Выбрать главу

Ніна не трывала адзіноты — і канцэрт Мендэльсона ўдаваўся ёй лепш за бетховенскі. Але яна грала і грала музыку, якая найзручней клалася пад пальцы.

Бетховену, даводзіла Ніна, адзінота ў асалоду.

Я пытаў: “А Чайкоўскаму?..”

“Яму ў пакуту...”

“А Брамсу?..”

“Брамс над адзінотай холадна ўзвышаецца...”

“Душка, я вамі любуюся...” — уздыхаў прафесар Румас.

Юрыю Ільічу Пойменаву, капітану-артылерысту, які без Анны Вазвышэнскай стаў палкоўнікам, адзінота была ў пакуту. Яму, як і Пятру Ільічу Чайкоўскаму, не ўдалося наладзіць не адзінокае жыццё... Ні з жанчынамі, ні з мужчынамі. Ён хацеў, прагнуў нешта наладзіць, але ўсё распадалася, рассыпалася — і заставаліся пакуты ў адзіноце. Другая частка скрыпічнага канцэрта Чайкоўскага...

У Маскве, у кватэры палкоўніка, прыляцеўшы з Хабараўску, я пражыў паўгода... П’янкі ды гульба — да ачмурэння... Юрый Ільіч аднойчы зрабіў спробу перавесці нашы адносіны з сяброўскіх у інтымныя, праз гэта мы стукнуліся па зубах — і болей адзін аднаму не заміналі. Кватэра была двухпакаёвая...

У свой пакой Пойменаў прыводзіў то спадарожніц жыцця, то спадарожнікаў. “Без Анны, — ён казаў, — мне ўсё адно...”

Спадарожнікаў і спадарожніц Юрый Ільіч чаргаваў, без чаргі з’яўляўся толькі рабенькі, пухленькі Толік, які сам сябе называў — і прасіў, каб усе яго называлі — Тоняй. Толя-Тоня працаваў поварам у рэстаране “Валдай”, Пойменаў скарыстоўваў яго і па прафесійным прызначэнні. Прысмакі, прыгатаваныя Толікам-Тоняй, есці я не мог. Хай сабе ўсе жывуць, як хочуць, але я нічога, што звязана з гэтым, не магу...

Мне было шаснаццаць, як Роберту, калі мяне выгналі за бойку з інтэрната музвучэльні. Жыць не было дзе, туляўся начамі на вакзале, пакуль камендант вучэбнага корпуса не паспачуваў: начуй у маім службовым пакойчыку. У першую ж ноч ён і сам застаўся ў тым пакойчыку — позна, маўляў, ісці дахаты...

Калі паклаліся, камендат палез да мяне... Спачатку я не зразумеў, чаго ён, а зразумеўшы, скалануўся ад агіды, адсоўваўся і адсоўваўся ад яго, уціскаўся ў спінку скураной канапы, у шчыліну паміж спінкай і сядзеннем, дзе нашчупаў гантэліну... Невялікую, але без яе з камендантам, які гантэлі цягаў, форму падтрымліваў, я мог і не справіцца.

Аглушанага, я біў, мясіў яго кулакамі на канапе, потым нагамі на падлозе... Назаўтра ён падышоў да мяне: “Я нікому нічога — і ты нічога нікому”. Підарскія забавы ў той час караліся, камендант баяўся.

Дырэктару музвучылішча камендант сказаў, што па дарозе дахаты на яго напалі п’яныя, а я памог яму адбіцца, таму ён просіць, каб мяне зноў пасялілі ў інтэрнаце. Дырэктар аддаў загад пасяліць.

З шаснаццаці гадоў я ведаю, што такое спроба згвалтавання... Калі не ты спрабуеш, а цябе спрабуюць... І ніколі не спрабаваў нікога ўзяць сілай.

Толя-Тоня быў бязбацькавічам, гадаваўся у сіроцкім доме, дзе ў першы раз яго сілай і ўзялі. Пасля ўжо сілы не трэба было, толькі жаданне.

Юрый Ільіч адносіўся да Толі-Тоні гэтак жа, як да ўсіх астатніх сваіх спадарожнікаў і спадарожніц, а Толя-Тоня кахаў яго і раўнаваў. Такую рэўнасць я толькі ў нервовых жанчынах бачыў — са скандаламі, істэрыкай. Прычым да спадарожніц Толя-Тоня адносіўся больш-менш спакойна, а да спадарожнікаў... У яго былі грошы, ён збываў наркату, і каля яго пасвіліся абнюханыя ашавуркі, якіх насылаў ён на сваіх сапернікаў. Аднойчы да мяне зайшоў знаёмы лабух, застаўся начаваць, а Толя-Тоня з’явіўся сярод ночы і западозрыў, што знаёмы мой толькі маскіруецца пад майго знаёмага, а сам да каханка ягонага прыйшоў... Назаўтра лабуха знайшлі з пераламанымі рэбрамі, ашавуркі перастараліся. Пакуль я думаў, што рабіць, дараваць такое нельга было, ашавуркаў арыштавалі — і яны здалі Толю-Тоню ментам.

“Калі б вярнулася Анна, я б жыў не так брыдотна, як жыву, — жаліўся Пойменаў. — Толькі яна не вяртаецца і не вяртаецца... Ты не ведаеш, чаму?..”

Я адчуваў сябе вінаватым.

Раз ці два на месяц мы ездзілі ў аэрапорт, Пойменаў падносіў прэзент знаёмай даме з бюро даведак, і тая аб’яўляла:

— Грамадзянку Анну Вазвышэнскую чакаюць...

Пасля я падыходзіў і пытаў:

— Гэта вы сустракаеце Анну Вазвышэнскую, капітан?..

Так і жылі. Неяк я ўспомніў, як пашкадаваў, што я не Анна Вазвышэнская, якую сустракаў сінявокі капітан, і здзівіўся: а куды ён, той капітан, падзеўся?.. Куды ўсе мы падзяемся, нібыта застаючыся?..