Выбрать главу

Я зноў не расшалопваў.

— А чым Азія горшая за Еўропу?

— Нічым. Толькі яна Азія. І Расія са сваёй азіятчынай як спрадвеку Еўропу падманвала, так і падманваць будзе...

Я падумаў тады, што калі-небудзь за такія геаграфічныя даследаванні ён абавязкова акажацца, як і бацька ягоны, у самай, што ні на ёсць, Азіі... А вось жа не: сядзіць у хаце на тым жа стыку...

Дзверы ў палову дома, якую займаў Алесь, былі наросхрыст, і цераз сені відаць было, што Крабіч не адзін — з братам-міліцыянтам. Ну, можа, яно і да лепшага: мне што ў Еўропе, што ў Азіі патрэбныя зараз свае міліцыянты.

Браты — зразумелая рэч: вечар, Еўропа, надвор’е някепскае — сядзелі і пілі. Заадно гулялі ў шахматы.

— Здароў, каб над табой поп зароў... — гасцінна адгукнуўся на маё прывітанне Крабіч, які званіў мне ўчора ўраніцы і прасіў дапамагчы. — Закуску прынёс?.. У нас есці няма чаго.

Брат прыпадняўся.

— Я скокну да сябе, гляну яшчэ ў халадзільніку...

— Сядзі, Сяржук, — спыніў яго Крабіч. — Чаго глядзець, глядзелі ўжо... Шахматамі загрызем. Канём вунь, ці сланом — столькі мяса.

— Я не піць, Сяргей, — сказаў я брату. — Па справе.

— Піць і ёсць справа, — нагой падсунуў мне задэль Алесь. — І Сяржук, а не Сяргей!.. Табе колькі ўдзяўбешваць, што ў беларусаў свае імёны, а не маскальскія!..

— Беларускаму менту і рускае імя не ў падлу, — сказаў міліцыянт.

— Тады і прозвішча змяні, — буркнуў Крабіч. — Крабічавым запішыся. А лепш Крабінсонам, калі такі хітры...

Брат нічога на гэта не адказаў, толькі плячамі, як на дурату, паціснуў — і Крабіч, які быў яўна не ў настроі, перакінуўся на мяне.

— Ну, з чым прыйшоў? Амністыя мне?..

Напускное, паказное нахабства ягонае нічым не адрознівалася ад нахабства натуральнага.

— Піздзец табе, а не амністыя, — сказаў я, сядаючы, і спытаўся ў брата. — Колькі даюць за спробу наўмыснага?..

Міліцыянт адказаў, не задумваючыся:

— Колькі захочуць...

— Не ўгаварыў жыда? — з тым жа нахабствам, але з нахабствам заклапочаным спытаў Крабіч.

— Росцік не пры чым, ён не пісаў ніякай заявы. Шыгуцкі даў ход тваёй справе.

— Тады сапраўды піздзец, — падняў і паставіў пешку, не пахадзіўшы, брат-міліцыянт. — Шыгуцкі — сіла.

— У цябе конь пад боем, мудзіла! — ткнуў пальцам у дошку Крабіч. — Падла... А парыліся разам, пілі... — Крабіч падсунуў да мяне шклянку. — Будзеш?

— Не.

— Ну, не пі... — Алесь наліў сам сабе і, не запрашаючы брата, выпіў. — Выходзіць, дарма я Росціку патыліцу праламаў, Шыгуцкаму трэба было...

Брат глянуў на яго і крутнуў галавой. Наўрад ці з-за гарэлкі... Выглядаў ён рашучым, і я спытаў:

— Вы следчага Патапейку ведаеце?

— З большага. Мы ў розных службах.

— А ведаеце каго-небудзь, хто яго добра ведае?

— Можна знайсці...

— Пашукайце... Трэба спаткацца з ім праз некага са сваіх, каб з даверам...

Я, зразумела, думаў пра сябе, прымроіўшы раптам нейкі шанс на тое, што Патапейка, якога гэбэшнікі, забраўшы ў яго справу, адсунулі ўбок, мог і пакрыўдзіцца... А ўжо хто-хто, а ён дакладна ведаў, што Ігара Львовіча я не забіваў.

Сяргей думаў пра брата.

— Калі за гэтым Шыгуцкі, дык без толку... Што ў міліцыі, што ў пракуратуры ад аднаго прозвішча ягонага калоцяцца.

Крабіч загрыз гарэлку цыбулінай, цалкам цыбуліну без хлеба згрыз — і хоць бы паморшчыўся, ці слязіна выступіла...

— Ты чаго на вы да яго, да мента паганага?.. На хрэна наогул ён у ментах мне здаўся, калі дапамагчы не можа!..

Сяргей пахадзіў канём.

— Калі б не я, ты б даўно ўжо сядзеў. І шах табе ад майго каня пад боем...

Яны былі зусім не падобныя адзін на аднаго, гэтыя браты, брат-каталік і брат-гугенот. Для мяне куды лепей было б, каб Сяржук быў Алесем, а Алесь Сержуком.

— Красевіч табе прывітанне перадаваў, — сказаў я Алесю.

— Пайшоў ён...

— Чаго так?.. Ён жа прызнаўся табе, што любіць нацыяналістаў.

— Затое я не люблю.

— Каго?

— Нацыяналістаў!

Тут нават брат-міліцыянт здзівіўся:

— Во!.. А як сябе любіў.

Крабіч адышоў каралём.

— Сябе я люблю, хто мяне яшчэ палюбіць? І ёсць за што... А іх за што любіць?.. Ва ўладзе былі — здалі ўладу! Беларусь прасралі! Вольную прасралі Беларусь! Зноў кінулі пад маскалёў — і разбегліся, як пацукі!..

Ён проста бег мне насустрач...

— Ты ж з імі быў... — пачаў я, але Крабіч не даў дагаварыць.

— Ты ж з імі быў! А з кім быць было? Гэта ў вершах паэт адзін, як воўк, а ў жыцці трэба быць з некім! З братам, з табой, ці яшчэ з кім!.. Чаго я ў гэтым сярлівым Саюзе пісьменнікаў?..

— Бо сам сярун, — сказаў брат. — Зноў шах табе.