Выбрать главу

— Выходзьце першым, я пасля, — пайшоў мне дзверы адчыняць Красевіч, але Панок перакруціўся: “Наадварот...” — і выпусціў Красевіча. Неяк так у яго гэта выйшла, што спачатку Красевіч, а я за ім — як у фокусніка, ці нібы па інструкцыі нейкай прадпісана так было. І ён сказаў мімахадзь, як пра неабавязковае, проста таму, што мы засталіся: “Я тут падумаў: можа, не лішне было б вам з вашым сябрам спаткацца?.. Што называецца, не ў службу, а ў дружбу. У нас пашпарт ягоны, ён амерыканскі грамадзянін, а нашто нам з амерыканцамі скандаліць? Вы б і яму, і нам дапамаглі...”

Фелікс, значыць, не з’ехаў. Яны ў яго пашпарт забралі.

— Што ж я са шпіёнам сустракацца буду?

— Ды ну які шпіён!.. Гэта я вас пастрашыць... Ён зразумеў нас не так — ды й нашы накінуліся, як на шпіёна. Вучыць іх не вывучыць... А мы пагаварыць з ім хацелі, ён вучоны — і не абы-які. Размова без прэтэнзій, некалькі кансультацый... Дык як?

За гэтым нібыта не было нічога такога... Хіба толькі яны знайсці не могуць Фелікса.

— Ну, я не ведаю... Я не ведаю, дзе ён.

— Мы ведаем. Думаем, як лепей зрабіць... Каб ён не запанікаваў, вам лепей знайсці яго не праз нас, самому. Праз сястру ягоную, яшчэ праз каго...

Праз каго гэта яшчэ?..

І чаму самому?.. Каб падлавіць мяне на гэтым, як Поль на Джагеры?.. Нешта тут не стыкавалася: мы ведаем — а вы самі знайдзіце.

— Калі ведаеце, дык скажыце, я Феліксу не скажу, што вы сказалі...

Панок мяне болей не затрымліваў:

— Ён здагадаецца.

Хрэн іх разбярэш, гэтых гэбістаў. Што ні спытай — і нібыта ёсць, і няма адказу. І ўсё ж я паспрабаваў спытаць мімахадзь, як пра неабязковае, проста таму, што мы засталіся:

— Не ў службу, а ў дружбу: скуль у вас фотаздымак?..

— Ад службы, — па плячы мяне паляпаў, выпускаючы, Панок. — З дружбай у нас з вамі пакуль так сабе, але, паверце, наладзіцца... — І шапнуў на вуха, падміргнуўшы. — Тады, можа, і пра службу скажу.

Гуляецца, як кот з мышшу.

Я выйшаў на вуліцу — і нечакана для сябе самога азірнуўся па баках...

У мяне пачыналася патаемнае жыццё.

Як у Зоі патаемная прастытуцыя.

Дажыўся лабух.

Купіўшы ў шапіку цыгаркі, лабух сеў на лаву, закурыў...

Ён рэдка закурваў. Гэтак рэдка, што толькі тройчы: пры разводах двойчы і перад смерцю аднойчы.... Закурыўшы ў чацвёрты раз, лабух глядзеў, як вецер зносіў дым з цыгаркі, і думаў: за што?..

За Лі-Лі?..

X.

Я лабух, для публікі граю амаль на ўсіх інструментах, клавішных, духавых, струнных, але, калі жыццё падціскае, і я не ведаю, што мне ў ім рабіць, сам для сябе я граю на скрыпцы. Для некага — на трубе, а сам для сябе — на скрыпцы.

Скрыпка наогул не для лабуха, але што ж, калі яна ў мяне ёсць...

Яна ў мяне ёсць і, калі я граю на ёй сам для сябе, я граю канцэрт Брамса, музыку, якую лабуху сыграць — пальцы зламаць. Брамс ніколі скрыпку ў рукі не браў і скрыпічны канцэрт напісаў нібыта супраць скрыпкі — на пераадоленне. Выкручваючы пальцы і бязбожна фальшывячы, я граю Брамса, спрабуючы пераадолець у сабе Лі-Лі. У другой частцы канцэрта тэма скрыпкі нават не асноўная, у аркестры яна ў габоя, а скрыпка то ўсплывае, то знікае, і я граю, каб адчуць, што будзе, калі голас скрыпкі, голас Лі-Лі раптам зусім знікне.

Я адчуваю, што Лі-Лі знікае... Таму лепш мне гэтага не чакаць — і знікнуць першым.

Ніна, калі жылі мы разам, сама для сябе — каб я слухаў — грала Бетховена. Ну, яна скрыпачка... Бетховен, між іншым, граў на скрыпцы гэтаксама, як і Брамс, ніяк не граў, але ягоны канцэрт для скрыпкі кожнай нотай — як найзручней — пад пальцы сам кладзецца. Таму Ніну зразумець можна, а Брамса з Бетховенам... Я думаю, што яны па-рознаму кахалі адну і тую ж жанчыну.

Скрыпка — высокародная, вытанчаная жанчына, ні ў чым не здольная спрасціцца праз сваю дасканаласць. Яна настолькі дасканалая, што ўдасканаліць яе немагчыма. Яна, як дао. І ў абсалютнай дасканаласці яе драма.

Віаліна — імя скрыпкі. Яна італьянка — і праз тое страсная. Бацька яе —італьянскі немец Гаспар Дунфапругар, пра якога мала хто ведае. Ён, можна сказаць, фізічны бацька, а духоўныя бацькі Віаліны — Андрэа Амаці, Антоніа Страдзівары, Джузэпе Гварнеры... Яны ўдыхнулі ў Віаліну таямнічы голас.

Па іх смерці шмат хто спрабаваў разгадаць таямніцу голасу Віаліны. Сотні сёстраў яе разбіраліся на часткі, асобна даследваліся дэкі, абячайкі, грыфы, формы эфаў... Праз дзвесце год француз Клод Вільём вырашыў, што таямніцу разгадаў: яна ва ўзросце дрэва. Ён пачаў штучна старыць у печах дрэва, з якога вырабляў скрыпкі. Яны насамрэч загучалі амаль як у Амаці і Страдзівары, але праз сто гадоў анямелі. Усе як адна.