў забойцам? Для чаго вам гэта?..

І яны мне растлумачылі... З іх тлумачэнняў выходзіла нешта такое, што нікуды не лезла — ні ў маць тваю, ні ў савецкую армію: вынікала, што не буду я забойцам, калі стану правакатарам... А асістэнтам, канём, які завязе мяне ў правакатары, будзе Красевіч... Пад ягоную выбарчаю кампанію нам дадуць адкрыты тэлеэфір, што я і скарыстаю... На першым жа нашым канцэрце ўсчыню скандал, выступлю супраць Красевіча, як прадстаўніка ўлады, што стварыла яму найлепшыя ўмовы для перамогі на выбарах, увайду з уладамі ў канфлікт... — я вушам не верыў, яны ў мяне вялі, высыхалі... — і перакінуся на бок апазіцыі. Тут яны, можа быць, на месяц-другі ў турму мяне падсадзяць, каб большай вагі надаць, а там пабачым... Калі я здолею значнай фігурай стаць, у лідэры апазіцыі выбіцца, дык гэта лепей за ўсё, бо ім там болей за ўсё свае лідэры і патрэбныя... Але ў любым выпадку ў барацьбітах-малацьбітах, як сказаў Панок, я хутка расчаруюся, вярнуся з кампраматам на іх — і зноў тэлеэфір... У пачатку я герой, а ў канцы — двойчы...

Пра што яны?..

Я проста не разумеў, не цяміў, пра што яны: які адкрыты тэлеэфір?.. якая апазіцыя, да якой я ніякім бокам?.. які з мяне, лабуха, лідэр ці герой, ды й хай нават правакатар?.. — і адчуваў, задніцай адчуваў, не лідэр, а підар, якога яны на перчык нацягвалі, што ўсё гэта, як і версія следчага Патапейкі, для нечага прыдуманая імі несусветная лухта, дым, завеса, за якой хаваецца нешта насамрэч сур’ёзнае і сапраўды для мяне небяспечнае, але што ж гэта такое, з-за чаго ўсе разам яны, менты з гэбістамі, на мяне наваліліся?.. Гэтага, канечне, яны мне не тлумачылі, верзлі сваю лухту, Панок верз, Красевіч толькі галавой ківаў, як балванчык кітайскі, а ў маіх скронях, якія халадзелі, метраном стукаў: так-так! на фіг!.. так-так! на фіг!.. так-так! на фіг!.. на фіг! на фіг... Але, як метраном ні такаў, я, не разумеючы, што адбываецца, і баючыся таго, чаго не разумеў, так і не паслаў іх на фіг, так і не сышоў. Я сказаў, што падумаю...

— Добра, падумайце, — як некалі Мікалай Іванавіч, згадзіўся на гэты раз Віктар Васільевіч. — Толькі не доўга, бо з Крабічам вашым нешта таксама вырашаць трэба. Калі вы раптам адмовіцеся, мы яго пасадзім. А нам бы хацелася, каб вы яго выручылі, ён сярод нацыяналістаў фігура не апошняя... — І Панок кіўнуў балванчыку кітайскаму. — А ты даручэнне не забудзься выканаць.

— О! — ледзь не з гонарам заспяшаўся выконваць даручэнне Красевіч. — Мне даручылі перадаць вам, Раман Канстанцінавіч, абавязкова вам сказаць, што вы можаце назваць адпаведную суму... У разумных межах, але і без лішняй сціпласці.

“Сціпласць — якасць някепская, а ўсё ж цану сабе трэба ведаць...” — зноў успомніўся Мікалай Іванавіч, чалавек без прозвішча... Я глянуў на Панка, упэўненага ў сабе, у той сіле, якая за ім, і спытаў:

— Дык вы мяне, значыць, не вярбуеце?..

— Для чаго нам вербаваць вас у трэці раз? — шчыра здзівіўся і ледзь не па-сяброўску прыабняў мяне ва ўсім адкрыты падпалкоўнік Віктар Васільевіч Панок. — Ці вы думаеце, што тыя, савецкія вярбоўкі ўжо не ў залік? Памыляецеся, Раман Канстанцінавіч, памыляецеся...