Выбрать главу

Яна зняла сумачку, сцягнула праз галаву сукенку, а сумачку зноў прыладзіла на плячо.

— Што ў цябе там?

— Нічога... Я проста думаю, што так павінна выглядаць прастытутка... Голая, на шпільках і з сумачкай на плячы...

Я абняў яе за талію, такую, як у скрыпкі, правёў у пакой да ложка, нагнуў — яна накінула раменьчык сумачкі на шыю і ўпёрлася ў рог ложка рукамі. У параўнанні з “прафесаршай”, гарой мяса, зямной пачварай, Зоя выглядала госцяй нябеснай — плаўна-гнуткая, матава-белая ў чырвоных басаножках на шпільках, з чырвонай сумачкай...

— Расстаў ногі і прагніся... Стой так...

Я вярнуўся ў прыхожую, дзе Дартаньян скасавурыўся на майго раманчыка, і знайшоў дзве вяроўкі, на адной з якіх спрабаваў павесіцца Максім Аркадзьевіч, а другую, новую, прапанаваў мне... Я абяцаў Максіму Аркадзьевічу паказаць фокус з вяроўкамі.

Адну вяроўку я завёў Зоі з шыі пад пахі — выйшлі лейцы.

— Цяпер адвядзі нагу ўбок і назад і заіржы...

— Раман, я прастытутка, а не кабыла...

Я сцебануў яе другой вяроўкай па клубах — на матава-белай скуры адразу ўспухлі ружовыя пасы.

— Ты кабыла! — сцебануў я яшчэ раз — і ружовыя пасы на яе клубах леглі крыж-накрыж. — Маладая, неаб’езджаная, дзікая кабыла! На вольнай волі ў чыстым полі з табуном жарабцоў! Яны ўсе цябе прагнуць, адзін толькі што пакрыў цябе, але ён быў не той, якога хацела ты! Той носіцца па ўскраўку поля, храпе, устае на дыбы, з яго аглоблінай выпірае член, з якога пырскае сперма, і ты прагнеш яго, хочаш, спакушаеш, расстаўляючыся і выгінаючы крыж, на які ён вось-вось ускочыць, наваліцца з пенай і храпам усёй сваёй мускулістай, потнай гарачынёй, а ты ўся чакаеш, у табе ўсё дрыжыць, трымціць соладка ў грудзях, у жываце, у матцы, і ты прыпадымаеш адну нагу, прыпадымаеш другую і іржэш, іржэш, падклікаючы яго, ну!!. — і я, тузануўшы лейцы, выцяў яе вяроўкай па спіне.

— І-га-га... — ціха сказала Зоя, здрыгануўшыся ад болю, і яе пачало дробненька калаціць. — І-га-га, і-го-го... Гэта смешна, Раман... І-га-га, і-го-го... Не магу, не выходзіць... І-га-га, і-го-го... Раман, гэта смешна... І-го-го, і га-га... Выбачай, не магу... І-го-га-ха-ха...

Зою кінула ў смех... Яна стаяла перада мной, прагнуўшы спіну, уздоўж якой не ружавеў, а крывянеў след ад вяроўкі, і заходзілася тым жа смехам, якім заходзілася ў ваннай, убачыўшы майго параненага, схаванага ў пухліне, раманчыка. Зірнуўшы ў люстэрка ў шафе, я ўбачыў сябе — голага з абвіслай вяроўкай у руках і гэтак жа абвіслым, зусім не падобным на аглобліну, раманчыкам — і вымушаны быў прызнаць, што тут ёсць з чаго смяяцца. Мяне таксама закалаціла ад смеху.

— Зоя, цябе пад Герб Дзяржавы трэба...

Фокус не ўдаўся, Максім Аркадзьевіч мог вешацца на сваіх вяроўках... Я кінуўся, пацягнуўшы за сабой Зою, на ложак, і мы качаліся на ім, абняўшыся, качаліся і рагаталі, рагаталі, як звар’яцелыя, — ды пайшлі вы ўсе панкі, шыгуцкія, красевічы кабыле ў задніцу!.. А ў прыхожай заходзіўся брэхам Дартаньян.

Сумачка ў Зоі, пакуль мы качаліся, расшпілілася, з яе нешта выпала і звалілася з ложка, грукнуўшы аб падлогу.

— Ідзі да мяне, — сціхла Зоя. — Ідзі, я хачу... Так, як жарабец і кабыла...

— Там што ўпала? Пісталет?..

Пра пісталет я наўздагад спытаў, бо штосьці грукнула аб падлогу, як жалеза, чаму не пісталет? — і Зоя адказала:

— Пісталет... Лідзія Паўлаўна схаваць дала, дык ніяк не прыдумаю, дзе яго падзець...

“Вы дзе пісталет падзелі?!.” — грозна ўстаў нада мною слуга закону Патапейка.

Я перакаціўся на край ложка, зірнуў — на падлозе ляжаў пісталет. Той самы, які паказвалі мне ў кватэры Рутнянскіх “фікасалюб” з “асіметрычным”, Аляксей Віктаравіч Мацвеенка і Ціхан Міхайлавіч Лупеха. Сведкі па маёй справе...

— Куды ні схаваю, баюся, што знойдуць... І з сабой нашу і баюся, — паднялася Зоя і паклала пісталет зноўку ў сумачку. — Ідзі да мяне, я хачу... Толькі не лупцуй так вяроўкамі, смыліць...

Жаданне ўва мне апала, не падняўшыся.

— Цябе не вяроўкамі трэба... Цябе... я не ведаю, чым... Ты што робіш, Зоя?.. Ты ж не Лі-Лі, ты дарослая, разумная жанчына...

— Дык Лідзія Паўлаўна і дала пісталет мне, а не Лі-Лі. Мы зайшліся да яе, а тут званок у дзверы — міліцыя! Лі-Лі адчыняць пайшла, а Лідзія Паўлаўна сунула мне пісталет у сумачку: “Схавай, у цябе шукаць не стануць...”

— Ну і выкінула б яго к чортавай мацеры!..

— Яна схаваць дала, а не выкінуць! А назаўтра з’ехала...

— Куды?

— Не ведаю, куды. Ніхто не ведае. Мяне тут не было назаўтра, Лідзія Паўлаўна прынесла Лі-Лі ключы ад кватэры і папрасіла, каб мы сабаку паглядзелі, пакуль яна вернецца.

Ускочыўшы з ложка, я ўжо не бачыў нават таго, што Зоя голая...